Аляксандр Саламаха: "Беларускае радыё - гэта паўсядзённая гiсторыя ўсяго нашага народа"

15.11.2005
"Звязда", 15 лістапада 2005 г.


Сёння ў краiне свята: 80-гадовы юбiлей адзначае Беларускае радыё. Вiдаць, нiякi iншы калектыў сродкаў масавай iнфармацыi не можа пахвалiцца тым, што мае такiя выдатныя магчымасцi аператыўна i даходлiва даносiць iнфармацыю аб усiм цiкавым, што адбываецца ў краiне i свеце, да слухача. Газетчыкi могуць толькi па-добраму пазайздросцiць сваiм калегам.
А пачыналася ўсё 15 лiстапада 1925 года, калi пачала свае 30-хвiлiнныя перадачы радыёстанцыя РВ-10 iмя Саўнаркама БССР. У Мiнску была пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач абсталявана студыя. Напачатку ў эфiр выходзiлi толькi радыёгазеты - рабочая (штодзённа) i сялянская (3-4 разы на тыдзень). Пазней, ужо ў 30-х гадах, калi была пабудавана новая радыёстанцыя i стала развiвацца правадная сетка, з’явiлiся i новыя формы вяшчання: выпускi апошнiх паведамленняў, грамадска-палiтычных, мастацкiх перадач, выпускi для дзяцей, стаў шырока прымяняцца прамы эфiр - рэпартажы з мiтынгаў, дэманстрацый, трансляцыi перадач з тэатраў i клубаў...
За гэты час пройдзена i зроблена сапраўды шмат. Пра ўчарашнi i сённяшнi дзень Беларускага радыё карэспандэнту "Звязды" Анатолю Сланеўскаму расказвае першы намеснiк Старшынi Белтэлерадыёкампанii Беларусi Аляксандр Саламаха.

- Аляксандр Пятровiч, 80 гадоў - цэлая эпоха ў жыццi краiны, за гэты час вырастаюць i сталеюць цэлыя пакаленнi. Што такое 80 гадоў у жыццi радыё?
- У эфiры Першага нацыянальнага канала радыё ўжо не адзiн сезон выходзiць праграма "Гiсторыя радыё - гiсторыя краiны. 80 гадоў разам". На мой погляд, гэта вельмi дакладная назва, бо гiсторыю нашага радыё мы нiколi не зможам аддзялiць ад таго, чым усе гэтыя гады жыла i жыве зараз наша краiна. У гукавых архiвах на Чырвонай, 4 захавалiся многiя дакументы, жывыя галасы тых, хто працаваў над выкананнем планаў першых пяцiгодак, iндустрыялiзацыi i калектывiзацыi, у гады пасляваеннага аднаўлення. Працавала наша радыё i ў гады Вялiкай Айчыннай вайны - да 1944 года голас радыёстанцыi "Савецкая Беларусь" гучаў з Масквы.
Радыёстанцыя вяла перадачы для партызанаў i падпольшчыкаў, рыхтавала агляды газет, выдавала сваю газету-плакат "Раздавiм фашысцкую гадзiну!", перадавала зводкi Саўiнфармбюро, рабiла спецыяльныя перадачы для рэдакцый падпольных газет. Па сутнасцi, радыёстанцыя з’яўлялася адным з важнейшых этапаў сувязi "Вялiкай зямлi" з акупiраванай Беларуссю. За гэтыя гады ў эфiр выйшла амаль 3300 перадач. Сёння, калi ўсе мы адзначылi 60-годдзе Вялiкай Перамогi, гэта асаблiва важна памятаць.

