Алесь Кругляков: "І брытанцы мяркуюць, што іх засудзілі..."

04.06.2005
"Культура", 4 чэрвеня 2005 г.


Хто б мог падумаць, што ў самым, магчыма, дасціпным, абаяльным і прафесійным вядучым Беларускага тэлебачання Алесі Круглякове адкрыецца і аграспецыяліст. "А сорт, з якога ў Макдональдсе робяць бульбу-фры, называецца Rasset Burbank", - раскрываў мне сакрэты Алесь, і тыя словы ў яго вуснах гучалі, нібыта музыка. "Гэта бульба ў два разы болей за пяцідзесяцітысячную купюру", - працягваў вядомы тэлевядучы, і прызнаюся шчыра, што і мяне "пацягнула" падзяліцца наконт бульбы, якую вырошчвае сям'я на лецішчы. Імпазантнасць Алеся Круглякова не ў тым, што ён разбіраецца ў элітных гатунках бульбы і гародніны (сказваецца дапамога бацькам на фермерскай гаспадарцы), ці нават не ў тым, што Алесь свабодна размаўляе на трох мовах і супрацоўнічае з Белтэлерадыёкампаніяй, і нават не ў тым, што ён проста перфекцыяніст у многіх справах... Алесь Круглякоў на кожнае пытанне можа адказаць адначасова і сур'ёзна, і іранічна. I гэта мне падаецца ў ім самым дзіўным. Але ж перш, чым наша гутарка звярнула на агра- ды іншыя сцяжынкі, пачалося ўсё з "Еўрабачання-2005", міжнароднай падзеі, на якой Алесь працуе ўжо не першы год і пра якую ведае, напэўна, больш за нас з вамі.

- Алесь, а за каго, вы "хварэлі" на "Еўрабачанні"?
- Шчыра кажучы, я "хварэў" болей за нашых у мінулым годзе. Мне даспадобы мінулая кампазіцыя. Яна падаецца болып блізкай да беларускага фолька. "Love me tonight" напісалі грэкі, і, напэўна, яны ведаюць, што такое еўрастандарт, але мае сімпатыі на баку "Му Galileo".
Імпаніравалі сёлета нарвежцы. Спачатку я быў толькі назіральнікам, але мяне настолькі ўразіла нахабнасць, з якой рокеры, быццам лісы ў куратнік, пралезлі на, здавалася б, чужы ім конкурс, што патроху пачаў "хварэць" за "Wig Wam". Тым больш, прызнацца, я сам слухаю падобную музыку.

- Што ўвоходзіла ў вашу працу сёлета? Вядома, што летась у Турцыі вы працавалі і перакладчыкам, і вялі прэс-канферэнцыі Аляксандры і Канстанціна...
- I мне прыходзілася шукаць яшчэ пару рук, галоў, каб усюды паспяваць. Сёлета, акрамя ўласна працы каментатара, была толькі адзіная няўрочная работа - мне давялося быць вядучым беларускай party ў вялікім клубе "Арэна", дзе ладзіліся ўсе вечарынкі "Еўрабачання". Нагадаю, што калі летась на нашу
імпрэзу прыйшло прыкладна дзесяць чалавек, улічваючы ахову (так атрымалася, што ў гэты ж дзень у Стамбуле ладзіліся вечарыны Францыі і Манака), сёлета ўсё было з дакладнасцю наадварот.

- Калі ласка, раскажыце пра вечарынку. Беларусь прымалі з цікавасцю?
- Так. 3 вялікай цікавасцю. Сёлета людзей набілася ў клуб столькі, што не было дзе яблыку ўпасці. Частавалі канапэ, кожнаму на ўваходзе дарылі саламяныя кветкі, нашыя дамы былі ў нацыянальных строях... Так бы мовіць, забаўляў публіку перад выхадам Анжэлікі ансамбль "Бяседа". Каманда так "завяла" залу, што вясёленькія брытанцы і бельгійцы пачалі вадзіць карагоды і танчыць упрысядку. Незадаволенымі засталіся толькі масквічы. Калі знік рэжысёр нашай імпрэзы, да мяне падбег Філіп Кіркораў і закрычаў: "Хопіць гэтага фальклору! Давай "Love me tonight". У тую хвіліну я парадаваўся, што ў мяне няма ружовай камізэлькі. 3 вялікім задавальненнем карэктна адказаў прадзюсеру Анжэлікі Агурбаш, што ўсе прэтэнзіі - калі ласка, да рэжысёра.

- Напэўна, гэта фраза ўжо ўвайшла ў гісторыю. Алесь, а ці лёгка, увогуле, знаходзіць словы падчас каментарыя ці выступлення?
- Увогуле, гэта залежыць ад настрою. Падчас працы заўжды ёсць мноства матэрыялу. Але многія стваральнікі прэс-рэлізаў сквапнічаюць наконт выканаўцы: маўляў, нарадзілася, выйграла... Тэксты гэтаксама ў паловы канкурсантаў аднолькавыя "любовь-морковь". Карыстаюся ў асноўным інтэрнет-рэсурсамі. Першы каментарый "Еўрабачання" быў у мяне дастаткова акадэмічным. А потым... Я ўжо шмат разоў казаў пра гэтага чалавека. Вялікі ўплыў на мяне зрабіў брытанскі журналіст Тэры Воган. Сёлета ён каменціраваў "Еўрабачанне" ўжо ў трыццаць трэці раз! Ён вельмі папулярны, і не таму, што так доўга каменціруе музычны конкурс, а таму, як ён гэта робіць.

