Аляксандр Ждановіч: "На "Калыханцы" вырасла цэлае пакаленне"

10.02.2016

"Звязда"

Аднак удзел у "Калыханцы" - толькі адна частка жыцця Аляксандра Ждановіча.

"Вы ж ведаеце, што я ўжо не вядучы "Калыханкі", - такімі словамі сустракае мяне акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, болей вядомы беларусам як "Маляваныч". Мы, канешне, ведаем пра гэта. Але што зробіш, калі аднойчы створаны вобраз аказаўся настолькі ўдалым, што дагэтуль людзі спыняюць акцёра на вуліцы і просяць даць аўтограф?

Аднак удзел у "Калыханцы" - толькі адна частка жыцця Аляксандра Ждановіча. Сёння ён акцёр, які ў свой час сыграў Калігулу, Жэронта, Гільдэнстэрна з "Гамлета" і быў бы не супраць адчуць сябе на сцэне адным з герояў твораў Фёдара Дастаеўскага. Цяпер шмат часу спадара Аляксандра сыходзіць на Свята-Елісавецінскі манастыр, у якім ён вядзе творча-тэатральныя заняткі ў нядзельнай школе і таксама займаецца з дзецьмі з асаблівасцямі ў развіцці. На свой пяцідзесяцігадовы юбілей на сцэне рускага тэатра ён паставіў з выхаванцамі спектакль "Маленькі прынц". А яшчэ Аляксандр Ждановіч спрабаваў маляваць іконы...

- У дзень юбілею Уладзіміра Мулявіна ў рускім тэатры паказвалі "Песняра". Была прыемна здзіўлена, пабачыўшы вас у ролі Янкі Купалы. Вы вельмі падобныя! Атаясамліваеце сябе з ім?

- Яшчэ ў дзяцінстве мне падавалася, што ў нас ёсць нейкае знешняе падабенства. Магчыма, таму пастаноўшчык - Валянціна Еранькова - дала гэтую ролю. Іграць Купалу мне даспадобы, нягледзячы на тое, што гэта не столькі псіхалагічная роля, колькі хутчэй пэўны сімвалічны вобраз.

- Калі б у вас была магчымасць сыграць любую ролю ў любой п'есе, што выбралі б?

- Я разумею, што ўжо ніколі не сыграю ні Гамлета, ні Хлестакова, ні Раскольнікава. Склалася пэўнае амплуа, ды і ўзрост не той... Але мяне вабіць Дастаеўскі і яго "Браты Карамазавы". Хацеў бы сыграць Івана ці Алёшу, нават не ведаю, каго болей. Ці князя Мышкіна з "Ідыёта". Бо цікавей іграць разнаполюсныя, праблемныя вобразы, дзе няма адназначнай мяжы паміж станоўчымі і адмоўнымі рысамі. Але для гэтых роляў трэба мець адпаведныя душэўныя якасці, якія немагчыма сыграць. Кажуць, што тыя часткі, якія тычыліся апісання пераважна цёмных сіл у героях — Раскольнікава, Свідрыгайлава, Івана Карамазава, - даваліся Дастаеўскаму прасцей, чым светлыя, станоўчыя.

Апошнія гады я вельмі часта заняты нейкімі іншымі справамі апроч тэатра. Хоць, напэўна, гэта не вельмі добра. Тэатр, асабліва на постсавецкай прасторы (чаго няма на Захадзе), - гэта дом і сям'я, дзе ўсе мы разам жывём і ствараем. Але зараз большасць фізічных, душэўных, маральных сіл аддаецца Свята-Елісавецінскаму манастыру.

- На які спектакль параілі б схадзіць сваім двум сынам?

- На таго ж "Песняра". Па-мойму, ён годна глядзіцца. Увогуле, я іх абодвух пастаянна запрашаю завітаць у тэатр. Напрыклад, малодшы, Аляксандр, бачыў амаль увесь наш рэпертуар.

- Некалькі гадоў таму вы казалі, што калі нарэшце вырастуць дзеці (а яны ўжо зусім дарослыя), будзеце рабіць толькі тое, што хочацца.

- Ах! (Смяецца). Думаю, гэта агульначалавечая ілюзія. Нам заўжды падаецца, што "з панядзелка і пачнём" ці "скончу гэта, тады...", што за ўяўнай мяжой мы вызвалімся ад непрыемнасцяў. Увогуле, калі б чалавек рабіў толькі тое, што хацеў... Вяртаючыся да Дастаеўскага: "Надта шырокі чалавек, яго варта звузіць". Гэта звязана напрамую з праваслаўным светапоглядам. Як сказана ў Евангеллі, "усё мне дазволена, але не ўсё карысна". Толькі вузкай сцежкай чалавек ідзе правільна. Хочацца ўсяго, але ці сапраўды яно патрэбна і карысна?

- Дабрачыннасць таксама адносіцца да гэтай сцежкі? Увогуле, як вы прыйшлі да гэтага?

- "Нязведаныя шляхі Гасподні", як кажуць. Гэта нейкія тайныя, прыхаваныя душэўныя зрухі паміж душой і Богам, якімі не падзелішся ды і не растлумачыш. Мне гэта адкрывалася няпроста, балюча і па-пакутніцку. Але значную ролю тут сыграла мая любая жонка Людміла, якая зусім нядаўна пайшла з жыцця. Чалавек дзівосны, яна мела шчырую, моцную, чыстую веру. Яе спачатку ў інтэрнат, а пасля і ў манастыр прывяла лялька: Люда ладзіла там батлейкі. І калісьці паклікала туды і мяне.

