Анжэліка АГУРБАШ: "З дзяцінства любіла наводіць дома прыгажосць"

15.03.2005
"Народная газета", 15 сакавіка 2005 г.


"Міс Беларусь", "Міс фота СССР" і "Місіс Расія-2002"... З дзяцінства гарэзлівую, самастойную ва ўсім Ліку (яе сапраўднае імя) любілі і любяць усе, хто абарачаўся і абарачаецца вакол гэтай па-ранейшаму няўрымслівай істоты. "3 самага ранняга дзяцінства я любіла выглядаць прывабна, адрознівацца ад сваіх равеснікаў, падбірала адпаведныя касцюмы і прычоскі, акаляла сябе вытанчанымі рэчамі. Мне было важна ўсё да дробязей. Увогуле я любіла наводзіць дома прыгажосць..."
Дык якая яна - тая, за плячамі каго 15 гадоў спеўна-эстраднай творчасці; тая, што прызнавалася самай прыгожай і абаяльнай жанчынай не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі; тая, хто не страчвае надзеі перамагчы ў конкурсе "Місіс Сусвету", і тая, урэшце, якая праз тры месяцы будзе абараняць гонар нашай краіны на "Еўрабачанні-2005" у Кіеве?..
Сказаць, што Анжэліка Агурбаш (ад нараджэння Ліка Ялінская) насамрэч амбіцыйная натура, значыць нічога не сказаць. Яна больш чым амбіцыйная, яна прагавітая (у лепшым сэнсе гэтага слова) да славы, вядомасці, поспеху... Яна даўно не тынэйджар, але яна - увасабленне цяперашняга пакалення моладзі, не зацемрашаленага ідэалагічнымі путамі саўковай мінуўшчыны. Яна з ліку тых нямногіх, хто зрабіў сябе сам і пры гэтым не страціў ні сумлення, ні гонару. Але і ў моцнай характарам Анжэлікі, верагодна, дзесьці там, на донцы душы, усё ж была прытоена жаночая безабароннасць. Інакш не прамовіла б яна тое, што раней сказаць не адважвалася: "Усе апошнія перамены ў маім жыцці звязаны з замужжам. Цяпер я шчаслівая жонка, паўгода таму нарадзіўся наш маленькі сын. Мой муж вядомы бізнесмэн, гаспадар фірмы "Мортадэль" Мікалай Агурбаш не толькі пакахаў мяне як жанчыну, але адразу паверыў у мяне як у асобу, у спявачку, Цяпер ён мой генеральны прадзюсер. I я неверагодна ўзрушана новым станам абароненасці, якая ўпершыню ў жыцці з'явілася ў мяне. Я заўсёды марыла пра тое, каб з'явіўся хтосьці бясконца надзейны побач, хто спачатку паверыў бы ў цябе, а потым проста павёў за руку..."
Назіраючы за тым, з якой упэўненасцю трымае сябе былая Ліка перад публікай, разумееш: яна сапраўды набыла не толькі новае сцэнічнае імя, але новае дыханне. Гэта адчуваецца падчас бясконцых інтэрв'ю, сустрэч з публікай, калегамі па шоу-бізнесу, але галоўнае - тое адчуваецца ў песнях, якія яна выконвае. І зусім натуральна, што ўся энергія спявачкі сфакусіравана зараз у адну кропку - на перамогу ў конкурсе "Еўрабачанне-2005". Прынамсі аб гэтым яна не стамляецца паўтараць на ўсіх прэс-канферэнцыях - ці то за мяжою, ці то дома, у Мінску. Дарэчы, жывучы зараз у Маскве, яна па-ранейшаму лічыць Беларусь сваёй Радзімай і таму (па яе словах) мае вялікі гонар прадстаўляць якраз нашу краіну на сцэне кіеўскага Палаца спорту ў рамках (як мінімум) паўфінала юбілейнага, пяцідзесятага па ліку, конкурсу "Еўрабачанне". I гэта не кан'юнктурны піяр-ход, а самы што ні на ёсць шчыры і адкрыты покліч душы. "Я адчуваю велізарную адказнасць, прадстаўляючы на гэтым конкурсе нашу краіну, - падкрэсліла спявачка падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску адразу пасля таго, як апярэдзіла ўсіх сваіх канкурэнтак у адборачным туры. - Мне б вельмі хацелася, каб "Еўрабачанне-2006" прайшло ў Мінску, - казала яна далей, звяртаючы ўвагу на правіла, у адпаведнасці з якім краіна, чый прадстаўнік атрымаў перамогу на "Еўрабачанні", атрымлівае права на будучы год прыняць яго ў сябе. - "Еўрабачанне" Мінску - гэта мая мара, і я зраблю ўсё магчымае і немагчымае, каб здарылася менавіта так".
