Ашмянцы прымаюць удзел у конкурсе на канале "Культура" Беларускага радыё

10.11.2016

По сообщению osh.by ("Ашмянскi веснiк")

Вучні сярэдняй школы №1 Мікіта Мароз, Кацярына Асмольская, Ян Віткоўскі, Лізавета Рубан і вучань сярэдняй школы №2 Антон Плявака прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе "Паэтычны ветразь".

Спаборніцтвы прымеркаваны да Года культуры і 15-годдзя канала "Культура" Беларускага радыё, які, уласна, і з’яўляецца арганізатарам конкурсу. Прысвечаны "Паэтычны ветразь" юбілеям класікаў беларускай літаратуры Кандрата Крапівы і Максіма Багдановіча. Менавіта іх творы прагучалі з вуснаў вучняў.

Жаданне паўдзельнічаць у конкурсе выказалі 156 канкурсантаў (74 - у малодшай узроставай групе і 82 - у старэйшай) з розных куткоў Беларусі.

На працягу лістапада на радыёканале "Культура" ў праграме "Мэры Попінс" арганізуецца трансляцыя запісаных выступленняў удзельнікаў. За іх можна прагаласаваць падчас эфіру (па буднях з 16.05 да 17.00 і ранкам наступнага дня з 10.05 да 11.00), даслаўшы СМС на кароткі нумар 7755 (паслуга платная). СМС-галасы суміруюцца з галасамі на сайце канала "Культура". Той, хто стане лепшым па выніках абодвух галасаванняў, будзе запрошаны на фінал конкурсу.

Конкурсныя эфіры пачаліся ў аўторак, 8 лістапада, у 16.05. Пасля таго, як усе канкурсанты прагучаць у эфіры "Мэры Попінс", іх яшчэ раз можна будзе праслухаць на сайце канала "Культура" radiokultura.by. Галасаванне на сайце будзе адкрыта з 1 па 7 снежня.

Дапаможам ашмянцам перамагчы ў спаборніцтвах, дашлём свой голас альбо пакінем яго на сайце radiokultura.by!

Людміла КОЗЕЛ.