Аляксандра мяняе імідж, а песня - гучанне

20.03.2004
"Звязда", 20 сакавіка 2004 г.

Выбары прэзідэнта ў Расіі адбыліся. Сезон біятлона скончыўся. Пасяўная пакуль што не пачалася, а значыць, не трапіла ў цэнтр увагі. Алімпійскіх гульняў яшчэ чакаць і чакаць. А славянскі менталітэт, ведаеце, такая дзіўная рэч, якая не пакідае ў спакоі ні на хвіліну і ўвесь час прымушае за нешта перажываць, за некага "хварэць", да чагосьці рыхтавацца... Напрыклад, да конкурсу "Еўрабачанне". Тым больш, што мы на ім упершыню будзем не толькі гледачамі, але і ўдзельнікамі.
20 сакавіка беларуская дэлегацыя якраз накіроўваецца ў Стамбул для ўдзелу ва ўстаноўчай нарадзе, якая прысвечана правядзенню ў маі "Еўрабачання". Прадстаўнікі нашай рэспублікі перададуць арганізатарам пакет матэрыялаў па дуэце "Аляксандра і Канстанцін" - у яго ўваходзяць біяграфічныя звесткі ўдзельнікаў, фотасесіі, а таксама так званыя прома-элементы: буклеты, плакаты, лістоўкі, якія будуць распаўсюджвацца па ўсіх краінах - удзельніцах конкурсу.

Мы з песняю гэтай кладзёмся і з песняю гэтай устаём

Нядаўна Белтэлерадыёкампанія падводзіла прамежкавыя вынікі падрыхтоўкі фолк-дуэта "Аляксандра і Канстанцін" да міжнароднага конкурсу выканаўцаў. Аказваецца, тут быў распрацаваныі цэлы стратэгічны план з 14 этапаў, палова якіх ужо пройдзена. І вялізных намаганняў, якія давялося прыкласці дзеля ўдасканалення конкурснай песні спецыялістам і самім Аляксандры Кірсанавай і Канстанціну Драпезу, нельга не заўважыць - нават па тых пераменах, якія адбыліся са знешнасцю спявачкі. Акрамя таго, быў цалкам перапісаны вакал да песні "Мой Галілей" - вырашылі, што на конкурсе яна будзе выконвацца з дапамогай бэк-вакалістаў. На вядомыя кампазіцыі дуэта зроблена некалькі рэміксаў, ідуць здымкі двух відэакліпаў. Дарэчы, турэцкі бок запатрабаваў, каб відэаматэрыялы беларускіх выканаўцаў былі прадстаўлены ў фармаце Веtacam Digital - але Белтэлерадыёкампанія з гэтым стандартам пакуль што не працуе, так што мы перададзім туркам звычайнае відэа. Саша з Косцем тым часам штодня рэпеціруюць у студыі БТ, сумленна выконваючы акрэсленыя ў двухбаковым дагаворы абавязкі. Нават на "мабільніку" дуэта запісаны ў якасці званка ўрывак з конкурснай песні "Мой Галілей" - каб ні на хвіліну не забывацца пра работу...
Ужо абвешчаны конкурс на стварэнне касцюмаў для беларускіх удзельнікаў - і за гэту справу ўзяліся не толькі студэнты БНТУ, але і ажно чатыры вядомыя беларускія мадэльеры. Праўда, імёны апошніх не агучваюцца, каб ніводнаму майстру не было крыўдна, калі яго работа не пройдзе конкурсны адбор.
На дадзены момант, паводле слоў намесніка генпрадзюсера Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Капёнкіна, ад радые- і тэлевяшчальных структур з больш як 15 краін паступілі заяўкі на атрыманне эфірнага прадукту беларускага дуэта. З тэлебачаннем Літвы, Латвіі, Украіны існуе дамоўленасць наконт прадастаўлення эфірнага часу для выступлення "А&К" - адпаведна, тамтэйшыя выканаўцы будуць прадстаўлены ў эфіры БТ. Як высветлілася, у нашага дуэта яшчэ задоўга да "Еўрабачання" з'явіліся свае фан-клубы ў Польшчы, Італіі і Грэцыі (так што можам спадзявацца на высокія ацэнкі з боку гэтых краін?). У красавіку ж Аляксандру і Канстанціна чакае невялікі тур у межах роднай краіны - каб як мага больш беларусаў ведалі ў твар герояў, што будуць прадстаўляць Беларусь у Стамбуле.

Лепш быць першым на вёсцы...

