Алена Спiрыдовiч: "Калi муж робiць нешта добрае, адразу пачынаю гатаваць шарлотку"

29.11.2013
"Звязда", 29 лістапада 2013 г.


З 30 лiстапада ў эфiры тэлеканала "Беларусь 2" стартуе працяг кулiнарна-гiстарычнага шоу "Беларуская кухня". Праект знаёмiць гледачоў з рэцэптамi беларускай нацыянальнай кухнi - ад тых, хто i ў нашы днi гатуе, не адступаючы ад традыцый. Даследаваць iх у кулiнарным шоу будзе этнограф Ларыса Мятлеўская, для якой кожны выпуск - непаўторная экспедыцыя ў беларускую глыбiнку. Вiртуозны повар Вартан навучыць гатаваць па бабулiных рэцэптах на сучаснай кухнi, а элегантная гаспадыня Алена Спiрыдовiч будзе дапамагаць слушнымi парадамi ў стварэннi кулiнарных шэдэўраў. У размове вядучая падзялiлася ўражаннямi, якiя застаюцца за кадрам, парадамi з уласнай калекцыi i сакрэтам iмправiзацыi на кухнi.

- Якiм вяртаецца да гледачоў праект "Беларуская кухня"?
- Ведаеце, ёсць праграмы i праекты, пра якiя я кажу: усё будзе добра, калi нiчога не будзе змяняцца. Мы працягваем наша падарожжа па гiсторыi беларускай кухнi. Гэта ж бяздонны калодзеж, адкуль яшчэ чэрпаць i чэрпаць. Тут i вучыцца i здзiўляцца можна, што мы i робiм на здымках. Калi б мне прапанавалi весцi проста кулiнарнае шоу, то, хутчэй за ўсё, не пагадзiлася б, таму што проста гатаваць нешта мне сумна. Я i дома магу так рабiць. Зараз шмат шоу такой тэматыкi iснуе. Мне падабаецца некаторыя з iх глядзець i вучыцца чамусьцi новаму. Аднак у нас жа ўсё завязана на славянскiх святах, традыцыях, на ўспамiнах "з глыбiнкi".
У большасцi з нас ёсць цi была бабуля ў вёсцы, да якой мы прыязджалi на лета. I там заўсёды ўмелi прыгатаваць нешта такое смачнае, чаго не рабiла мацi. У мяне бацька родам з Беразiно, i калi я прыязджала да сваёй бабулi, яна частавала мясцовымi прысмакамi. Але я была вельмi малой, каб распытваць пра тыя рэцэпты, запамiнаць iх альбо запiсваць. А зараз нiбы зноў вяртаюся ў дзяцiнства, успамiнаю нешта. Калi да мяне прыйшлi маладыя людзi з iдэяй рабiць такi праект, то згадзiлася не раздумваючы. Адразу спытала пра пачатак здымак - настолькi мне было цiкава. Вось ужо некалькi гадоў праграма iснуе. На жаль, былi перапынкi, але зараз мы зноў вяртаемся да сваёй аўдыторыi.

- I як адбываецца працэс запiсу?
- Звычайна здымкi пачынаюцца ў дзесяць гадзiн ранiцы i цягнуцца да дзесяцi вечара. У дзень запiсваем два-тры выпускi праграмы. Падчас здымак, пакуль чакаем прыгатавання той цi iншай стравы цi iнгрэдыенту, шмат размаўляем, дзелiмся рознымi парадамi. Я пачала гатаваць з большым захапленнем. Мой таварыш па кухнi, повар Вартан, як i я, шмат падарожнiчае. Таму пры сустрэчы мы абмяркоўваем нейкiя рэцэпты, уражаннi з паездак. Бывае нямала i смешных выпадкаў. Напрыклад, калi мы рыхтавалiся да Вялiкадня, то пяклi кулiчы. А здымаем праграмы звычайна напярэдаднi свята. I вось ранiцай мы прыйшлi ў студыю, замясiлi цеста, трэба чакаць, пакуль яно падыдзе. Каб не губляць некалькi гадзiн, Вартан дома загадзя прыгатаваў такое ж. Пачалi пячы з яго розныя варыянты святочных кулiчоў. А замешанае цеста ў кут паставiлi. Знялi адзiн выпуск, узялiся за другi. Цеста ў гэты час расце. Мы яго крыху прыплюснем i далей займаемся сваёй справай. Вечарам, ужо завяршыўшы здымкi, разумеем, што з цестам трэба нешта рабiць. Вартан кажа: "Давайце, я зараз хуценька цеста ў духоўку пастаўлю i будзе нам пiрог". А мы ўжо настолькi стамiлiся, што нiякiх пачастункаў нiкому не хацелася. Я прапанавала забраць цеста дадому. Захутала яго i павезла. Дома выклала на бляху. Праз паўгадзiны пайшоў пах па кватэры - аж на першым паверсе было чуваць. Аднекуль позна вяртаецца муж, я тлумачу яму сiтуацыю. А назаўтра частавала яшчэ i сябровак у лазнi.

