Аляксандра і Канстанцін саступаюць толькі адзін аднаму

10.02.2004
"Звязда", 10 лютага 2004 г.


Гэта песня пра тое, да чаго кожны з нас імкнецца. Усе мы ідзём наперад. Прынамсі, мы лічым, што ідзём наперад, а насамрэч можа аказацца так, што мы рухаемся па кругу. Але на нейкім вітку гэтага кола жыцця кожны атрымлівае тое, чаго варты. У выпадку Аляксандры і Канстанціна - гэта музыка, каханне, творчы поспех. А ў некага гэтае кола лёсу прыносіць іншыя здабыткі, але варта марыць. Адсюль і асацыяцыі з Галілеем, маўляў, усё круціцца...
Песня “Мой Галілей”, якую барысаўскі дуэт Аляксандра і Канстанцін падрыхтавалі для Еўрабачання”, сапраўды нібыта пра іх саміх. Ужо пяць гадоў яны круцяцца, каб зрабіць папулярнай беларускую песню, бо працуюць у самым прадуктыўным напрамку нашай музыкі - фолку. Менавіта як фолк-выканаўцаў іх запрасіў на працу ў Дзяржаўны канцэртны аркестр Міхаіл Фінберг. I ў двух сваіх альбомах яны паўсталі перад сваім слухачамі менавіта як самабытныя выканаўцы беларускіх народных песень у сучасных апрацоўках. Апрацоўкі, дарэчы, робяць самі, імкнучыся быць прафесіяналамі ва ўсім. Аляксандра Кірсанава, напрыклад, пасля адборачнага канцэрта адразу стала думаць, як атрымаць сваю “пяцёрку” на экзамене ва універсітэце культуры. Таму і да нашай размовы з Канстанцінам Драпезам яна далучылася ўжо напрыканцы. Размаўляць ёсць пра што, таму што апроч тых, хто парадаваўся за маладых артыстаў, ёсць і тыя, хто застаўся незадаволены вынікамі. Спецыяльна для іх пераможцы сёння гатовы паведаміць, што ад выступлення на “Еўрабачанні” адмаўляцца не збіраюцца.

- У Беларусі шмат музыкантаў, якія працуюць прафесіянальна і цікава на сцэне, але ж далёка не ўсе пайшлі на гэты конкурс, увогуле было шмат навічкоў. Што было рашаючым для таго, каб там удзельнічаць?

- Усё вырашыла тое, што ў нас была песня ў фармаце “Еўрабачання”. 3 беларускімі народнымі песнямі, з фолкам, у якім працуем, мы наўрад ці рызыкнулі б на гэта пайсці. Практыка паказвае, што людзі даволі скептычна адносяцца да такога матэрыялу. Частка людзей выдатна яго разумее, і з імі нам проста знаходзіць паразуменне. Але ў асноўным зараз пераважае поп-музыка з рознымі ўкрапленнямі іншых стыляў.
Песеньку гэту мы напісалі гады тры-чатыры таму, у яе была прыгожая меладычная лінія. Потым з'явілася гармонія на гітары, вымалявалася структура. Мы ўсё гэта запісалі на чарнавік. Паслухапі збоку і зразумелі, што гэтая песня павінна быць на англійскай мове. Але на той момант яна не ўпісвалася ў канцэпцыю нашай творчасці, у якой галоўнае месца займала беларуская народная песня. Таму мы яе адклапі да лепшых часоў. Аказалася, зрабілі правільна. Бо маглі б і забыць яе, каб не было чарнавога запісу. I калі абвясцілі ўмовы адборачнага конкурсу, мы выканалі іх якраз дзякуючы гэтай песні.

- Але да музыкі павінны былі знайсціся словы...

- Мы звярнуліся з нашай мелодыяй да Аляксея Саламахі. Мы ведалі, што ён думае па-англійску гэтак жа як і па-беларуску, верылі, што ён зможа напісаць годны філасофскі тэкст. Потым зрабілі аранжыроўку. Нам дапамагаў у запісе Генадзь Сыракваш - на яго студыі мы запісваліся. Ігар Сацэвіч іграў на бас-гітары, Карэн Карапецян - на скрыпцы, Дзмітрый Хаменка - на клавішах. У запісе акрамя голасу Аляксандры шмат яе ж бэк-вакалу, яна ж іграла на акарыне. Гітарных партый таксама было некалькі, але мы імкнуліся не забіваць імі голас.

