Анастасія Віннікава: "Новая песня адлюстроўвае мой настрой!"

18.03.2011
"Звязда", 18 сакавіка 2011 г.


Днямі ў Дзюсельдорфе завяршылася жараб'ёўка краін-удзельніц песеннага шоу "Еўрабачанне-2011". Беларусі, якая выступіць ў другім паўфінале 12 мая, дастаўся шаснаццаты парадкавы нумар.
Літаральна ў апошні момант беларусы змянілі конкурсную песню. На сустрэчу кіраўнікоў нацыянальных дэлегацый "Еўрабачання", дзе прадстаўнікі 43 краін-удзельніц павінны былі падаць фінальныя версіі сваіх песень, беларуская дэлегацыя прывезла ўжо новую песню, а таксама зняты на яе кліп. Замест "Bоrn іn Bіеlоrussіа" Анастасія будзе выконваць "І lоvе Bеlаrus". Кампазіцыю напісалі Яўген Алейнік і Святлана Гераськава.
- Песня для "Еўрабачання" павінна адгукацца ў сэрцах слухачоў, - дзеліцца развагамі аўтар песні Яўген Алейнік. - Тэма самавызначэння востра стаіць для многіх еўрапейскіх народнасцяў. Менавіта таму мы напісалі песню пра Беларусь. Спадзяюся, што людзі падтрымаюць нас у нашым імкненні распавесці пра сваю краіну і прагаласуюць "за".
У новай песні ўвесь час гучаць цымбалы. Аўтары спадзяюцца, што такім чынам ім удалося падкрэсліць этнічныя матывы Беларусі. Да таго ж, як прызнаецца Яўген Алейнік, цымбалы - нацыянальны інструмент не толькі Беларусі, але і Малдовы, Румыніі і яшчэ шэрагу краін, якія выступаюць у нашым паўфінале. А гэта, на думку кампазітара, можа даць дадатковыя шанцы беларусам для выхаду ў фінал.

Разынка Беларусі - у цымбалах? 

За апошнія два тыдні абмеркаванне конкурснай песні Беларусі (а цяпер і кліпа) збірае бурныя дыскусіі на форумах і ў сацыяльных сетках. Дайшло нават да параўнання Анастасіі Віннікавай з немкай Ленай Маер-Мандрут. Але па прызнанні самой Анастасіі, да павышанай увагі яна ставіцца станоўча: "Гэта добра, калі я прыцягваю іх увагу, значыць людзі цікавяцца конкурсам".
З Насцяй мы сустрэліся на здымках праграмы "Музычны рынг" (праект здымае тэлекампанія "Карамболь" для канала "СТБ"), у адным з выпускаў якой беларуска будзе змагацца з леташнім удзельнікам Еўрабачання, датчанінам Томасам Невэргрынам.
- Мне вельмі падабаецца мая новая песня, з якой я буду прадстаўляць Беларусь, - прызналася Насця. - Аўтары дакладна ўлавілі мой настрой - песня якраз і адлюстроўвае мой унутраны стрыжань. Перш за ўсё песня павінна адлюстроўваць нацыянальны каларыт - тут я цалкам згодная з маім кампазітарам Яўгенам Алейнікам. Калі мы будзем гнацца за Беёнсэ ці за Мадоннай, нічога не будзе. У нас ёсць свая прыгажосць, і яна нічым не саступае Еўропе ці Амерыцы.
Аналізуючы песні канкурсантаў з іншых краін, Анастасія прызнаецца, што найбольш яе ўразіў гурт "3JS" з Нідэрландаў. А што да выступлення беларускіх удзельнікаў на конкурсе ў папярэднія гады, то маладая спявачка кіруецца прынцыпам "Не судзі і не будзеш асуджаны".
- Я з 14 гадоў марыла, што траплю на Еўрабачанне, - здзіўляе Анастасія. - Інтуіцыя на мяжы фантастыкі, як той казаў. Я ведала, што гэты дзень прыйдзе. Вось ён і прыйшоў. У кожнага свой шчаслівы шанц.
Ва ўніверсітэце маладой спявачцы далі вольнае наведванне, тым не менш Насця працягвае па магчымасці наведваць заняткі. А вось дадому спявачка дагэтуль кожны дзень ездзіць у Дзяржынск.

Ілья ЛАПАТО.