Арыгінальны "дублікат" Анастасіі Слуцкай

04.01.2003
"Культура", 4 - 10 студзеня 2003 г.


Яшчэ не выйшаў на экраны фільм рэжысёра Юрыя Ялхова "Анастасія Слуцкая", а актрыса Святлана Зелянкоўская ўжо сыграла галоўную ролю ў фільме "Зямлі нашай светлае імя" - ролю княгіні Анастасіі Слуцкай! Так-так, акурат напрыканцы мінулага года - 31 снежня, адразу пасля "Панарамы" - агенцтва тэлевізійных навін Першага нацыянальнага тэлеканала прапанавала сваім гледачам унікальную магчымасць - сустрэцца з Анастасіяй Слуцкай яшчэ да выхаду на экраны самога фільма.

Прынамсі, гэта - не ролік-прэзентацыя будучага фільма, не "нарэзка" з адзнятых кінематаграфістамі кадраў і не кіно пра кіно, а адмыслова створаны 30-хвілінны відэафільм, асноўнаю ідэяй якога сталася асэнсаванне падзей 2002 года праз прызму мінулых стагоддзяў. I тое, што ў галоўнай ролі перад гледачамі паўстала Анастасія, цалкам натуральна: само з'яўленне яе таксама адна з важнейшых культурных падзей сышоўшага года.
Ні сцэнарый, ні рэплікі тэлевізійнага відэафільма не з'яўляюцца працягам ці паўтарэннем беларусьфільмаўскай стужкі. На тэлеэкране Анастасія нібыта ўжо завяршыла свае ратныя подзвігі і цяпер разважае пра будучыню сваёй зямлі і беларускага народа. I на фоне яе філасофскіх разваг-прагнозаў - тыя значныя культурныя падзеі і акцыі, якія азнаменавалі сабою год 2002. Дарэчы, гэта - унікальны выпадак, калі ўпершыню на беларускім тэлебачанні ў відэафільме злучыліся мастацкія здымкі і дакументальныя. Да таго ж, АТНаўская Анастасія, у адрозненне ад беларусьфільмаўскай, размаўляе не на рускай, а на сваёй роднай, беларускай мове, што падалося для аўтараў фільма Людмілы Кавалёвай і Міхася Равуцкага прынцыповым, прычым, максімальна прыбліжанай да асаблівасцей маўлення XVI стагоддзя.
Здымкі відэафільма праходзілі ў раёне Цнянскага вадасховішча, а таксама ў Музеі-сядзібе Ваньковіча. Цнянка сталася ці не сотай агледжанай "натурай", дзе нарэшце не было відавочных слядоў цывілізацыі - слупоў, высакавольтных правадоў і да т.п. Музейныя ж інтэр'еры сталіся адпаведным атачэннем, здольным перадаць хараство касцюмаў Анастасіі, яе кароны і аксесуараў, створаных з паўкаштоўных і рэдкіх камянёў. Дарэчы, касцюмы, створаныя "Беларусьфільмам" і прадастаўленыя для гэтага відэапраекта, разлічаныя на летнія здымкі. Тут жа Анастасія разважала-філасофствавала пры 10 градусах ніжэй нуля, у лёгенькіх строях альбо ў "нялёгкай" 30-кілаграмовай кальчузе. У часе стужкі АТН Анастасія Слуцкая пяць разоў мяняе ўласныя строі, прычым некаторыя з іх, як расказала мастак па касцюмах Алена Ігруша, так і не былі скарыстаныя на "вялікіх" здымках. Гэткае супрацоўніцтва кінематаграфістаў і тэлэвізійшчыкаў для апошніх сталася вельмі прыемным, бо дапамога ў прадастаўленні касцюмаў, якія практычна ўжо былі адпраўлены на склад, паслуг грымёраў і да т.п. дала магчымасць стварыць па-сапраўднаму мастацкі твор, а не звычайную "відэапародыю".
Бадай, складаней за іншых было самой Анастасіі Слуцкай - актрысе Святлане Зелянкоўскай. Калі для астатніх яна - абагулены вобраз-сімвал жанчьшы-абаронцы, для Святланы Анастасія - гэта надзвычай канкрэтны персанаж, са сваёй "кіношнай" гісторыяй, са сваімі звычкамі, поглядамі. I таму надзвычай важна было "не выйсці з вобраза", паказаць інтэлект і развагі менавіта "той" Анастасіі, якая праз некалькі месяцаў выйдзе на шырокі экран. I, разам з тым, не абмяжоўваючыся мінуўшчынай, сягнуць у нашу сучаснасць, спрабуючы намацаць у ёй культурныя "стрыжні" нацыі.
I яшчэ. Магчыма, калі на кінаэкраны выйдзе "першапрычына" - сам фільм "Анастасія Слуцкая", гледачы з цікавасцю яшчэ раз паглядзяць і АТНаўскі відэафільм, які, хочацца спадзявацца, набудзе тады яшчэ больш глыбокія гісторыка-культурныя паралелі з нашай сучаснасцю.

Таццяна КОМАНАВА.