Скептыкі, а такіх, зразумел хапае, могуць і далей гнуць сваё: маўляў, перамога ў "Ерабачані" для нас - пакуль што недасягальная мара; маўляў, творчыя конкурсы на Захадзе, даўно і надзейна "павянчаныя" з шоу-бізнесам (нават пры інтэрактыўным удзеле тэлегледачоў), запраграмаваны на тое, што перамагаюць у іх менавіта заходнееўрапейцы з іх адладжанай прамоўшн-сістэмай, з масіраванымі фінансавымі ўкладаннямі і... нават палітычнай заангажыраванасцю публікі, мазгі якой добра прамыты сродкамі масавай інфармацыі. I тым не менш не варта забываць, што свет стаў іншым; што "жалезнай заслоны" болей няма; што вялікія грошы далёка не заўсёды спрацоўваюць там, дзе ў наяўнасці сапраўдны талент. Успомнім яркае выступленне на мінулым "Еўрабачанні" Русланы... I потым, так званая раскрутка нашай спявачкі на гэты раз ніколькі не саступае (па маштабах, усеахопнасці, прадуманасці, прафесійнасці) сваім будучым канкурэнтам э якой бы то ні было краіны. Прычым ад самага пачатку (яшчэ ў лістападзе мінулага года) Агурбаш і яе прадзюсер узялі, што называецца, быка за рогі... Яшчэ працягвалася праслухоўванне фанаграм (разгар нацыянальнага конкурсу за права паехаць на "Еўрабачанне"), а Анжэліка ўжо займела каманду спецыялістаў, якія вялі перамовы з вядомымі ў Еўропе кліпмейкерамі. Ужо на той момант была падпісана дамова з прадзюсерам Рыкам Ноўэлсам (працаваў з Мадоннай, Шэр, Мел Сі), а таксама прынята рашэнне запісаць песню ў адной з лепшых прафесійных студый Вялікабрытаніі...
Канешне, адна справа прадэклараваць амбіцыйныя намеры, і зусім іншая - увасобіць іх у жыццё. Дык як жа на самай справе?..
Па словах спявачкі, графік яе падрыхтоўкі настолькі шчыльны, што на сон застаецца не болей пяці гадзін. Вытрымліваць яго неверагодна складана, але пакуль усё атрымліваецца. Гэта дзякуючы таму, кажа артыстка, што яе муж (ён жа і генеральны прадзюсер) пазбавіў Анжэліку ад рашэння ўсіх арганізацыйных пытанняў, і яна мае шчаслівую магчымасць займацца вакалам, фітнесам, распрацоўкай іміджа і г.д. Мікалай Агурбаш узяў нават адпачынак да 1 чэрвеня і цалкам засяродзіўся на падрыхтоўцы да "Еўрабачання". Зноў жа (са слоў Мікалая і Анжэлікі), дзеці адносяцца да бацькоўскіх клопатаў з разуменнем. Да слова кажучы, малодшаму Агурбашыку толькі-толькі споўнілася... шэсць месяцаў.
Кіпіць работа і над стварэннем касцюма, у якім Анжэліка Агурбаш выйдзе на сцэну. Улічваючы тое, што за трансляцыяй "Еўрабачання" будуць сачыць дзесяткі мільёнаў тэлегледачоў (практычна ўся Еўропа), дык зусім немалаважна, як ты будзеш выглядаць. Вось чаму над касцюмам працуюць не толькі лепшыя беларускія мадэльеры і дызайнеры - Іван Айплатаў, Наталля Сардарава, Іна і Кацярына Булгакавы, але і вядомы на Захадзе італьянскі мадэльер Раберта Каваллі.
Зраэумела, дробязей у такой справе, як падрыхтоўка да выступлення на "Еўрабачанні", не бывае. Але бессумнеўна і тое, што галоўнае ў гэтай справе - яшчэ да выступлення на самім конкурсе заявіць пра сябе на ўсю моц. I тут усё дарэчы: канцэртныя турнэ па замежжы, пракрутка музычных відэакліпаў на тэлебачанні, сустрэчы з музычнымі фанамі дзе б то ні было, прэзентацыі кампакт-дыскаў на розных радыёстанцыях і г.д. У гэтым плане ў Анжэлікі ўсё, як кажуць, "ціп-топ". Вось толькі адзін з апошніх ажыццёўленых праектаў у рамках падрыхтоўкі да "Еўрабачання"...