- Якiя этапы 80-гадовага шляху Беларускага радыё вы лiчыце самымi адметнымi?
- Самым адметным я лiчу тое, што Беларускае радыё было i застаецца дзяржаўным, беларускiм, на самай справе - народным, бо на першым месцы ў нашым эфiры - людзi працы: рабочыя i сяляне, пенсiянеры i моладзь, вучоныя i педагогi - людзi самых розных прафесiй са сваiмi радасцямi i праблемамi, дасягненнямi i планамi. Тут - наша гiсторыя i багацейшая культура... Адным словам, мы пiшам паўсядзённую гiсторыю жыцця ўсяго нашага народа. Мы разумеем, што менавiта ён, народ, з’яўляецца галоўным аб’ектам увагi i клопату дзяржавы i той палiтыкi, якую праводзiць наш прэзiдэнт.
Трэба адзначыць, што сапраўдным залатым фондам радыё з’яўляюцца галасы выдатных людзей Беларусi - Янкi Купалы i Якуба Коласа, Ларысы Александроўскай i Барыса Платонава, Пятра Машэрава i Кiрылы Арлоўскага, Пятра Клiмука i Уладзiмiра Кавалёнка, Максiма Танка i Iвана Мележа, многiх iншых слаўных людзей, якiмi Беларусь будзе ганарыцца заўсёды.
А для людзей майго пакалення радыё заўжды, з самага дзяцiнства, было добрым сябрам, выхавальнiкам, настаўнiкам. Мы ў многiм фармiравалiся на яго праграмах, вучылiся патрыятызму, духоўнасцi. Гэта не настальгiя, а глыбокая павага да багатай гiсторыi радыё, да яго традыцый, якiя i цяперашняе пакаленне радыйшчыкаў захоўвае i працягвае.

- Што такое Беларускае радыё сёння?
- Сёння гэта буйнейшы i унiкальны па сваёй структуры i вырашаемых задачах электронны сродак масавай iнфармацыi нашай краiны. Гэта два каналы - Першы нацыянальны i "Культура", тры радыёстанцыi - "Беларусь", "Сталiца" i "Радыус-ФМ". Гэта 100 гадзiн вяшчання ў суткi на беларускай, англiйскай i нямецкай мовах. Перавод усiх нашых каналаў i станцый на вяшчанне ў сетцы Iнтэрнэт у рэжыме рэальнага часу зрабiў нас даступнымi слухачам у любой кропцы планеты. Першы нацыянальны канал з пачатку новага сезона перайшоў на кругласутачнае вяшчанне на УКХ i ФМ-дыяпазонах. Кругласутачна стала вяшчаць i станцыя "Радыус-ФМ", упершыню сёлета, у юбiлейным годзе, асвоiла iнтэрнэт-вяшчанне на англiйскай мове радыёстанцыя "Беларусь". Характэрна, што з году ў год расце наша замежная пошта: слухачы з дзесяткаў краiн свету даведваюцца пра Беларусь менавiта з нашых праграм, i для многiх сапраўдным адкрыццём з’яўляюцца наша культура, гiсторыя i нашы дасягненнi.
Сённяшняе радыё - гэта калектыўная праца не толькi нашых журналiстаў, рэжысёраў, гукарэжысёраў i iнжынераў, але i сумесныя праграмы з вядучымi рэспублiканскiмi газетамi, таксама з радыёстанцыямi iншых краiн, у першую чаргу - Расii. Напрыклад, разам з газетчыкамi на Першым нацыянальным канале выходзiць праграма "Прамая лiнiя", у якой у жывым эфiры з удзелам слухачоў абмяркоўваюцца самыя надзённыя тэмы нашага жыцця, затым справаздачы аб перадачы друкуюцца ў газетах.
У апошнi час мы наладзiлi прадуктыўнае супрацоўнiцтва i з нашымi калегамi-радыстамi. Напярэдаднi 9 мая ў эфiр выходзiлi радыёмасты з усiмi гарадамi-героямi былога СССР, прайшлi вельмi кранальныя сустрэчы ў эфiры ветэранаў розных краiн СНД, рэпартажы аб жыццi беларусаў замежжа, штотыднёва гучыць праграма, якую мы рухтуем з калегамi з Тэлерадыёвяшчальнай арганiзацыi Саюзнай дзяржавы "Беларусь-Расiя. Гранi станаўлення Саюзнай дзяржавы."
Адбываецца пэўнае шэфства над нашымi дыяспарамi: мы дапамагаем беларускiм праграмам многiх краiн, прадастаўляючы i нашу музыку, i прэзентацыйныя матэрыялы аб нашай краiне. Сёння нашымi партнёрамi з’яўляюцца "Радыё Расii", "Голас Расii", "Маяк", "Слова", многiя рэгiянальныя радыёстанцыi.

