Асаблiвасцi нацыянальных адбораў

14.01.2005
“Звязда” (дадатак - газета “Чырвоная Змена”), 14 студзеня 2005 г.


А як у iх?
Насуперак усiм прагнозам, што “Еўрабачанне” ў 2005 годзе ператворыцца ў “Iнтэрбачанне” i на яго звернуць увагу краiны Азii, Амерыка ды Аўстралiя, за межы Еўропы конкурс так i не выйшаў. Удзел адразу ў фiнале па вынiках мiнулага года сабе забяспечылi краiны так званай “вялiкай чацвёркi” - Iспанiя, Германiя, Францыя, Вялiкабрытанiя, i краiны, якiя занялi першыя 10 месцаў: Украiна, Сербiя i Чарнагорыя, Грэцыя, Турцыя, Кiпр, Швецыя, Албанiя, Боснiя, Расiя i Мальта.
Удзельнiкамi паўфiналу сталi 26 краiн. Сюды трапiлi аўтсайдары фiналу - Харватыя, Македонiя, Польшча, Румынiя, Iсландыя, Галандыя, Аўстрыя, Бельгiя, Iрландыя, Нарвегiя. Плюс краiны, якiя ўвогуле не прайшлi ў 2004 годзе ў фiнал: Iзраiль, Эстонiя, Данiя, Фiнляндыя, Партугалiя, Лiтва, Латвiя, Андора, Беларусь, Манака, Славенiя, Швейцарыя. I навiчкi: Балгарыя, Малдова, Венгрыя, Лiван (Чэхiя ў апошнi момант адмовiлася ад удзелу). З гэтай колькасцi ў фiнал трапяць 10 лепшых.
Як бачым, агульныя, усталяваныя еўрапейскiм вяшчальным саюзам правiлы год ад году практычна не мяняюцца. Затое краiны-ўдзельнiцы ў iмкненнi прадставiць сапраўды лепшае з наяўнага штогод закручваюць хто маштабныя праекты, хто незразумелыя iнтрыгi; адны выбiраюць спачатку выканаўцу, другiя - адразу песню. Так, асаблiва вызначылася сёлета глабальнасцю падыходу Украiна. Напачатку колькасць жадаючых праспяваць на “Еўрабачаннi” складала фантастычную лiчбу ў некалькi тысяч. Пасля адбору строгага журы - у яго склад уваходзяць прадстаўнiкi колiшнiх канкурсантаў Аляксандра Панамарова i Русланы Лыжычко - чарга паменшылася. З лiстапада на суд гледачоў арганiзатары адбору пачалi выносiць 15 паўфiналаў, па 5 песень у кожным. На 27 лютага прызначаны фiнал з 15 песень (мiж iншым, месцейка ва ўкраiнскiм фiнале сабе ўжо “заслупаваў” беларускi гурт “Харлi”. Дробязь, а прыемна). А вось Кiпр са сваiм прадстаўнiком ужо вызначыўся: 1 лютага Канстанцiнас Хрыстафору выканае 4 песнi, з якiх будзе адабрана найлепшая. Гэтаксама назвалi iмёны сваiх канкурсантаў Албанiя (Ледзiна Села), Андора (Марыян ван дэ Валь), Швейцарыя (“Ванiла Нiнья”)i Лiван (Алiн Лахуд). У поўнай сакрэтнасцi трымаюць акалiчнасцi i правiлы адбораў Расiя, Грэцыя, Румынiя, Партугалiя i Венгрыя. Самы познi нацыянальны адбор будзе ў Iрландыi: тут назавуць iмя канкурсанта 17 сакавiка, пры тым, што ўжо 21 сакавiка дэлегацыi краiн-удзельнiц збiраюцца ў Кiеве для правядзення жараб’ёўкi i вызначэння парадкавых нумароў, пад якiмi будуць выступаць выканаўцы.
Надзвычай цiкава, якiя розныя крытэрыi ў краiн-удзельнiц для вызначэння “лепшага-найлепшага”. У Iспанii стартуе так званая “аперацыя “Трыумф”, нешта накшталт праграмы “Алё, мы шукаем таленты!”, толькi на агульнанацыянальным узроўнi. Тэарэтычна трапiць у промнi славы можа кожны жадаючы - былi б талент i харызма. У Швейцарыi, наадварот, падыход вельмi жорсткi: да адбору дапускалiся толькi тыя выканаўцы, чые песнi дасягалi топ-50 нацыянальных хiт-парадаў, да таго ж неабходна было мець як мiнiмум адзiн альбом i адзiн клiп. Няньчыцца з безыменнымi выканаўцамi тут нiхто нiколi не збiраўся - стаўка рабiлася на “раскручанасць” i прафесiяналiзм. Македонiя чамусьцi перастрахавалася i выбрала вельмi складаную сiстэму: на першым этапе 16 прафесiяналаў называюць кожны па 8 выканаўцаў, 6 з якiх трапяць у другi тур, а там гледачы i журы пакiнуць толькi двух чалавек. У фiнале гэтыя канкурсанты прадставяць па 4 песнi, лепшая з якiх - разам з выканаўцам - i паедзе на “Еўрабачанне”. Не апошнюю ролю ў нацыянальных адборах iграе моўнае пытанне. Так, у Бельгii перавага будзе аддавацца песням на французскай мове, а ў Данii толькi сёлета адменена правiла выканання конкурснай кампазiцыi выключна на дацкай мове. Упершыню дапусцiла прыцягненне “легiянераў” Латвiя, запрасiўшы на адбор некалькi замежных аўтараў...