14 лютага Анжэліка прыбыла ў Вялікабрытанію ў суправаджэнні генеральнага і музычнага прадзюсераў. У легендарнай студыі "Аddеу Road", дзе ў свой час працавалі музыканты з групы "Веatles", прадзюсерскай групай "Rainmaker" кампаніі SВМ была ажыццёўлена аранжыроўка песні "Воуs and Girls", якую артыстка і будзе прадстаўляць у Кіеве. У гуказапісу ўдзельнічалі знакамітыя музыканты: Stbve (Bass) and Pete (Drums), Lewinson (Simply Red, Eurhythmics. Massive Attact), Keiji (Simply Red), Toby Baker (keyboards), а над тэкстам працавала вядомейшая англійская спявачкаSammy Jay. Кожны з гэтых прафесіяналаў унёс свой непаўторны ўклад у гучанне песні, а вакал нашай спявачкі напоўніў песню прыцягальнай энергіяй. Па меркаванню замежных спецыялістаў, у галіне шоу-бізнесу, атрыманы варыянт "Воуs and Girls" мае ўсе шанцы заняць лідэрства ў чартах англійскай поп-музыкі.
Непаўторны бляск песні надаў і майстэрынг сусветна вядомага Tim Young са студыі "Меtropolis". Падчас запісу спявачка дала інтэрв'ю першаму рускаму радыё Лондана, а таксама друкаваным выданням "Лонданскі кур'ер", "Лондан-інфо" і "Ледзі-інфо", якія выдаюцца ў замежжы на рускай мове. Роўна праз два дні пасля завяршэння гуказапісу адбылося першае публічнае выкананне песні ў сталіцы Шатландыі Эдзінбургу. Сам канцэрт праходзіў у Роксі Арт-Хаўс, пасля чаго спявачка атрымала запрашэнне прыняць удзел у міжнародным Эдзінбургскім фестывалі ў жніўні гэтага года.
Адначасна з творчай праграмай знаходжання ў Эдзінбургу былі і шматлікія сустрэчы Анжэлікі Агурбаш з прадстаўнікамі культурнага асяродку горада, з кіраўніцтвам мэрыі, нават з шэрагам дэпутатаў парламента Шатландыі. I ўвесь час не спынялася работа творчай групы спявачкі, кожны, як кажуць, ведаў свой манеўр... Між тым наша артыстка паспела даць інтэрв'ю ўсім цэнтральным газетам Шатландыі - газетам "Scotsman", "Edinburgh Evening News" і маладзёжнаму музычнаму часопісу. Не абышлося і без відэаздымак - за прадстаўніцай Беларусі ўважліва сачыла "аператарскае вока" мясцовай тэлекампаніі. А яшчэ культурная праграма артысткі ўключала наведванне новага і вельмі папулярнага ў Вялікабрытаніі мюзікла "Жанчына ў белым", рускага бала "Вайна і мір", прыём у мэрыі Лондана, пасля чаго Анжэліка са сваёй творчай групай вярнулася ў Маскву. Але не надоўга, бо ўжо 26 лютага яна была ў Кіеве, дзе прыняла ўдзел у адборачным туры, падчас якога павінна была вызначыцца не толькі лепшая песня, але і лепшы выканаўца. Літаральна наступным днём наша спявачка разам з 19 украінскімі прэтэндэнткамі проста цудоўна праспявала "Воуs and Girls". I што важна, перад канцэртам паспела правесці прэс-канферэнцыю для дзесяці газет, у тым ліку і для трох каналаў украінскага тэлебачання...
Яшчэ праз чатыры дні Анжэліку і яе каманду можна было сустрэць... у Грэцыі. Там яна паўдзельнічала ў адборачным канцэрце, на якім прадстаўніца Грэцыі Алена Папарызу прапанавала на суд тэлегледачоў песні трох грэчаскіх кампазітараў у выкананні спевакоў з Мальты, Андоры, Кіпра, Сербіі і Беларусі. Наша артыстка і тут выступіла бліскуча. Да таго ж было шмат інтэрвью, выступаў на рыдыё і мясцовым тэлебачанні.
Як бачым, словы са справамі ў Анжэлікі Агурбаш не разыходзяцца. Пакрысе яе імя, роўна як і песня, заваёўвае прыхільнасць у шматлікіх меламанаў па ўсёй Еўропе.
I, нарэшце, колькі слоў пра саму песню "Воуs and Girls"... "Гэта песня носіць сацыяльны характар, яна пра дзяцей, пра абарону маленства", - адзначаў Мікалай Агурбаш яшчэ да паездкі ў Лондан. Сцэнарый кліпа ўжо на той момант быў напісаны. Здымкі ж праходзілі ў чатырох краінах, былых і цяперашніх "гарачых кропках", у прыватнасці, у Босніі. "Мы спадзяёмся, - сказаў прадзюсер, - што кліп атрымаецца самай высокай якасці...
...Да пачатку "Еўрабачання-2005" у Кіеве застаецца роўна два месяцы. За гэты час, зважаючы на беспрэцэдэнтна насычаны графік падрыхтоўкі Анжэлікі і яе каманды, можна многае ажыццявіць, многае паспець. Нам жа застаецца пажадаць ёй поспехаў і ўдачы на шляху да музычнага еўрапейскага Алімпа.

Георгій ПЛАТОНАЎ.