- Беларускае радыё працуе ў эфiры, якi лiтаральна кожны год напаўняецца i iншымi вяшчальнiкамi. Цi адчуваеце канкурэнцыю?
- У эфiры акрамя нас гучаць ФМ-станцыi, але iх задачы, як вядома, адрознiваюцца ад задач дзяржаўнага радыё. А канкурыраваць можна толькi з роўнымi i моцнымi.
Акрамя таго, на iнфармацыйны рынак мы прапаноўваем разнастайны i якасны прадукт. Напрыклад, начное вяшчанне Першага канала - гэта не запаўненне эфiрнага часу, а напаўненне яго паўнацэннымi дабротнымi праграмамi: выпускамi навiн i каментарыямi, тэматычнымi перадачамi для тых, хто працуе ў начны час, хто знаходзiцца ў дарозе. Усе начныя праграмы iдуць у прамым эфiры, таму актыўна выкарыстоўваецца сувязь з нашымi слухачамi, якiя лiтаральна з першых дзён работы начнога канала заўважылi яго.
Эфiрны дзень у нас пабудаваны з улiкам аўдыторыi: ранiцай i ўвечары нас слухае найбольшая частка нашай аўдыторыi, таму менавiта ў гэты час выходзяць нашы "Радыёфакт" i "Пастфактум", цыклы палiтычных, аналiтычных i эканамiчных праграм. Затым - час праграм для тых, хто дома: гэта нашы "Сямейнае радыё", радыёпраграмы для ветэранаў. У абедзенны час у нас iнфармацыйна-музычная праграма "Культурная прастора". Калi дамоў вяртаюцца вучнi i студэнты - штодзённа выходзяць праграмы для iх: аб справах маладзёжных арганiзацый, аб прафесiйнай арыентацыi, аб маладых творцах, аб здаровым ладзе жыцця i маладзёжным вольным часе. Вечар - гэта ў асноўным музыка, лiтаратура, традыцыйныя канцэрты па заяўках.
Даследаваннi аўдыторыi, якiя мы перыядычна праводзiм, гавораць аб тым, што Беларускае радыё слухае ўся краiна, што як па ахопу тэрыторыi, так i па ахопу аўдыторыi нам роўных няма.

- Сёння ў эфiрным часе мас-медыя даволi вялiкае месца займае рэклама, дзякуючы якой i iснуюць многiя станцыi. Мiж тым, нельга сказаць, што рэкламныя выпускi карыстаюцца вялiкай пашанай сярод вашай аўдыторыi...
- Для нас рэкламны даход нiколi не быў i не стане галоўнай мэтай дзейнасцi. Рэклама - гэта дадатковая i iстотная, з улiкам нашай аўдыторыi, крынiца папаўнення бюджэту, удасканалення вытворчай базы i стымулявання працы творчых i тэхнiчных работнiкаў. Аднак рэклама - гэта не толькi тое, дзеля чаго або дзякуючы чаму жыве такi сур’ёзны механiзм, як Беларускае радыё. Мы ў дастатковым аб’ёме атрымлiваем дзяржаўную дапамогу, дынамiчна развiваемся i ўдасканальваемся.

Вiншуючы калектыў Беларускага радыё з юбiлеем, з 80-годдзем выхаду ў эфiр першай перадачы, звяздоўцы шчыра жадаюць вам, паважаныя калегi, моцнага здароўя, бадзёрага настрою i лёгкага эфiру.