Спачатку дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, да якіх мы прыходзілі, падаліся мне не надта прывабнымі і наведваў я іх хутчэй па абавязку. А пасля прывязаўся да іх і зразумеў, што за не заўсёды прыемнай знешнасцю хаваюцца такія душэўныя якасці, якія з цяжкасцю адшукаеш у звычайных людзей. Туды цягне.

- І не шкада часу?

- Наадварот. Так склалася, што апошнія тры гады я вяду ў нядзельнай школе манастыра тэатр-студыю для звычайных дзетак. Мы з імі робім пастаноўкі і часам задзейнічаем дзяцей з інтэрната. Ідэй хапае. Хацелася б удзяляць ім больш увагі, але час вымагае...

- Адчуваеце аддачу ад дзяцей?

- Так. Часам мне падаецца, што такія адносіны болей патрэбны нам, дарослым, чым хворым дзецям. Яны фактычна жывуць у чатырох сценах, амаль што па-манаску. Таму кожная маленькая радасць - гэта ўжо шчасліва пражыты дзень. З імі не трэба надзяваць маскі, бо ўсё адно кожны няшчыры рух і погляд адразу адчуваецца. Быць з імі - як выйсці на ўзлесак і ўдыхнуць свежае паветра. Так натуральна!.. Ім няважна, якой маркі тваё адзенне ці наколькі модная парфума. Толькі шчырае стаўленне.

- Праз іх вы прыйшлі і ў храм. Што змянілася з таго часу?

- Калі робіш першыя крокі, то жыць духоўна бывае часам больш цяжка, чым без Бога. Хто сказаў, што ісціна павінна лёгка давацца? Але з верай жыццё робіцца больш глыбокім і асэнсаваным.

У "Майстры і Маргарыце" Міхаіла Булгакава ёсць фраза, якую кажа Іешуа Пілату: "Тваё жыццё беднае, ігемон". Я часта, гадоў да сарака, пакуль не стаў увацаркаўляцца, згадваў гэтую рэпліку і разумеў, што чагосьці ў жыцці не хапае.

Што ўсе поспехі і няшчасці далёка не самае галоўнае. Калі з цягам часу з'явілася магчымасць рабіць штосьці не для сябе, стаў адчуваць ад усяго такую радасць, такую ласку ад неба!

- Калісьці вы расказвалі, што наведваеце школу іканапісу. Калі можна будзе пабачыць ваш абраз?

- Аднойчы настаўніца, калі я быў у трэцім класе, сказала нам намаляваць пенал. Усе ўзялі лінейку і пачалі чарціць, а я намаляваў ад рукі, вядома, зусім няроўна, і настаўніца зрабіла жарсткаватую заўвагу. У гэты момант мастак ува мне памёр. Але ў больш сталым узросце адчуваў, што мне не хапае самавыражэння. Бо ў акцёрскай прафесіі няшмат свабоды: твор і ролю абірае кіраўніцтва, а ты - выканальнік.

Было гэта даўнавата, часы былі нялёгкія: жылі ад зарплаты да зарплаты. Аднойчы прыходжу я дадому, а жонка сустракае і неяк сарамліва на мяне глядзіць. "Ну, - думаю, - дакладна штосьці набыла". І сапраўды, Люда кажа: "Саша, тут карціна..." А гэта аказаліся "Лялькі" Аляксандра Вахрамеева, даволі вядомага мастака. Унутрана раззлаваўся, але знешне не паказаў. Карціна была выканана ў даволі простай манеры, якая не патрабуе акадэмічнай падрыхтоўкі, і таму вырашыў, што надалей сам буду маляваць і дарыць ёй карціны. Так сквапнасць стала маёй Музай...

Спачатку маляваў алоўкам, пасля акварэллю, затым і алеем. Часцей за ўсё малюю летам, бо зімой сушыць карціны нязручна, яны моцна пахнуць. І вось калісьці сядзеў на лецішчы з пэндзлем і паперай і падумаў: "Што я час марную! Трэба, каб хоць якая карысць ад карцін была". А праз некалькі месяцаў, ужо восенню, пабачыў аб'яву, што набіраецца курс на іканапіс. Два гады адвучыўся. Сядзелі за партамі ўсе па 18 гадоў і я, якому далёка за сорак.

Праз пэўны час мне даверылі рабіць ікону "Святой Тройцы" для храма ў гонар Нектарыя Эгінскага, што знаходзіцца на тэрыторыі псіханеўралагічнага інтэрната ў Навінках. Але так і ляжыць яна, недапісаная да канца... Чакае свайго часу. Трэба скончыць, бо Люда калісьці гэтага вельмі хацела.

- І ўсё ж такі немагчыма не запытаць у вас пра "Калыханку". Вы ж амаль два дзесяцігоддзі былі яе вядучым...

- Калі-нікалі да мяне прыходзіла думка, што трэба сысці з перадачы, таму што ў пэўнай ступені праз яе фарміруецца вобраз мяне як акцёра не вельмі сур'ёзнага. Ёсць у гэтым адмоўны адбітак. Але аднойчы мой добры знаёмы выказаў цудоўную думку.

Што можна іграць у тэатры, атрымліваць галоўныя ролі, чагосьці дасягнуць, пражыць неблагое жыццё. Але застацца ў лёсе цэлага пакалення ў вобразе Маляваныча куды важней.

- Я таксама адношуся да гэтага пакалення.

- Дзякуй (усміхаецца). Хоць разумею, што гэта звязана нават не столькі са мной, колькі з вашымі ўспамінамі з дзяцінства. І дзякуй Богу, што людзі дагэтуль падыходзяць на вуліцы, вітаюцца і фатаграфуюцца. Гэта такая своеасаблівая падпітка, калі разумееш, што ўсё было зроблена недарэмна.

Вераніка ПУСТАВІТ.