Анастасія Ціхановіч: пра сябе, пра сям'ю і пра "Еўрабачанне

16.01.2012
"Звязда", 16 студзеня 2012 г.


У дзяцінстве маленькая Насця, вядома ж, ведала, што яе бацькі - не абы-хто, а вядомыя ва ўсім Саюзе эстрадныя артысты Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. І як ва ўсіх эстрадных сем'ях - цыркавых, тэатральных, акцёрскіх, - у музычнай сям'і Ціхановічаў для дзіцяці была радасць, калі тата з мамай вярталіся з гастроляў дадому.
Час ад часу дзяўчынку бралі з сабой. Насця і сёння памятае, як на вялікіх фестывалях, каб асабліва не замінаць бацькам-артыстам, яны разам з маленькай Алесяй Ярмоленка бавіліся за сцэнай, прыдумляючы сабе гульні...
Прайшоў час. Здарылася тое, што звычайна і здараецца ва ўсіх эстрадных сем'ях, калі дзеці ідуць па шляху бацькоў: Насця стала спявачкай. Пра сваё дзяцінства, шлях у музыку і статус "дачкі народных артыстаў" Анастасія Ціхановіч распавяла "Звяздзе".

Я хацела працаваць у "юрыстычнай кансуляцыі"

- У дзяцінстве ў мяне было насамрэч шмат варыянтаў адносна маёй будучай прафесіі. Як і ў майго сына, які перайшоў у другі клас. Ён хоча быць то стаматолагам, то лётчыкам, то кімсьці яшчэ. Я цудоўна памятаю сваё дзяцінства. У нашай сям'і была знаёмая, якая працавала юрыстам. Гэта была прывабная жанчына, строгая, элегантна апранутая. І мне здавалася, што гэта так цікава - быць юрыстам, быць такой жа дзелавой і хвацкай. Таму я заўжды ўсім казала, што буду працаваць у "юрыстычнай кансуляцыі" - так я тады называла юрыдычную кансультацыю.
Музыкай я пачала займацца з чатырох гадоў. Паступіла ў музычную школу, затым у Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, дзе шмат увагі надавалася музыцы. Пазней мне было ўжо цяжка ўявіць сябе дзесьці, акрамя музыкі і мастацтва. Магчыма, таму я і выбрала для сябе Інстытут сучасных ведаў, факультэт мастацтваў, спецыяльнасць - культуролаг, менеджар-прадзюсар.

- Для нас Ціхановіч і Паплаўская - гэта артысты. Для вас жа яны найперш бацькі. Як жылося дачцэ народных артыстаў?
- Трэба разумець, што вельмі часта іх сапраўды не было дома. Таму любая з імі сустрэча была, хутчэй, святочным момантам. Святочным, таму што я дакладна ведала: з кожнай паездкі мне прывязуць які-небудзь падарунак (усміхаецца - Аўт.). У тыя моманты, калі я хадзіла ў школу, я жыла з бабулямі і цёцяй - якія мяне збольшага і выхоўвалі.
Калі прыходзіў летні час, тата з мамай бралі мяне на ўсе вялікія гастролі - для пашырэння кругагляду дзіцяці гэта было вельмі карысна. Я ўбачыла свет - іншыя гарады, іншыя краіны - той жа Паўднёва-Сахалінск (усміхаецца - Аўт.).
Убачыла, як працуюць артысты ў экстрэмальных умовах - напрыклад, замаўлялі верталёт, таму што кудысьці з населеных пунктаў нельга было дабрацца звычайным спосабам. Ляцелі ў глухую мясцовасць, каб падарыць людзям свята. Мне такія назіранні шмат чаго далі. Сёння артыстам падабаюцца вялікія залы, дзе шмат народу і выдатная тэхніка. Мне ж таксама даспадобы выступаць і дарыць момант свята і тым людзям, у якіх няма магчымасці кожны дзень хадзіць на канцэрты, людзям, для якіх сустрэча з артыстам - свята. Выступаць перад такой публікай - адчуванне творчай радасці.