- Усё-такі гэта быў даволі рызыкоўны эксперымент з вашага боку. Бо адна справа, калі беларускія старадаўнія інструменты арганічна гучаць у апрацоўцы народнай песні. I зусім іншая - спрабаваць іх уплятаць у аўтарскую песню, ды яшчэ на англійскай мове.

- Акарына была ў многіх народаў свету, не толькі ў беларусаў. Гэта сапраўды народны еўрапейскі інструмент. Да таго ж Аляксандра выдатна на ім грае. I гукі акарыны ўдала спалучыліся з гітарнымі меладычнымі хадамі. Акрамя таго, Аляксандра ўмее спяваць гарлавымі спевамі. Яны таксама ўласцівыя многім народам. У Скандынавіі, напрыклад, спявалі гарлавымі спевамі. На жаль, гэтая традыцыя ў многіх страчана і мала хто хоча да яе звяртацца. Аляксандры гэта дадзена ад прыроды.

- Многія спявалі на англійскай мове ў гэтым конкурсе. Але, каб спяваць песні на англійскай мове, трэба, па-першае, разумець, пра што ты спяваеш, ды яшчэ каб гэта зразумеў еўрапейскі слухач.

- На нашым першым дыску тры песні запісаны на англійскай мове. Мы не пабаяліся гэтага. Ведаем, што нашы дыскі ёсць і ў Еўропе, ёсць і ў Амерыцы, ніхто нам ні разу не зрабіў заўвагі наконт вымаўлення. Калі мы рабілі чарнавыя варыянты запісу, мы прыязджалі да Аляксея Саламахі. Ён паслухаў, звярнуў увагу на некаторыя моманты, Саша іх паправіла.

- Вы яму заказвалі, пра што павінна быць песня?

- Мы патлумачылі, якія думкі хацелі б выказаць. Але Аляксей нават не ведаў, што гэта будзе за песня, уяўляў яе ў больш рокавым аздабленні. Але мы разумелі, што ўсё-такі павінны ісці ў бок поп-музыкі. Калі б не танцавальны рытм у аснове, то моладзь магла б і не “клюнуць”. Таму першы раз у жыцці нам прыйшлося адступіцца ад сваіх творчых прынцыпаў - зрабіць больш зразумелы для шырокіх колаў варыянт песні.
У нас ёсць усе відэазапісы “Еўрабачання” з 1997 года. Калі мы ўжо пачалі працаваць і рыхтавацца, то аналізавалі, якая павінна быць песня, што павінна быць на сцэне. Важна тое, што гэта конкурс не артыста, а песні. Мы прыйшлі да высновы, што амерыканізаваныя аранжыроўкі на “Еўрабачанні” не надта ўспрымаюцца.

- Многія з тых, хто сочыць за вашай творчасцю, адзначылі, што тут вы здрадзілі сабе, зрабіўшы “папсовую” кампазіцыю. Узнікае хваляванне: а раптам вам спадабаецца і вы забудзецеся на свой любімы фолк?

- Мы выступаем з беларускамоўнай праграмай. I калі раптам у нас нешта атрымаецца, то, канешне, мы перш за ўсё будзем папўлярызаваць беларускія песні. Мы будзем іх арганічна ўплятаць у тое, што напрацавана. Таму што гэта наша. У дадзеным выпадку мы ахвяравалі беларускай мовай, каб атрымаць вынік. Мы знайшлі свой стыль і будзем працаваць у ім далей. Проста трэба рабіць так, каб гэта было даступна больш шырокаму колу людзей. Будуць ведаць нас як артыстаў, будуць больш купляць нашы альбомы - натуральна, будуць больш ведаць і беларускую песню.

- Ці думаеце вы сваю песню яшчэ неяк дапрацоўваць?

- Так, зараз стаіць ужо іншая задача, і не толькі перад намі аднымі. Перад нашай камандай і перад камандай Белтэлерадыёкампаніі. Трэба зрабіць так, каб гэта было на еўрапейскім узроўні па прэзентабельнасці. Мы паглядзелі на сябе збоку, убачылі, што трэба паправіць, што трэба дадаць, што ўбраць. У варыянце для радыё ў нас гучыць шмат бэк-вакалу. I верагодна, мы будзем шукаць людзей, якія з гэтай задачай справяцца прафесіянальна. Падтанцоўка наўрад ці будзе. Бо трэба ўмудрыцца наняць “Тодэс”, каб быў якасны танец. Магчыма, на сцэне будзе стаяць чалавек альбо з дудой, альбо з акарынай. Будзем слухаць парады і нешта мяняць. Час яшчэ ёсць. Але на нашу карысць і тое, што ў Аляксандры запамінальная славянская знешнасць.

