"Аргенцінская раніца", "Невядомае аб вядомым", "Следам за сонцам"...

29.08.2007
"Звязда", 29 жніўня 2007 г.


Чым парадуюць слухачоў каналы і радыёстанцыі Беларускага радыё ў новым сезоне
У першы дзень восені каналы і радыёстанцыі Беларускага радыё адкрываюць чарговы сезон, а значыць, слухачоў чакаюць розныя сюрпрызы. Эфір напоўняць новыя арыгінальныя праекты, а сталыя ўпадабаныя перадачы будуць гучаць крыху па-іншаму. Сеткі вяшчання адноўлены на трэць. Паводле вынікаў творчага конкурсу на сезон 2007-2008 было адабрана 436 праграм, што на 100 перавышае леташні эфір. Каналы і радыёстанцыі Беларускага радыё не спыняць супрацоўніцтва з радыёкампаніямі краін СНД, Еўропы, Лацінскай Амерыкі і вядучымі рэспубліканскімі СМІ.

Першы нацыянальны канал
Аснову сеткі складаюць інфармацыйныя і аналітычныя праграмы, палітычныя каментарыі, каб знаёміць слухачоў з асноўнымі падзеямі ў палітычным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці краіны. Навіны Беларусі і замежных дзяржаў будуць паведамляцца аператыўна - на пачатку кожнай гадзіны. Хранаметраж штодзённай інфармацыйна-аналітычнай праграмы "Падзеі: факты і каментарыі" і выпускаў "Навін планеты" павялічаны: іх дапоўнілі дадатковыя інфармацыйныя выпускі "Падзеі новага дня".
У эфіры з’явяцца новыя праекты: аналітычныя праграмы "Тыдзень краіны" і "На парадку дня", "Прававы аспект" (для тых, хто хоча павысіць сваю прававую культуру), дыскусійная перадача "За і супраць" (абмеркаванне розных пунктаў гледжання па актуальных пытаннях палітыкі, эканомікі, культуры і г. д.), "Кніга скаргаў" (прамая лінія са слухачамі). У сетцы вяшчання захаваны самыя папулярныя аналітычныя праграмы: "Дыялог", "Прамая лінія", "Палітыка", "Без бар’ераў", "Актуальны мікрафон", "Беларусь-Расія: грані станаўлення Саюзнай дзяржавы", "Акцэнты", "Радыё.BY", "Беларусь і свет", "Дэмакратыя - улада народа".
Вялікая ўвага ў новым сезоне будзе па-ранейшаму нададзена рэалізацыі дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі: гэтай тэматыцы прысвечаны спецыялізаваныя праекты "Сельская раніца", "Беларуская вёска. Час адраджэння", "Падвор’е". Маладзёжная праграма "Адкрытая пляцоўка" дапоўнена суботнім выпускам "Маладзёжны форум" і нядзельным - "Радыёхіт". Пытанні рэалізацыі маладзёжнай палітыкі таксама будуць асвятляцца ў тэматычных перадачах "Выбірай жыццё" і "Краіна талентаў".
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё падрыхтаваў шмат новых музычных праграм: "Сустрэчы з песняй", "Імправізацыя", "Анталогія раманса", "Музыка для ўсіх", "Зоркі замежнай эстрады", "Музыка кіно", "Песня і паэзія", "Рэтра", "Любімыя мелодыі", "Гучаць народныя інструменты", "Аўтарская песня" і іншыя. Слухачоў і надалей будуць радаваць штодзённая музычная праграма па заяўках "Вітаем, віншуем, жадаем!" і "Армейская пошта" (праграма для вайскоўцаў). Таксама працягнецца стварэнне тэатральных радыёпастановак у рамках праекта "Тэатр Беларускага радыё".

Радыёстанцыя "Беларусь"
Радыёстанцыя "Беларусь" зрабіла істотны рывок у творчым і тэхнічным плане і ў новым сезоне павялічыла аб’ём эфірнага вяшчання з 9 да 16 гадзін за суткі. На суд слухачоў вынесены шэраг новых перадач: "З першых вуснаў" (каментарыі па найбольш актуальных пытаннях унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь), "З парламенцкай залы", "Сацыяльнае партнёрства" (аб супрацоўніцтве грамадскіх арганізацый з дзяржаўнымі інстытутамі), "Аграрны сектар", "Беларуская мадэль развіцця", "Людзі і лёсы" (пра суайчыннікаў за мяжой), "Alma Mater" (пра дзяржаўную палітыку ў сферы вышэйшай адукацыі, магчымасці і ўмовы паступлення ў беларускія ВНУ замежных грамадзян), "Беларускі хай-тэк", "У свеце беларускай літаратуры", "З "залатога фонду" Беларускага радыё" (лепшыя музычныя творы з фондаў радыё) і г. д.