- I ў чым "фішка" Тэры Вогана?
- Ён насамрэч проста смачна ёрнічае наконт усіх выканаўцаў, улічваючы і саміх брытанцаў. Папулярнасць яго паказвае, якім чынам трэба ставіцца да "Еўрабачання". Для Еўропы гэта ў першую чаргу шоу, а не "стаяць на смерць". Гэта хвароба новых дзяржаў, для якіх міжнародны форум - спосаб вылучыцца.
Дарэчы, пасля "Еўрабачання" я залез на англійскі сайт і прачытаў меркаванне гледачоў ВВС наконт сваіх. Калі памяняць імёны - Джон Сміт, напрыклад, на Іван Пятроў,- рэплікі нічым не адрозніваюцца ад нашых на падобных форумах. Маўляў, нас, брытанцаў засудзілі, ніхто не падтрымаў, усе былі супраць нас... Кожны знойдзе падставу, за што яго могуць не любіць.

- Алесь, наконт шоу. Ведаю, што і вы хацелі б стварыць штосьці падобнае - феерычнае і забаўляльнае...
- Ну, не зусім "Еўрабачанне". Але - магутнае шоу, з гасцямі і вясёлымі скетчамі. Варта, аднак, рабіць у гэтых марах "папраўку на вецер" - на фінансы і палітыку канала. Праграмы падобнага кшталту ў нас не з'явяцца, пакуль не будзе разумення, што падобныя шоу патрэбны і што робяцца яны з вялікай рэкламай і бюджэтам.

- Алесь, вы ніколі не росчароўволіся ў тым, што робіце? У вашай прафесіі?
- Я пастаянна расчароўваюся ў тым, што раблю. У мяне ў душы, ведаеце, жыве такі хваравіты перфекцыянізм, што я наўрад ці калі-небудзь буду задаволены сваёй працай.
А "чыстай" журналістыкай я даўно не займаюся. Пачынаў пісаць у газетах "Знамя юности", "Чырвоная змена", часопісе "Крыніца", потым пэўны час працаваў у "Кроку", а далей пераарыентаваўся на больш забаўляльныя жанры...

- Дарэчы, я ведаю, што вы марылі стаць мастаком-мультыплікатарам...
- Гэта былі дзіцячыя мары! Касманаўтам не хацеў быць, а вось мастаком-мультыплікатарам жадаў і, дарэчы, маляваў коміксы. Калі зразумеў, што ёсць болей таленавітыя за мяне ў гэтай справе людзі, цвяроза паставіўся да сваіх здольнасцей.

- Пра каго былі коміксы?
- Памятаю, што ў "Бярозцы" мне заказалі серыял пра "Палескіх рабінзонаў". Дзеля гэтага я спецыяльна перачытаў Янку Маўра, намаляваў, і выйшлі тры выпускі апавядання ў карцінках. Потым імкнуўся зрабіць разнастайныя баевікі, "зорныя войны". Тады ж не было коміксаў, я разумеў, што забаўляць павінен сябе сам.

- А ці малявалі сваіх уласных герояў? Накшталт чалавека-павука, жанчыны-коткі?
- Так, у мяне былі два героі - хлапчукі Віцёк і Васёк. Яны "крушылі" ўсё, што траплялася ім на шляху: заходніх гангстэраў, іншапланецян... (3 пераходам у наступны клас расла і мая фантазія.) Я размаляваў каля шасці агульных сшыткаў. Пэўная частка майго класа забаўлялася рэгулярна. 3 тэлебачаннем усё адышло ўдалечыню.

- Але ж вы можаце ўсе гэтыя фантазіі зараз апісаць...
- Ды я і пішу. Толькі гэты перфекцыянізм мне перашкаджае! Я напішу пяць старонак, перачытаю і закідваю іх пад ложак ці на шафу. Падчас уборкі знаходжу, прагляджу, і думаецца: а не так і дрэнна. I так бясконца. Я чалавек, "хворы" на фантастыку. Пра востра-сацыяльныя тэмы, пра каханне пісаць, напэўна, не здольны, а вось "лёталкі", "стралялкі" - гэта па маёй часці. Такую бязглуздзіцу людзі пішуць пачкамі, проста камусьці хапае нахабства ўсё гэта надрукаваць.

- Алесь, калі нам, урэшце, вярнуцца да "Еўрабачання", што вас парадавала падчас сёлетняга фесгывалю?
- Вельмі спадабалася, што замежныя госці прыехалі ва Усходнюю Еўропу, і было цікава сачыць за іх рэакцыяй. Прыемна, што некаторыя з іх з задавальненнем пазнаёміліся з нашай славянскай культурай.
Шведская каманда, якая працуе на сцэнах "Еўрабачання", - малайцы! Яны заўжды прыдумваюць штосьці новае, нягледзячы на тое, што, здавалася б, лепей прыдумаць ужо немагчыма.
Дарэчы, мне вельмі спадабалася ўкраінскае сала. Звычайна я ўвогуле не ўжываю гэты прадукт. У мяне пэўная асацыяцыя з салам, як з бясформеннай масай у супе. А тут частавалі такім прыгожым, з мясцом, з кмінам, што я здрадзіў сваім прынцыпам. Аказваецца, сала салу розніца! (Смяецца).

Гутарыла Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ.