Аляксандр Рыбак: "Я не лічу, што ў Еўропе ёсць іншыя арэны, дзе можна здабыць такую ж славу, як на "Еўрабачанні"

10.01.2012
"Звязда", 10 студзеня 2012 г.


Аляксандр Рыбак задаволены падрыхтоўкай беларусаў да "Еўрабачання", аднак параіў канкурсантам падцягнуць англійскую мову.
Знакаміты нарвежскі спявак беларускага паходжання, пераможца "Еўрабачання-2009" Аляксандр Рыбак прыехаў у Беларусь па запрашэнні Белтэлерадыёкампаніі ў межах падрыхтоўкі да міжнароднага конкурсу "Еўрабачанне-2012".
На прэс-канферэнцыі журналісты спрабавалі "выцягнуць" з Рыбака формулы і сакрэты поспеху на конкурсе, аднак спявак прызнаўся, што гэта непрадказальна:
- У жыцці ніколі не атрымаецца ўсё так, як вы задумалі. Я для "Еўрабачання" напісаў баладу, а ў выніку ўсё змянілі і ў конкурсе я ўдзельнічаў зусім з іншай песняй. На жаль, я не магу даць рэцэпт перамогі. Артыст павінен быць падрыхтаваным, і, калі апынецца на сцэне, каб не пытаўся "чаму я тут?", а каб меў ужо сваю "гісторыю"...

Аляксандр Рыбак лічыць, што галоўнае - ставіць за мэту не мару пра папулярнасць, а мару пра папулярызацыю сваёй музыкі:
- Чаму на конкурсе апошнім часам адсутнічае арыгінальнасць у нумарах канкурсантаў? Таму што ўсе спрабуюць рабіць прагнозы замест таго, каб ісці за сэрцам і верыць у тую песню, якую спяваеш, а не думаць пра тое, што хочуць людзі.

Спявак дадае, што многае залежыць і ад каманды артыста:
- Праблемы ўзнікаюць і тады, калі ў канкурсанта вялікая каманда і ў камандзе ва ўсіх свае амбіцыі. За два дні перад эфірам яны пачынаюць спрачацца, і кожны трымаецца свайго. Не трэба забывацца, што ўсе вы - у адной лодцы.

Аналізуючы песні пераможцаў "Еўрабачання" апошніх гадоў, Рыбак зазначае, што азербайджанцы адрозніваліся ад іншых песняй - "у іх быў такі амерыканскі рытм", а Лена - папулярным у той год "напалову джазам, напалову рокам".
Спявак прызнаўся, што яму вельмі сорамна, але беларускіх артыстаў і беларускія песні ён ведае вельмі мала.
- Тое, што мне падабаецца ў эстрадных артыстах Беларусі, - гэта іх разняволенасць на сцэне. У Нарвегіі ўсё па-іншаму. Шоу амаль няма. Там мы проста з гітарай стаім і спяваем, а тут - тое, што мне падабаецца ва Усходняй Еўропе, - дазволена працаваць з сюжэтам, танцорамі. У Нарвегіі людзям такое чамусьці не падабаецца.

У Гюнэш прыгожая ўсмешка, у "Lіtеsоund" - добрая англійская мова

На прэс-канферэнцыю з Рыбаком прыйшлі амаль усе фіналісты "Еўрафэста". Не было толькі дваіх: Алена Ланская не змагла перанесці канцэрт, а Юзары здаваў сесію.
Нарвежскі беларус пахваліў беларускі паўфінал, пашкадаваўшы, што не ўсе яго фаварыты прайшлі далей: песня гурта "THRІLLЕR" зачапіла артыста.
Салістаў з "Lіtеsоund" Рыбак пахваліў за англійскую мову і за мелодыю песні, назваўшы яе "самай усходняй": "Вас адразу палюбяць у Даніі і Швецыі". Вікторыі Алешцы спявак зрабіў камплімент за "чысты голас", а ў Гюнэш перапытаў, ці гэта сапраўднае яе імя.
- Гюнэш, у цябе прыгожая ўсмешка: за тыя тры хвіліны ты ўсміхалася больш, чым я за ўсё сваё жыццё, - жартаваў Рыбак. - Не бойся ўсміхацца.
Юзары Рыбак пахваліў за самаўпэўненасць і "брутальнасць": маўляў, публіка гэта вельмі любіць. Найбольш каштоўны камплімент Аляксандр Рыбак зрабіў Алене Ланской.
- Адчуваецца, што яна артыстка. Выступаючы, яна разумее кожнае слова, якое спявае. Песня вельмі добрая, голас шыкоўны.
Падводзячы вынік, Рыбак сказаў, што ў нумарах беларусаў "шмат душы" і "дрэнная англійская мова". Спявак параіў канкурсантам больш часу праводзіць за праглядам англійскіх фільмаў.
На пытанне, ці трэба, каб беларусы спявалі на "Еўрабачанні" па-беларуску, Аляксандр адказаў проста, але трапна: "Калі песня на беларускай мове будзе пераканаўчай, калі на першым плане будзе музыка, то тады і мову ўсе адразу зразумеюць".

Пра папулярнасць
- Мне цяжка сказаць, папулярны я ці не, - прызнаецца Рыбак. - У мяне вельмі добрая каманда побач. Канцэртаў стала больш. У Амерыку я пакуль не хачу: куды больш я ўжо зрабіў у Еўропе. Зараз я гастралюю. Паралельна вучуся ў нарвежскай кансерваторыі на педагога і скрыпача.

Пра свае далейшыя планы на "Еўрабачанне" Рыбак зазначае:
- Я даўно ўжо вырашыў, што не буду больш стаяць на сцэне "Еўрабачання" як канкурсант. Але, мяркую, як кампазітар удзельнічаць буду яшчэ шмат разоў. Я не лічу, што ў Еўропе ёсць іншыя арэны, дзе можна здабыць такую ж славу, як на "Еўрабачанні". Стынг і Андрэа Бачэлі - тыя нямногія артысты з Еўропы, якія змаглі праславіцца без якогасьці конкурсу. На жаль, прадзюсараў такога ўзроўню, як у Амерыцы, у нас яшчэ няма. Таму для кожнага артыста конкурс "Еўрабачанне" - добрая магчымасць стаць вядомым у Еўропе.

Ілья ЛАПАТО.