- Першымі заўсёды быць складана. Не страшна ад думак, што ты апраўдваеш давер краіны?

- Сапраўды, адказнасць вялікая. Мы пра сябе ўжо жартуем, што каб Юрый Гагарын паляцеў у космас і не вярнуўся, то пра гэта ніхто б і не ведаў. Але ён вярнуўся, і таму - ён Юрый Гагарын. Нам прыйдзецца перажыць прыкладна тыя ж пачуцці, як пры палёце ў космас. А з іншага боку - мы маладыя артысты. Спатыкацца і памыляцца нам не сорамна. Людзям, якія зрабілі ўжо сваю творчую кар'еру, у гэтай сітуацыі было б куды складаней. Для нас гэта стымул для працы, магчыма, мы падымемся на новыя ступені і станем сапраўды запатрабаваным калектывам.

- Як вас сустрэлі дома ў Барысаве?

- Бацькі, незалежна ад выніку, усё роўна сказалі б, што мы былі самыя лепшыя. Бо бацькі сваіх дзяцей у любым стане прымаюць і любяць. Пакуль мы вярталіся ў Барысаў, мы нават не паспелі адказваць на тэлефанаванні, прачытваць усе SMS-пведамленні на мабільным тэлефоне - яны сыпаліся адно за адным. А Барысаў сустрэў даволі ціха.

- Няўжо з плакатамі не стаялі, з аркестрам?

- Не. Мы ўвогуле імкнёмся не вельмі прыцягваць да сябе ўвагу. Праўда, у крамах ужо пазнаюць. Раней гэтага не было, хоць мы не першы год працуем і шмат фестываляў прайшлі.

- Дзіўна, што вы пры даволі актыўнай дзейнасці застаяцеся ў Барысаве, матаецеся ледзь не штодня ў Мінск на грамадскім транспарце...

- Зараз будзе сапраўды складана, магчыма, прыйдзецца падумаць пра нейкае часовае жыллё ў Мінску. Бо, канешне, штодзённыя паездкі вымотваюць. Асабліва калі Аляксандры адной прыходзіцца ездзіць на заняткі ці на экзамены ва універсітэт культуры. Некаторыя прыстаюць: "А гэта вы?..". І гэтак далей...

- Такое адчуванне, што лёс зводзіць вас з Наталляй Падольскай на адных конкурсах. На “Славянскім базары” Аляксандра апярэдзіла Наталлю на крок, заваяваўшы другую прэмію. Цяпер Наталля пакрыўджаная і хоча быць першай. Як Аляксандра зможа там спяваць, перажыўшы ўсе гэтыя скандалы?

Аляксандра Кірсанава:
- Лёс так распарадзіўся, што хтосьці стаў першым, хтосьці другім. Мы і самі не чакалі таго, што адбылося. Я не лічу, што забрала ў кагосьці рэч, якая мне не належыць. Калі былі такія вынікі - значыць, магчыма, наша песня была лепшай. Мяне не будзе выбіваць з каляіны прысутнасць Наташы ў Турцыі. Мы абсалютна розныя, кожны з нас індывідуальны па-свойму. Але мы з Косцем аказаліся мабільнымі. Мы добра сябе адчуваем і ў стылі кантры, і ў блюзе. I поп-музыка, як аказалася, таксама не чужая для нас. I я лічу, што мы ўдала ўвялі ў песню элементы нацыянальнага каларыту. На мой погляд, гэта важна для першага канкурсанта ад Беларусі.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Р.S. Адборачны канцэрт мне давялося глядзець у кампаніі грамадзяніна Вялікабрытаніі. Ён расказаў адну дзіўную гісторыю. Музыкантаў, якія летась прадстаўлялі Вялікабрытанію на “Еўрабачанні”, ніхто і не ведаў. Але пасля таго, як яны з трэскам праваліліся, атрымаўшы нуль балаў, іх сталі запрашаць на розныя ток-шоу, пра іх сталі пісаць газеты, дзе яны тлумачылі прычыны сваёй няўдачы. Яны ўвогуле сталі даволі папулярнымі асобамі ў сваёй краіне. Важная не перамога - важны ўдзел...