- Мне вось цікава, ці спяваюць у такой музычнай сям'і дома або пакідаюць гэты занятак толькі для сцэны?
- Спяваць - гэта стан душы. У нас пастаянна нехта ходзіць і нешта спявае (усміхаецца, - Аўт.). Калі казаць пра сямейныя запевы, то заўсёды, калі мы збіраемся ў маёй бабулі - яна полька па нацыянальнасці, - візіт заўсёды заканчваецца тым, што яна пачынае спяваць песні. Яна шмат чаго памятае ў свае 91. Мы ж традыцыйна спяваем ёй "Сто лят", гэтак жа традыцыйна можам праспяваць "Многая лета". У нас на галасы прыгожы акорд атрымліваецца (усміхаецца, - Аўт. ). Калі няма магчымасці павіншаваць сяброў сям'і асабіста, то мы можам на тры галасы праспяваць у тэлефон тое ж "Многая лета" ці "Сто лят". Спадзяюся, атрымаць такое музычнае віншаванне прыемна.

Пра працу і дапамогу бацькоў

- Сёння вы спалучаеце артыстычную дзейнасць з выкладаннем у Інстытуце сучасных ведаў. У чым заключаецца ваша праца?
- Я чытаю лекцыі для студэнтаў спецыяльнасці "Менеджар-прадзюсар у сферы мастацтваў". Я з самага пачатку папярэджваю іх пра тое, што гэта нават не столькі прафесія, колькі ў некаторай ступені стыль жыцця, якому трэба ўдзяляць шмат увагі. Трэба жыць сваімі праектамі - не важна, што гэта за праекты і ў якой сферы культуры і мастацтва яны будуць рэалізоўвацца. Яны добрыя толькі тады, калі ты сам захоплены ідэяй гэтага праекта.
Прадзюсарства - дзейнасць больш практычная, чым тэарэтычная. Зыходзячы са свайго практычнага вопыту, я стараюся падзяліцца са студэнтамі тымі нюансамі, якія яны не знойдуць у падручніках - тым больш у дачыненні да беларускай шоу-індустрыі. Тое, да чаго я іх заклікаю, - каб ужо будучы студэнтамі, яны ішлі і спрабавалі сябе дзесьці. Асабіста я, калі была студэнткай (сама Насця таксама выпускніца ІПП - заўв. аўт.), так і рабіла.

- Знакамітасць вашых бацькоў была ўсё ж плюсам ці мінусам у вашай кар'еры?
- Калі незнаёмы нам чалавек дзякуючы сваім намаганням чагосьці дасягае, мы за яго шчыра радуемся і спагадаем яму. Чаму вы думаеце, зараз так папулярныя розныя талент-шоу, кшталту "Фабрыкі зорак" ці "Народнага артыста"? Бо кожны бачыць у гэтых нікому не вядомых людзях сябе. У маёй сітуацыі ўсім чамусьці здавалася, што сцэну мне прынеслі на сподку з блакітнай аблямоўкай... Гэта далёка не так.
Так, мае першыя песні былі спрадзюсаваны мамай, якую я ўвогуле лічу адной з найлепшых у вобласці музычнага мастацтва. Яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі двойчы: адзін раз - як піяністка, другі раз - як кампазітар, вучылася ў Яўгена Глебава. На пачатку творчага шляху артысту вельмі неабходна аб'ектыўная крытыка і аўтарытэтнае меркаванне. Падчас запісу маіх першых песень мы з мамай старанна працавалі над удасканаленнем кожнай ноты, кожнага гука ў маім вакале. Гэта была вельмі карпатлівая праца. Але пасля гэтага я назаўсёды зразумела, як трэба працаваць.
Магчыма, збоку гэта адпаведна і выглядае: маўляў, ёсць хтосьці, хто сваім імем і аўтарытэтам дапамагае табе, прабівае дарогу, але, калі быць шчырым, у рэальнасці ўсё не так. Усе ад цябе чагосьці чакаюць, нібыта ты павінен зрабіць так, каб усе здзівіліся. Я ж нікому нічога не павінна. Таму размовы пра нейкае там лабіраванне ці прасоўванне не маюць пад сабой глебы. Паверце, калі б усё было так, як кажуць, мае справы як спявачкі ішлі б нашмат лепш (усміхаецца - аўт.).