- А нейкiя кулiнарныя сакрэты для сябе падмячаеце?
- Безумоўна, вучуся многiм новым рэчам, пачынаючы з дробязяў. Напрыклад, да праграмы я соль цi спецыi клала ў стравы лыжачкай, а Вартан усё бярэ рукой. I мяне вучыць пальцамi адчуваць неабходную норму. Аказваецца, так больш зручна, аднак трэба навучыцца гэтаму. Яшчэ ён распавёў, што я нiшчыла добрыя спецыi. Я вельмi люблю прывозiць розныя спецыi з тых краiн, дзе бываю. Вось, напрыклад, зiра - прыправа, якая нечым напамiнае наш кмен. Раней я проста брала яе i дадавала ў страву. А трэба спачатку патрымаць яе на гарачай сухой патэльнi секунд трыццаць, пакуль яна не пачне трэскацца, а потым яшчэ патаўчы яе крыху керамiчнай ступкай, каб расцiснуць, выпусцiць пах. Важна дапамагаць стравам раскрыцца. Цi ж ведала я, што, дадаўшы ў бульбяное пюрэ крыху мускатнага арэху, можна смак яго зрабiць непаўторным.

- Ёсць, мабыць, месца здзiўленню i падчас пошуку ў вёсках гераiнь для праграмы?
- У вёсках мы стараемся шукаць цiкавых гаспадынь. Яны не артысткi прафесiйныя, аднак важна, каб перад камерай адчувалi сябе свабодна. Уявiце, часам сустракаюцца бабулi, якiя дзеляцца рэцэптамi сваiх прабабуль. Напрыклад, сёння, калi трэба нешта ўзбiць для прыгатавання стравы, то варта ўзяць мiксер альбо блендэр - i праз некалькi секунд усё гатова. Што ж робiць бабуля ў вёсцы? Яна бярэ галiнку ядлоўцу, высушаную i без iголак, i, трымаючы яе памiж далоняў, пачынае ўзбiваць тое яйка. Я, калi ўбачыла, то проста была ў захапленнi. Многаму вучымся i многае дазнаёмся. Нават нейкiя падрабязнасцi з гiсторыi таго цi iншага прадукту харчавання. Тыя ж спецыi сёння ў горадзе можна набыць любыя, а на вёсцы, як кажуць бабулi, "кроп усiм запраўляе". Альбо смак нейкай стравы з шампiньёнамi не параўнаць з тым, калi дадасi лясныя грыбы, пасушаныя на печцы.

- Той факт, што ў праграме пра нацыянальную беларускую кухню гатуе повар з незвычайным iменем - не выпадковасць?
- Па-першае, Вартан - лепшы повар з тых, каго я ведаю. Па-другое, ён не адзiн год жыве ў Беларусi. Выдатна разбiраецца ў беларускай, турэцкай, iтальянскай, французскай кухнях. Для повара нацыянальнасць не мае значэння. Проста так супала, што Вартан, як i мы, загарэўся iдэяй рабiць гэты праект. Акрамя таго, трэба ж яшчэ i ўмець вучыць гатаваць, што ўдаецца не кожнаму. Таму ўсё тлумачыцца толькi гэтым.

- Ад гаспадынь часта можна пачуць, што на смак стравы ўплывае настрой. Падзяляеце такi погляд?
- Настрой i думкi, з якiмi прыходзiш на кухню, адыгрываюць сваю ролю. Не варта брацца за прыгатаванне ежы, калi вы ў дрэнным настроi альбо не вельмi добра сябе адчуваеце. Бо i цеста можа не падысцi, i перасалiць нешта здараецца. Усё ж робiш рукамi, таму i такi ўплыў. Калi ты добра ставiшся да людзей, якiя будуць потым каштаваць прыгатаваную страву, то трэба настройвацца на працэс. На здымкi праграмы мы iдзём як на свята.

- Вы асабiста любiце iмправiзаваць на кухнi?
- Кухня - месца для творчасцi, дзе адбываецца дзейства. Нават гатуючы просты салат, я выбiраю прадукты ў залежнасцi ад настрою. Напрыклад, калi ў мяне ёсць жоўтыя памiдоры i жоўты перац, то абавязкова аддам перавагу iм. Жоўты наогул мой любiмы колер. А калi жоўтай агароднiны няма, то проста вазьму капусту i дадам палову морквы, бо хочацца пазiтыву. На кухнi я дзейнiчаю па iнтуiцыi. Бывае, варыш першую страву, зазiрнеш у маразiлку, а там рэзаныя шампiньёны, - цудоўна, будзе грыбны суп, нават калi толькi што думала пра боршч.

- А што думаеце пра тое, быццам з дапамогай ежы можна скарыць сэрца мужчыны?
- Гэта можа не самы просты, але даступны спосаб сказаць каханаму чалавеку, што ты думаеш пра яго. Калi мужчына прыходзiць дадому, а там - смачныя пахi, то ён разумее: яго чакаюць. Ранiцай варта прачнуцца на пятнаццаць хвiлiн раней, каб прыгатаваць мужу сняданак, прыгожа падаць. I такi маленькi ўчынак паказвае тваё стаўленне да чалавека. Замест тысячы слоў здзейснiць маленькi подзвiг пад сiлу кожнай з нас. Я часам вяртаюся вельмi стомленай з працы, але калi бачу, што муж робiць нешта добрае, то адразу пачынаю гатаваць шарлотку. I ён разумее: запахла любiмым дэсертам - значыць, я ацанiла зробленае.

- Вы казалi, што любiце спецыi. А якiя з iх характарызуюць вас?
- Як нi дзiўна - я ж славянка - сябе апiсала б як усходнi арамат. У маёй сумесi былi б кардамон, iмбiр, зiра, мускатны арэх. Яшчэ базiлiк, тархун. А асацыяцыi ў кожнага свае. Павiнна ж быць у жанчыне загадка...

Алена ДРАПКО.