Аналагаваму эфірнаму тэлебачанню застаўся месяц

16.04.2015

"Звязда"

А ў кожнай вобласці запрацуе рэгіянальны тэлеканал "Беларусь 4"

Ужо больш за паўтара года ў краіне паступова адключаюцца старыя аналагавыя тэлевізійныя перадатчыкі. Дзень "Х", калі апошнія з магікан сыдуць у гісторыю тэхнікі, прыйдзе зусім хутка - 15 мая. І калі вы не паспелі дагэтуль набыць лічбавы тэлевізар ці спецыяльную прыстаўку, якая перакадзіруе сігнал для старэнькага аналагавага апарата, паспяшайцеся зрабіць гэта як мага хутчэй.

Зараз жа ў краіне створана развітая сетка наземнага тэлевізійнага вяшчання стандарту DVB-T і DVB-T2. Прыём агульнадаступнага першага мультыплексу, які складаецца з васьмі тэлепраграм і аднаго радыёканала, магчымы зараз на 98 працэнтах тэрыторыі краіны. Ахоп насельніцтва другім і трэцім мультыплексамі, у якіх вядзецца камерцыйнае вяшчанне, крыху меншы - 92 і 89 працэнтаў. Аднак і гэтыя лічбы стануць большымі.

- Яшчэ ў 2006 годзе ў Жэневе было падпісана пагадненне аб тым, што да 17 чэрвеня 2015 года эпоха аналагавага вяшчання ў дэцыметровым дыяпазоне павінна ў свеце скончыцца, - расказвае начальнік сектара тэлебачання, радыёсувязі і радыёвяшчання Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Віктар Зайцаў. - Апошнія беларускія радыётэлевізійныя перадаючыя станцыі, якія зусім хутка канчаткова пяройдуць на лічбу, размешчаны ў Століне, Браславе, Мазыры, Салігорску, Старых Дарогах, Крупках, Бычысе, Стрэльчыках, Тракеніках і Калодзішчах.

Пераход на лічбавае тэлебачанне нясе з сабой не толькі паляпшэнне якасці сігналу ў параўнанні са старым фарматам, але і значную эканомію электраэнергіі. Па звестках галоўнага інжынера прадпрыемства "Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр" Андрэя Караіма, у 2005 годзе аналагавыя перадатчыкі спажылі 21 з паловай мільён кілават-гадзін. А вось на працу агульнарэспубліканскай сеткі лічбавых рэтранслятараў, па разліках, спатрэбіцца толькі 6,5 мільёна кілават-гадзін.

Акрамя гэтага, у беларускай тэлевізійнай прасторы зусім хутка запрацуе новы незвычайны тэлеканал.

- Мы падтрымалі ініцыятыву Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь па стварэнні ў краіне рэгіянальнага тэлеканала "Беларусь 4", - паведаміў начальнік упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Уладзімір Ядранцаў. - Але гэта будзе не проста адна кнопка. Пад агульнай назвай будуць аб’яднаны ўсе рэгіянальныя тэлеканалы, якія запрацуюць у кожнай вобласці. У Гомелі, Віцебску, Брэсце, Магілёве створаны выдатныя вытворчыя базы. Аднак яны, на жаль, вяшчаюць вельмі мала - невялікімі адрэзкамі часу раніцай і ўвечары. Цяпер яны займеюць магчымасць выходзіць у эфір на працягу ўсяго дня. І карысць ад гэтага будзе вельмі вялікая для ўсіх - як для невялікіх рэгіянальных тэлекампаній, так і для гледачоў.

Валяр’ян ШКЛЕННІК.