Пра ўдзел у "Еўрабачанні"

- На Белтэлерадыёкампаніі вы працуеце выканаўчым прадзюсарам праекта "Еўрафэст". Няўжо Вам ніколі не хацелася таксама падаць сваю заяўку на конкурс?
- Кухня "Еўрабачання", у тым ліку і працэс адбору, мне вядомыя знутры. Выступіць там як канкурсантцы? Пытанне неадназначнае. Я займаюся конкурсам трошкі ў іншай ролі, а ўзяць і пераключыцца на нейкую іншую ролю ў ім, - пакуль нават і часу няма. Па-першае, павінна быць добрая песня. Па-другое, максімальная канцэнтрацыя сіл. Мінімум паўгода - максімум год артыст павінен думаць толькі пра гэта і больш ні пра што. Паказальны ў гэтым плане прыклад Дзімы Калдуна, які перад конкурсам адкінуў усе астатнія справы і быў канкрэтна нацэлены на вынік.
Падчас падрыхтоўкі неабходна шмат працаваць: трэба быць гатовым ахвяраваць часам. Па маіх сённяшніх адчуваннях - мне цікава адкрываць конкурс з арганізацыйнага пункту гледжання. Адкінуць усе астатнія справы я пакуль не магу. Таму пра свой ўдзел у "Еўрафэсце" як спявачкі гаварыць пакуль не спяшаюся.

- Чаму ж? Вы ведаеце ўжо шмат з таго, як і што ад вас будзе патрабавацца...
- Насамрэч, усё не так проста, як здаецца. Ды я ўжо і прывыкла за гэтыя гады спалучаць дзве важныя прафесійныя лініі - тэлебачанне і сцэну. Тэлебачанне стала адным з асноўных складнікаў мяне як прадзюсара - шмат гадоў я супрацоўнічаю з рознымі тэлеканаламі, пачынаючы ад "Зорнага дыліжанса" на СТБ і заканчваючы "Еўрафэстам" на БТ. Гэты расклад спраў мяне задавальняе. А што будзе заўтра - ніхто не ведае.
Для некаторых артыстаў удзел у "Еўрабачанні" - ідэя фікс. Ім здаецца, што пасля ўдзелу ў гэтым конкурсе ў іх жыцці нешта кардынальна павінна змяніцца. Сапраўды ў многіх змяняецца, але не ва ўсіх. Але тут шмат залежыць як ад працы артыста, так і ад працы яго менеджменту: ці рэалізуюць яны той шанс, які ім выпадае.

Ці стане сын Анастасіі Ціхановіч артыстам?

- Пару гадоў таму беларуская грамадскасць даведалася пра юнага артыста DJ Анатоля, унука Анатоля Ярмоленкі. Ці пачуем мы пра DJ Івана, унука Аляксандра Ціхановіча?
- Усё, чым цікавіцца мой сын, я падтрымліваю. Але ніколі нічога не навязваю. Напрыклад, яго вельмі цікавіў збор канструктара "LЕGО". Я гэта падтрымлівала, пакуль не стала надта накладна (смяецца, - аўт.). Яму вельмі падабаецца маляваць. Ёсць рэчы, займаючыся якімі, ён максімальна сканцэнтраваны. Што датычыцца музыкі, то доўгі час ён нават забараняў мне спяваць якіясьці там калыханкі. Казаў: "Мама, не спявай!" (усміхаецца, - аўт.).
Сёлета ён пайшоў у першы клас музычнай школы (іх школа знаходзіцца побач з музычнай). Я спачатку хвалявалася, бо па сабе ведаю: заняткі музыкай патрабуюць вялікай уседлівасці - ім трэба аддаваць шмат часу. Мы вырашылі паспрабаваць: атрымаецца - так атрымаецца. Не - так не. Аднак я са здзіўленнем заўважыла, наколькі хутка ён стаў схопліваць музычную грамату. Ужо праз два тыдні музычнай школы дзіцё само імправізавала ў дзве рукі на фартапіяна. Нядаўна ў яго быў першы экзамен. Што мяне парадавала - ён не саромеецца іграць. Таму я не буду нічога загадваць, проста буду падтрымліваць у сваім дзіцяці тое, што яму цікава. Думаю, гэта правільна.

Ілья ЛАПАТО.