Анжэлiка i яе каманда

06.05.2005
"Звязда", 6 мая 2005 г.


Пакуль замежныя канкурсанты баразняць прасторы еўрапейскiх краiн з прома-турамi, прадстаўнiца Беларусi Анжэлiка Агурбаш умацоўвае сваю i без таго "зорную" каманду прафесiяналаў, якая павiнна зрабiць яе выступленне яркiм i феерычным.
Лiтаральна 3 мая ў абойму трапiлi музычны аглядальнiк, карэспандэнт "Московского комсомольца" Артур Гаспаран, псiхолаг з 20-гадовым стажам Святлана Шпагiна, якая "спецыялiзуецца" на душэўных праблемах багатых людзей, i фiтнэс-трэнер Таццяна Маскаева. Гэтыя людзi, як i ўся астатняя каманда, будуць суправаджаць спявачку да заканчэння конкурсу "Еўрабачанне" ў Кiеве.
Падчас прома-тура Анжэлiкi ў Балгарыi падтрымаць яе прыехаў не хто-небудзь, а легенда савецкай эстрады Бедрас Кiркораў (па сумяшчальнiцтву тата прадзюсара спявачкi). Адпаведна, прыём у гэтай краiне, як i ў Македонii, Славенii, Фiнляндыi, Iзраiлi, Кiпры, Латвii, Расii, быў самы цёплы. Анжэлiка, прымаючы камплiменты i абяцаннi "Мы будзем галасаваць за Беларусь!", не забываецца таксама пiльна сачыць за ўласным рэйтынгам у сетцы Iнтэрнэт. Так, на сайце нацыянальнага тэлебачання Швейцарыi клiп "Love me tonight" займае трэцяе месца з 9 прадстаўленых у ратацыю клiпаў канкурсантаў. Адзiн сайт "Еўрабачання" ў Данii прагназуе спявачцы 4-е месца (www.esconnet.dk), другi ставiць на 3-е (www.webvoter.net). Галандцы ставяцца да Анжэлiкi з большай прахалодай i аддаюць ёй толькi 11-е месца (www.estoday.com), славенцы - 8-е (www.soult.com), фiны - 12-е ў паўфiнале i 22-е ў агульным залiку (www.kolumbus.fi). А вось Румынiя i Iспанiя прытрымлiваюцца лепшага меркавання i вылучаюць беларускую канкурсантку на 3-е месца (www.eurovision-ro.com i www.eurovision.spain.com).
Ад такой разнастайнасцi iншы чалавек можа i заблытацца, i галаву згубiць... Толькi не Анжэлiка. Яна ўжо смела плануе будучыню. У адным з прома-iнтэрв’ю спявачка паабяцала, што будзе прадстаўляць Расiю на "Еўрабачаннi" ў 2007 годзе з песняй, спетай у дуэце. З кiм, не сказала.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.