Канал "Культура"
Канал аднавіў праекты "Музычны калаж", "У антракце", "Стоп-кадр", "Кругасветнае падарожжа", "Музычная калекцыя", "Дыялогі аб культуры". Фонды Белтэлерадыёкампаніі папоўняцца новымі музычнымі і літаратурнымі творамі беларускіх і замежных аўтараў, якія будуць гучаць у перадачах "Літаратурная анталогія", "Майстар-клас", "Канцэртны сезон", "Усе канцэрты", "Жывая музыка". Застанецца ў эфіры праект Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза "Еўропа музычная". Сярод 19 новых праектаў канала "Культура" - праграма "Маёй радзіме" (маналог вядомых дзеячаў культуры пра сваю малую радзіму), "Невядомае аб вядомым" (інфармацыйна-музычная праграма пра цікавыя падзеі, факты, з’явы), "Культурная эвалюцыя" (інтэрактыўная дыскусія наконт выхавання гарманічнай асобы), "Варыяцыі на тэму" (музычна-забаўляльная праграма на зададзеную тэму з інтэрактывам), "Следам за сонцам" (пра традыцыйныя беларускія абрады і святы), "Люстэрка" (музычна-забаўляльная праграма аб модзе), "Марыліны вандроўкі" (пра турыстычныя маршруты Беларусі). "Зялёны абажур" (партрэт творчай асобы), "Дапаможам дзецям" (сацыяльная праграма) і іншыя.

Радыёстанцыя "Сталіца"
У новым сезоне прапануе новую інфармацыйна-аналітычную праграму "Пункт адліку", у якой будзе аналізавацца працэс рэалізацыі найважнейшых напрамкаў палітыкі дзяржавы. Цікавым для слухачоў абяцае быць праект "Землякі", які распавядзе пра жыхароў сталічнага рэгіёна.

Радыёстанцыя "Радыус-FM"
Лідар FM-вяшчання сярод гарадскога насельніцтва Беларусі ў новым сезоне прапануе 11 новых праектаў, астатнія праграмы выйдуць у эфір у адноўленым выглядзе. Павялічыцца інфармацыйна-аналітычнае вяшчанне: па буднях з 16.00 да 17.00 у прамым эфіры будуць выходзіць розныя ток-шоў: у аўторак - "Сутнасць пытання", у сераду - "Наш погляд", у чацвер - "Карысны час", у пятніцу - "Буйны план". У рамках гэтых праектаў "Радыус-FM" плануе запрашаць экспертаў і слухачоў да абмеркавання самых актуальных пытанняў з розных сфераў жыцця. Слухачы змогуць выказваць сваё меркаванне з дапамогай тэлефонных званкоў, SMS-паведамленняў, электронных лістоў. У новым сезоне стартуе новы праект "Аўтапілот". Кожны вечар па буднях з 17.00 да 19.00 іранічны Глеб Марозаў прапануе слухачам расслабіцца напрыканцы рабочага дня і зірнуць на праблемы з гумарам і аптымізмам. Не менш папулярны ды-джэй Аляксандр Барсаў стане вядучым новага праекта "РэтраСФЕРА": гэта цыкл праграм-настальжы, кожная з якіх прысвечана асобна ўзятаму году. Разам з госцем студыі (зоркай беларускага шоў-бізнэсу) слухачам прапануецца ўзгадаць самыя яркія і цікавыя моманты нашага жыцця, а таксама паслухаць музыку таго часу. У новым сезоне ранішняе шоў будняга дня будзе весці пара ды-джэяў Уладзімір Богдан і Юлія Майская. Для тых, хто збіраецца на працу ці ўжо ў дарозе, "Радыус-FM" прапануе добрую порцыю навінаў і захапляльную інфармацыю. Напрыканцы шоў - конкурс на веданне музычных твораў. Па выхадных днях "будзіць" радыёслухачоў будуць Арсеній Сядоў і Ганна Гардзеева. Новае ранішняе шоў "Аргенцінская раніца" - праграма для ўсёй сям’і.
Да новага сезона абноўлены і сайт радыёстанцыі www.radіusfm.by. Цяпер у карыстальнікаў - яшчэ больш магчымасцяў для зносінаў: пачаў работу форум радыёстанцыі, які ўжо зараз карыстаецца неймавернай папулярнасцю, пастаянна праводзяцца інтэрактыўныя апытанні, конкурсы, віктарыны. Праз сайт www.radіusfm.by можна перадаць SMS-прывітанне сябрам ці пытанне любімаму вядучаму.

Ірына ПРЫМАК.