Дзесьцi адборы ўжо завершаны, дзесьцi толькi пачынаюцца. А вось скандалы вакол “Еўрабачання” ў многiх краiнах не зацiхалi, здаецца, нiколi. У той жа Украiне частка канкурсантаў, у тым лiку адна з фаварытак Анi Лорак, парушылi асноўнае патрабаванне адбору: песня не павiнна быць камерцыйным чынам рэалiзавана i тым больш распаўсюджана на любых носьбiтах да 1 кастрычнiка. На гэты конт украiнскiя СМI нават правялi спецыяльнае журналiсцкае расследаванне i высветлiлi, што такiх парушальнiкаў сярод паўфiналiстаў даволi многа. Праўда, рэакцыi ад арганiзатараў нацыянальнага адбору пакуль што няма нiякай.
Не абмiнулi закулiсныя “разборкi” i Расiю. Цiкавасць глядацкай аўдыторыi да “Еўрабачання” тут, мiж iншым, знiзiлася як нiколi, i прычына таму не толькi незайздросныя вынiковыя месцы расiйскiх канкурсантаў. Проста ГРТ чамусьцi робiць усё, каб прадэманстраваць сваё паблажлiвае стаўленне да конкурсу, маўляў, гэта справа местачковая i для нас зусiм не значная (як iнакш можна патлумачыць, што ў мiнулым годзе краiну прадстаўляла спявачка Юля Савiчава, якая не перамагла нават ва ўнутрырасiйскiм тэлевiзiйным праекце?). Апошнiя 8 гадоў у Расii ўвогуле не праводзiцца адкрыты нацыянальны адбор, а прэтэндэнты на мiсiю «парваць Еўропу», мякка кажучы, здзiўляюць. А пасля заканамерных вынiкаў “бойкi” - хоць народная мудрасць i раiць кулакамi ў гэтым выпадку не махаць - аўтарытэтныя эксперты збiраюцца ў тэлестудыi, каб чарговы раз пагаварыць аб запалiтызаванасцi “Еўрабачання” i прычынах, па якiх Еўропе не выгадна перамога Расii. Да тэлефоннага галасавання наша ўсходняя суседка прыйшла толькi ў мiнулым годзе (дагэтуль ацэнкi выстаўлялi зноў жа эксперты), а трансляцыю паўфiналу расiянам абяцаюць паказаць сёлета. Быць можа. Прыхiльнiкi конкурсу робяць стаўкi, каго ГРТ прызначыць поп-iдалам на гэты раз. Чуткi ходзяць самыя розныя: называюць як кандыдатуры фiналiстаў рэалiцi-шоу (часта ўзгадваюцца iмёны пераможцаў “Фабрыкi зорак-5” Вiкторыi Дайнека, Руслана Масюкова i Наталлi Падольскай), так i прадзюсарскiя “прадукты” (Настасся Стоцкая, Дзiма Бiлан, “Звери”), а таксама прэтэндэнты паводле версii Iнтэрнэт-галасавання членаў клуба аматараў “Еўрабачання” (Варвара, Жасмiн). Зрэшты, тэлеканал-арганiзатар можа зноў усiх здзiвiць i вылучыць, напрыклад, Андрэя Данiлку, ён жа Верка Сярдзючка (з украiнскага нацыянальнага адбору, дарэчы, спявак вылецеў яшчэ напачатку).
А Беларусь... Не без праблем i ў нас. Мала таго што тэлефонныя лiнii для галасавання зноў былi катастрафiчна перагружаныя i недасягальныя, дык яшчэ як мiнiмум адна з фiналiстак была вядома загадзя. Кажуць, менавiта таму многiя выканаўцы “з iмем” не падавалi i нават не збiралiся падаваць заяўкi на ўдзел у конкурсе. З iншага боку, лепш ужо лiчыць так, чым ведаць, што ў 10-мiльённай Беларусi проста няма каму выступiць на “Еўрабачаннi”, а нашы мясцовыя “зоркi” адкрыта распiсалiся ва ўласным непрафесiяналiзме. Затое - i гэта адзначаюць многiя замежныя назiральнiкi - хутка вырас прафесiяналiзм арганiзатараў. Белтэлерадыёкампанiя першай з усiх вяшчальнiкаў краiн СНД стварыла якасны i iнфарматыўны спецыялiзаваны сайт, прысвечаны “Еўрабачанню”. У любым выпадку, скептычна абвяшчаць, што мы прайграем i будзем на пэўны час дысквалiфiкаваныя, пакуль што заўчасна. Пажывём - пабачым... А што яшчэ застаецца, акрамя як глядзець?

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.