А вось з дублёрам - дакладней, ужо нават не з дублёрам, а з уладальніцай другога месца па выніках інтэрактыўнага глядацкага галасавання - сітуацыя заблытаная. Скандалу, які нехта старанна спрабаваў раздуць з вынікаў галасавання, прыцягваючы сюды і "Белтэлекам", і Інтэрнэт, і родных Наталлі Падольскай, не атрымалася. Іск, які пэўныя асобы пагражалі падаць супраць Белтэлерадыёкампаніі, пададзены так і не быў. І нават годнага піяру не атрымалася - Наталля хуценька з'ехала ў Маскву на вучобу і зараз кантактуе з прэсай выключна з-за мяжы па тэлефоне і электроннай пошце. Калі чалавек так адчайна хаваецца (інакш не скажаш), з'яўляецца адчуванне, што ён - баіцца. І пісьмо з адмовай Наталлі ад далейшага ўдзелу ў конкурсе, якое днямі прыйшло ў адміністрацыю Белтэлерадыёкампаніі, гэту думку толькі пацвярджае: падпісаную дамоўленасць ніхто не скасоўваў, юрыдычна правы і абавязкі бакоў не змяніліся. Той факт, што знаёмыя рыжыя валасы спадарыні Падольскай прамільгнулі ў рэкламным роліку расійскай "Фабрыкі зорак-4", зноў жа не самы лепшы піяр-ход прадзюсара. Не, Наталля, канешне, магла б стаць пераможцай у чарговай "Фабрыцы" і тым паказаць доўгі язык у бок Беларусі, маўляў, вы мяне не ацанілі, а я такая-гэткая. Але: а) спявачка дагэтуль звязана дамоўленасцю з НДТРК; б) Расія значна большая за Беларусь, там такіх маладых, амбіцыйных, з грашыма і не без таленту - хоць вядром чэрпай; в) зямля круглая, што даказана Капернікам, і аднойчы ўсё ж давядзецца вярнуцца ў тое месца і працаваць з тымі людзьмі, якім ты некалі папсаваў нямала крыві. Дарэчы, у адным з папярэдніх прэс-рэлізаў Белтэлерадыёкампанія паведамляла, што другое месца, занятае Наталляй у нацыянальным адборы на "Еўрабачанне", дае ёй шанц адразу трапіць у фінал нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне" ў наступным годзе. Цікава, у сувязі з "паказальнымі выступленнямі" спявачкі гэта абяцанне застанецца ў сіле? Зрэшты, пра гэта на тэлебачанні лепш не пытацца - суразмоўцы нервуюцца, і іх можна зразумець. Навошта ж уся гэта мітусня патрэбна самой Наталлі і дзе яна, у рэшце рэшт, хоча быць папулярнай - Маскве ці Мінску? Хто ж яго ведае. Шляхі шоу-бізнэсу неспазнаныя...
Адзінае, што дакладна вядома - падзеі нацыянальнага этапу адбору выканаўцаў падштурхнулі тэлечыноўнікаў да ўмацавання прававога поля айчыннага шоу-бізнэсу. Юрыдычнае ўпраўленне НДТРК распрацавала адзінае рамачнае пагадненне з выканаўцамі (дарэчы, у распрацоўцы гэтага дакумента ўзяў актыўны ўдзел лідэр гурта "J_МОРС" Уладзімір Пугач, які мае акрамя музычнай і юрыдычную адукацыю і з'яўляецца спецыялістам у галіне аўтарскага права). На базе пагаднення з гэтага часу і будзе весціся дыялог з артыстамі: выканаўца прадстаўляе пэўны музычны матэрыял, і, калі ўсіх усё задавальняе, падпісваецца дагавор аб супрацоўніцтве. Белтэлерадыёкампанія забяспечвае запіс у студыі, здымкі кліпа, ратацыю ў тэле- і радыёэфіры; выканаўца са свайго боку перадае кампаніі на агавораны тэрмін эксклюзіўныя правы на твор і бярэ на сябе шэраг творчых абавязкаў.

Бераг турэцкі нам... патрэбен!

Вось-вось завершацца апошнія нацыянальныя адборы канкурсантаў на "Еўрабачанне" ў Германіі і Швецыі. 22 сакавіка адбудзецца сустрэча дэлегацый у Стамбуле і жараб'ёўка парадку выступленняў. А на розных неафіцыйных Інтэрнэт-старонках конкурсу - хоць строгія крытыкі і ахрысцілі яго "шоу для хатніх гаспадынь", "Еўрабачанне" мае ў свеце вялікае мноства прыхільнікаў - ужо ідуць гарачыя дыскусіі наконт фіналістаў і пераможцаў. Справа ў тым, што частку конкурсных песень ужо можна адшукаць у Інтэрнэце, паслухаць і зрабіць свае высновы. У прыватнасці, на сайце праекта "Еўрабачанне - Казахстан" балельшчыкі даюць ацэнкі музыцы, вакалу і тэксту кампазіцый-саперніц; дык вось, "Аляксандра і Канстанцін", паводле меркаванняў наведвальнікаў сайта, маюць вельмі неблагія шанцы на тое, каб трапіць як мінімум у запаветную дзесятку лепшых - што для дэбюту зусім няблага. Праўда, лідзіруюць у тутэйшым рейтынгу Фінляндыя, Ізраіль, Літва, Нарвегія, Мальта, Ірландыя і толькі за імі Беларусь. Але ўсё гэта - толькі аматарскія прагнозы, справа хісткая і няўдзячная. Падрыхтоўка да 49-га конкурсу песні "Еўрабачанне" імчыць наперад поўным ходам, як камунарскі цягнік. Рэпетыцыі паўфіналістаў пачнуцца ў Стамбуле ўжо 5 мая (для фіналістаў - 9 мая), што там засталося - паўтара месяца, каб стаць калі не самымі лепшымі, то ўсё ж вельмі годнымі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.