Арганізатары "Еўрабачання" заклікаюць да аб'яднання

26.01.2016

"Звязда"

"Come together!" - пад такім дэвізам пройдзе "Еўрабачанне" ў маі 2016 года ў Швецыі. Як адзначыў генеральны дырэктар шведскага тэлеканала SVT, "гэта як ніколі важна сёння для Еўропы - сабраць людзей разам і вылучыць тое, што нас аб'ядноўвае". Літаральна ўчора ў Стакгольме адбылася прэзентацыя лагатыпа і слогана конкурсу.

Між тым са сваімі прадстаўнікамі на "Еўрабачанні" вызначылася менш за трэць краін-удзельніц сёлетняга еўравізійнага шоу. Адной з першых, дарэчы, стала Расія - яшчэ ў снежні было афіцыйна названа імя Сяргея Лазарава. А вось конкурсную песню расійскі бок дагэтуль не зацвердзіў.

Ужо назвалі сваіх музычных дэлегатаў Албанія, Арменія, Беларусь, Бельгія, Грузія, Ірландыя, Мальта, Сан-Марына, неўзабаве вызначацца таксама Балгарыя, Венгрыя, Літва, Ізраіль.

У лютым пройдуць паўфіналы нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" ва Украіне. Нагадаем, сёлета гэта краіна вырашыла вярнуцца на конкурс пасля паўзы, звязанай са складанай унутрыпалітычнай і эканамічнай сітуацыяй. Адбор, на які было даслана каля 2000 заявак, узначаліў вядомы кампазітар і прадзюсар Канстанцін Меладзэ.

Дарэчы, прыблізная чарговасць выступлення ўдзельнікаў ужо вядомая. Учора прайшла папярэдняя жараб'ёўка, якая размеркавала краіны па паўфіналах. Так, наша краіна трапіла ў першую палову другога паўфіналу - гэта значыць, што пераможца нацыянальнага адбору ІVAN, ён жа спявак Аляксандр Іваноў, выйдзе на конкурсную сцэну 12 мая. Кампанію, а разам з тым і канкурэнцыю Беларусі складуць Албанія, Аўстралія, Балгарыя, Бельгія, Данія, Грузія, Ізраіль, Ірландыя, Латвія, Літва, Македонія, Нарвегія, Румынія, Сербія, Славенія, Польшча, Украіна і Швейцарыя. У першым паўфінале, які пройдзе 10 мая, на аднаго канкурсанта менш. Спаборнічаць у ім будуць Азербайджан, Арменія, Аўстрыя, Боснія і Герцагавіна, Венгрыя, Грэцыя, Ісландыя, Кіпр, Малдова, Мальта, Нідэрланды, Расія, Сан-Марына, Фінляндыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія і Эстонія.

Цяпер у шведскай сталіцы, якая трэці раз выступае гаспадыняй "Еўрабачання", напоўніцу ідзе падрыхтоўка будучага маштабнага музычна-тэлевізійнага шоу. Дарэчы, яго з улікам эканамічнага крызісу арганізатары плануюць зрабіць яскравым і якасным, але прытым як мага больш танным - як мяркуецца, агульны бюджэт шоу не перавысіць 13,3 мільёна еўра. Пакуль жа прыхільнікі конкурсу з усяго свету імкліва раскупляюць квіткі "Еўрабачання" (кошт даступных для заказу білетаў на дадзены момант складае ад 11 да 52 еўра).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.