"Апошні герой" на вясковы лад

18.09.2015

"Звязда"

Новы сезон на тэлеканале "Беларусь 2" будзе багаты на маладзёжныя тэлепраграмы - забаўляльныя шоу і пазнавальныя перадачы, гумарыстычныя серыялы і спартыўныя перадачы…

- А рабіць нам іх дапамагае малады калектыў, - кажа генеральны прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Кірыл Казакоў. - Мы запусцілі новы інтэрактыўны праект "ПІН_КОД", у якім можна будзе зрабіць рэпартаж на хвалюючую тэму або паказаць аўтарскі відэаролік. Увогуле ж хочам адрадзіць старую традыцыю існавання на тэлебачанні нармальнай маладзёжнай праграмы без канкрэтнай прывязкі да падзей. Калісьці ў такім фармаце выходзілі выпускі "Да 16 і старэйшым", быў на беларускім ТБ і свой праект - "5х5".

Але іскрынкай новага сезона на "Беларусь 2" стане рэаліці-шоу "Панаехалі". Яно будзе своеасаблівым тэстам на выжыванне ў вёсцы для людзей, якія ўсё жыццё правялі ў горадзе.

- На сайт Белтэлерадыёкампаніі прыйшло каля тысячы анкет, - расказвае старшыня кампаніі Grееn Mеdіа Рrоduсtіоn Антон Рыжчанка. - Прызнацца, такога наплыву мы не чакалі. Сярод тых, хто падаў анкеты, былі студэнты, офісныя супрацоўнікі, прадстаўнікі шоу-бізнесу, прафесійныя спартсмены, бізнесмены, маці, якія знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, людзі, вядомыя ў інтэрнэт-прасторы… З 200 кандыдатаў, якія прыйшлі на відэакастынг, мы адабралі дзесяць удзельнікаў - 5 хлопцаў і 5 дзяўчат. Прэтэндэнт пры гэтым мусіў ніколі не жыць у вёсцы. З імі працавалі нашы рэдактары, псіхолагі. Кожны кандыдат мусіў запоўніць анкету на 4 старонкі, прайсці праз відэапробы і паўгадзінную асабістую гутарку. Героі шоу да апошняга не ведалі, куды яны паедуць. Яны прапаноўвалі розныя версіі - востраў, хутар, вёску… Выехаўшы на Вільнюскую трасу, яны шчыра думалі, што аўтобус накіроўваецца ў аэрапорт. Але дзе там! Праз 50 кіламетраў мы звярнулі з трасы - і ўсе засумавалі.

Шоу "Панаехалі" здымаецца на адным з хутароў у Валожынскім раёне. Увесь дзень канкурсанты выконваюць звычайную вясковую працу, у тым ліку і даволі брудную, кшталту ачысткі калодзежа. Раз на 2 дні яны збіраюцца каля вогнішча і вызначаюць "слабое звяно" - таго, хто працаваў горш за астатніх. Зусім як у некалі папулярным "Апошнім героі".

- Наша мэта - паказаць гараджанам, якія выраслі на асфальце, што ёсць і іншае жыццё, - працягвае Антон Рыжчанка. - Карыстацца мабільнымі тэлефонамі ці інтэрнэтам удзельнікам шоу забаронена. З імі пастаянна працуе псіхолаг. Здымачная каманда з 20 чалавек таксама жыве на месцы падзей. Здымкі вядуцца ў рэжыме нон-стоп на працягу дня. Весці шоу будзе Канстанцін Каверын. Пабачыць новы праект у эфіры можна будзе 3 кастрычніка.

Як зазначылі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, таксама ў новым сезоне "Беларусь 2" гледачы пабачаць пазнавальнае стайл-шоу "Арол і рэшка", цыкл расследаванняў "Экстрасэнсы-дэтэктывы" і навукова папулярны-праект "Разбуральнікі міфаў".

Валяр’ян ШКЛЕННІК.