Анжэлiка танчыць, вучыць англiйскую мову i збiрае дэвiзы ад прыхiльнiкаў

15.04.2005
"Звязда" (дадатак - газета "Чырвоная змена"), 15 красавіка 2005 г.


У адрозненне ад страказы, якая танчыла-спявала i тым раздражняла працавiтага мураша, прадстаўнiца Беларусi на "Еўрабачаннi-2005" у Кiеве Анжэлiка Агурбаш да працэсу конкурснай падрыхтоўкi ставiцца надзвычай адказна. Днямi для ўдасканалення англiйскай мовы i заняткаў вакалам са спявачкай прыбыла адна з самых квалiфiкаваных лiнгвiстаў Брытанii. Пахвалiўшы адоранасць i стараннасць сваёй новай вучанiцы, педагог запэўнiла, што "па заканчэннi нашых заняткаў наўрад цi хто падумае, што Анжэлiка прыехала з Беларусi - настолькi адточанай будзе яе англiйская мова".
11 красавiка, падчас прома-паездкi беларускай спявачкi на Кiпр, Анжэлiка прагледзела сцэнiчную кампазiцыю, распрацаваную грэчаскiмi харэографамi. Праўда, паводле слоў генеральнага прадзюсара i мужа спявачкi Мiкалая Агурбаша, нават калi прапанаваны варыянт будзе прыняты, кiраваць пастаноўкай нумара па-ранейшаму будзе Сяргей Мандрык, вядомы як пастаноўшчык усiх праектаў "Фабрыка зорак" i вядучы перадачы "Зорка танцпляцоўкi" на MTV. Увогуле ў камандзе Анжэлiкi зараз сабраны суперпрафесiяналы поп-сцэны - пераважна расiйскай. Напрыклад, прадзюсарам Анжэлiкi выступае Фiлiп Кiркораў (падчас прома-тура спадарынi Агурбаш у Лiтве ён нават выступаў у сваёй падапечнай "на разагрэве"!). Вакал спявачцы ставiць яшчэ адзiн "фабрычназорны" выкладчык Уладзiмiр Карабко, штатнымi мадэльерам i стылiстам працуюць мэтры Валянцiн Юдашкiн i Сяргей Звераў (апошнi фарбуе Анжэлiку ва ўсё больш светлыя адценнi згодна з патрабаваннямi шоу-бiзнэсу), на падтанцоўку ўзяты квартэт са знакамiтага балета "Рэцытал".
Конкурсная песня Беларусi "Love Me Tonight" ужо паспела прагучаць як мiнiмум у пяцi краiнах-удзельнiцах сёлетняга "Еўрабачання" i паўсюль, як пацвярджае прэс-служба Белтэлерадыёкампанii i прэс-аташэ самой Анжэлiкi Агурбаш, атрымала высокую адзнаку. Але, ведаючы, што няма межаў дасканаласцi, Анжэлiка i яе каманда працягваюць працаваць як над самой кампазiцыяй, так i над новай версiяй клiпа, а таксама над сцэнiчным iмiджам спявачкi.
Акрамя таго, у разгары конкурс на лепшы дэвiз для прома-тура Анжэлiкi Агурбаш. За першыя ж днi незвычайнага спаборнiцтва, пераможца якога трапiць у Кiеў на "Еўрабачанне", на электронны адрас agurbashpressa@mail.ru прыйшло больш за 500 варыянтаў дэвiзаў. Iх аўтарамi выступiлi жыхары Беларусi, Расii, Аўстралii, Вялiкабрытанii, Iсландыi, Мальты, Кiпра, Казахстана.
З выпадку такой актыўнасцi конкурс вырашылi прадоўжыць да 1 мая, а аўтарам лепшых дэвiзаў урачыста паабяцалi ўручыць прома-пакет спявачкi (сiнгл з конкурснай песняй, тэматычныя плакаты, паштоўкi, календары, значкi i г.д.). Паводле слоў Мiкалая Агурбаша, тэксты ўпадабаных дэвiзаў будуць перададзены некалькiм сусветна вядомым творчым дуэтам у якасцi матэрыялу для напiсання песнi. Гэту "пiараўскую" кампазiцыю Анжэлiка Агурбаш выканае ў хуткiм часе пасля заканчэння "Еўрабачання-2005". Калi, канешне, у спявачкi будуць на гэта час i сiлы - папярэдне яна настроена не менш чым на перамогу...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.