Артыстычная міна

05.08.2016

"Звязда"

Да верасня ў эфіры тэлеканала Беларусь-3 будуць ісці паўторы праграмы Размаўляем па-беларуску.

Многія тэлевізійныя праграмы разам са сваімі стваральнікамі летам адпачываюць. Тэлевізійны варыянт гульні Размаўляем па-беларуску - таксама. Таму да верасня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 3" будуць ісці паўторы папулярнай праграмы. Але ж стваральнікі паклапаціліся пра тых, хто не збіраецца прыпыняцца ў вывучэнні беларускай мовы і падрыхтавалі арыгінальныя версіі друкаваных выпускаў.

Ці ведалі вы, што:

фраза мінаю намагаць мае два значэнні.

Па-першае, мінаю намагаць - значыць рабіць выгляд стараннасці. Так, калі хтось робіць імітацыю бурлівай дзейнасці, пра гэтага чалавека па-беларуску скажам: Ён толькі мінаю намагае. Расіяне ў такіх выпадках любяць згадваць блыху, якая выхвалялася, што разам з канём арала: маўляў, и мы пахали.

Па-другое, мінаю намагаць - гэта яшчэ ўздзейнічаць на некага выглядам, выразам твару, паставаю. Ён так намагаў мінаю, што пан глядзеў, глядзеў ды як зарагоча. Так, мінаю намагаць - значыць мець артыстычныя здольнасці, пэўную харызму, каб умець, па-руску кажучы, заговаривать зубы. Такім чынам, мінаю намагаць - гэта рабіць выгляд стараннасці альбо ўплываць на кагосьці з карысцю для сябе.

Для тых, хто разважае пра свой удзел у тэлевіктарыне, нагадаем: для гэтага неабходна зайсці на сайт tvrgоmеl.bу або 3bеlаrus.bу і праз банер Размаўляем па-беларуску запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Паўторы выпускаў тэлевіктарыны - у ранішнім эфіры "Беларусь 3" кожную суботу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.