Аляксандр Мінёнак: "Мару стаць сапраўдным артыстам"

06.10.2016

"Звязда"

Саша ўжо паспеў усім даказаць, што ён лепшы. Аляксандр Мінёнак будзе прадстаўляць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні", якое пройдзе 20 лістапада ў Валеце, сталіцы Мальты. Нягледзячы на падрыхтоўку да конкурсу, юны артыст выступае на ўсемагчымых канцэртах і бярэ ўдзел у іншых творчых мерапрыемствах. Часу ў яго амаль няма, аднак ён знайшоў магчымасць пагутарыць падчас свайго прыезду ў Дзяржынск.

- Раскажы пра песню, з якой будзеш выступаць на "Еўрабачанні"?

- Кампазіцыя называецца "Музыка маіх перамог", я напісаў яе разам з Кірылам Ермаком. Яна цалкам пра мяне, бо я заўсёды імкнуўся падымацца вышэй і вышэй...

- І якія мэты ставіш перад сабой?

- Галоўная - гэта перамога на "Еўрабачанні". Насамрэч я буду моцна рады, калі ўвайду ў тройку пераможцаў. Гэта ўжо будзе для мяне перамогай. Другая мэта - выступіць на дзіцячай "Новай хвалі".

- Калі даведаўся пра перамогу ў фінале адбору, якія былі эмоцыі?

- Для пачатку магу расказаць, што адчуваў, калі даведаўся, што прайшоў на адборачны тур. Я быў вельмі шчаслівы. Гэта было ў мой дзень нараджэння, 25 ліпеня. Я не мог паверыць, гэта было сапраўдным шокам. Я быў шалёна задаволены і ў той жа час здзіўлены. Што тычыцца маёй перамогі, я і не спадзяваўся. Стаяў і шчыра радаваўся за Олю, калі галасавалі гледачы. Вельмі хваляваўся, але ўсё адно ўсміхаўся і апладзіраваў. А калі зразумеў, што перамог, не мог апамятацца ад радасці.

- Саша, не баішся "зорнай хваробы"?

- Цяпер у мяне яе няма і, спадзяюся, ніколі не будзе. А калі і здарыцца так, то побач са мной ёсць блізкія людзі, якія дапамогуць з ёй справіцца.

- Раскажы пра тых, хто заўсёды побач і дапамагае?

- Гэта, вядома, мае бацькі. Без іх я нічога б не дасягнуў. Яны заўсёды падтрымліваюць мяне. Таксама мая сястра Аня, якая робіць усе мае фатаграфіі, у гэтай справе яна лепшая. Яшчэ шоу-балет "Сенсацыя" - мае сапраўдныя сябры. З імі я пазнаёміўся, як прыйшоў туды танцаваць. Потым яны даведаліся, што я ўмею яшчэ спяваць і прапанавалі, каб я рабіў гэта з імі. Цяпер на ўсе канцэрты мы ездзім разам, яны заўсёды падтрымліваюць і супакойваюць мяне. Гэтак жа, як і педагог Таццяна Аляксандраўна Трухан.

- Рэпетыцыі, канцэрты... А ў іншых абставінах часта спяваеш? Ці ўмееш іграць на музычных інструментах?

- Заўсёды і ўсюды. Адразу пасля майго выступлення на "Еўрабачанні" выйдзе новая песня, у яе яшчэ няма назвы. Мелодыю песні я склаў сам, а словы напісаў разам з Сяргеем Далматавым. Кампазіцыя будзе пра тое, як я прабіўся, нягледзячы на ўсе перашкоды і цяжкасці... А што пра інструменты, так, іграю на піяніна і акардэоне.

- Што ты марыш рабіць пасля "Еўрабачання"?

- Хачу выступіць на "Х-фактары" ў Амерыцы. Буду вучыць англійскую мову і верыць у сябе.

Хачу даказаць сам сабе і ўсім іншым, што якую мэту ты ні паставіў бы, усё магчыма. Галоўнае — верыць у сябе і не здавацца.

- Як спраўляешся са сваім хваляваннем, можа, ёсць талісманы?

- Я вернік, перад выступленнем малюся, кажу "дзякуй" за ўсё, што ў мяне ёсць, і крочу наперад за марамі і да мэтаў. На шыі ў мяне крыжык, з ім я адчуваю сябе больш упэўнена.

- Раскажы пра свой рэжым?

- У мяне шмат абмежаванняў у ежы: забаронена занадта халоднае, вольны час — толькі па начах. Яго я часта марную на прагляд фільмаў.

Гэтак жа, калі выпадае хвілінка, люблю пагуляць у тэлефоне або вывучыць новую песню. Наогул, я вельмі таварыскі і ў мяне шмат сяброў. Калі мы гуляем, сумна не бывае.

- Калі забыцца, што на табе столькі адказнасці, то чаго б хацеў найперш?

- Вельмі хачу пабываць у Дыснейлендзе. Думаю, усе мараць пра гэта. Гэтак жа я хачу пабываць ва ўсіх краінах і буйных гарадах, асабліва ў Нью-Ёрку. Паесці шкоднага фаст-фуду і папіць салодкай газіроўкі.

- Хто твой іміджмейкер?

- За маім знешнім выглядам, як і ўсяго шоу-балета "Сенсацыя", сочыць педагог Алена Уладзіміраўна Бруева. Яна сама шые нам стыльныя касцюмы. Глядзіць, каб было камфортна ў іх выступаць. Часта яна сама ўсё прыдумае і абдумае ці возьме якую-небудзь рэч і пераробіць яе кардынальна.

- Якія з выступленняў найбольш запомніліся?

- У Артэку. Там проста неверагодна цёплая абстаноўка. Я хачу там пабываць, у гэтай атмасферы, прычым не проста з выступленнем, а правесці ўсю змену.

- Раскажы пра свой самы першы выхад перад гледачамі.

- Гэта было ў садку. Я выконваў песню "Сонечны круг", і выхавальнікі сказалі маім бацькам: "Ён жа добра спявае". Тыя аддалі мяне ў вакальную студыю, і вось з таго часу я і пачаў займацца музыкай.

- Хто з выканаўцаў табе падабаецца?

- Джасцін Бібер і Джасцін Цімберлейк, а з расійскіх - Сяргей Лазараў.

- Кім хочаш быць у будучыні?

- Я заўсёды хацеў быць знакамітым, выступаць на сцэне, таму, што б ні здарылася, буду артыстам, мяне не палохае нават мутацыя голасу. Калі яна адбудзецца, усё роўна зноў навучуся спяваць і выканаю сваю мару стаць сапраўдным артыстам.

Ангеліна НОВІКАВА, вучаніца 11 класа гімназіі №1 г. Дзяржынска.