Алена Насачова: "Дасягненні не "падаюць з неба"

02.08.2013
"Звязда", 2 жніўня 2013 г.


Яна з тых жанчын, якія на дробязі не разменьваюцца. Калі яна хоча нечага, то не траціць час на мары, а распрацоўвае план, каб дасягнуць жаданага. У свой час факультэт журналістыкі быў не адзінай перспектывай, але яна адчувала, што хоча трапіць на тэлебачанне. Сёння Алена працуе на "Беларусь 1" і міжнародным спадарожнікавым тэлеканале "Беларусь 24". Яна вядучая выпускаў "Навін", якія рыхтуе Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі. Паспрабаваўшы сябе ў амплуа рэдактара, аўтара праграм, адчувае сябе камфортна ў фармаце навін. Пра тое, як сны становяцца рэальнасцю, ці магчыма жыць у стане эйфарыі і чаму "зорная хвароба" абмінае Алену, "Звязда" даведалася з першых вуснаў.

- Навіны - ваш стыль жыцця. Як можна яго апісаць?
- "Навіны" - на сняданак, "Навіны" - на абед, а часта і замест яго, апошнія падзеі перад сном і сон, у якім... спазняешся на эфір...

- Ці здаралася, што такія сны паўтараліся ў рэальнасці?
- Такіх сітуацый баялася асабліва на пачатку працы. А сны былі вельмі частымі. У іх нават былі дэтэктыўныя сюжэты, калі ў мяне аўто зганялі, у якім ляжыць мікрафонная папка. Я сама ў гэты час знаходжуся ў Барысаве, а да эфіру застаецца дзесяць хвілін... Дзякаваць Богу, у рэальным жыцці сюжэты, набліжаныя да сноў, мелі лагічны характар. Рэальных спазненняў на эфір у маёй практыцы не здаралася. Быў толькі выпадак, калі ў нас была "прафілактыка" на канале. Пра яе ўсе ведалі, таму пасля ранішніх эфіраў мы з калегай вырашылі паехаць па сваіх справах. А праз нейкі час нам тэлефануюць з работы і запытваюць, дзе мы знаходзімся, бо праз дзесяць хвілін прамы эфір. Мы, добра разумеючы, што такое немагчыма, "ляцім" на студыю. І тут зноў тэлефонны званок, нам кажуць, што патурбавалі памылкова. Але стрэс тады адчулі жудасны.

- У свой час вы былі рэдактарам, вядучай, аўтарам праграм - якое з гэтых амплуа найбольш складанае ў выкананні?
- Амплуа навічка, калі толькі спасцігаеш азы. Думаю, так у любой прафесіі адбываецца да той пары, пакуль не "намацаеш" сутнасць, аснову, не зразумееш прынцып працы. А пасля таго, як гэта ўдаецца, то пачынаецца этап "адточвання майстэрства". І тут працэс не столькі карпатлівы, колькі азартны. Асабіста для мяне.

- Моманты "творчага крызісу" вам знаёмыя ці гэта проста спроба людзей апраўдаць сваю ляноту?
- Лянота з'яўляецца ці ад адсутнасці матывацыі, ці ад стомленасці. У мяне быў перыяд, калі менавіта ў творчым плане вельмі хацелася зрабіць паўзу, спыніцца, каб падумаць і раскласці ўсё па палічках... І гэта нармальна. Паглядзіце, вось, напрыклад, спартсмены падыходзяць да піку формы і нейкі час знаходзяцца ў такім стане, але ж не пастаянна. Але ніхто не кажа пра крызіс - усе ўспрымаюць такі ход падзей як натуральны. А чаму да творчых людзей стаўленне павінна быць іншым? Пагадзіцеся, жыць увесь час у стане эйфарыі немагчыма.

- Вы не першы год у эфіры. Тое самае адчуванне эйфарыі яшчэ прысутнічае?
- Эйфарыю адчуваю ад таго, што займаюся любімай справай.

- Часта вас гледачы пазнаюць на вуліцы?
- Здараецца. Часам падыходзяць і кажуць, што глядзяць мае праграмы. Чуць такое, безумоўна, прыемна. Бывае, сустракаюць мяне, доўга ўглядаюцца, а потым з пэўнай асцярожнасцю кажуць: "А якую праграму вы ведзяце, нагадайце, калі ласка". Такое таксама прысутнічае. Часта лаўлю проста дапытлівыя позіркі, магчыма, гэта зусім ніяк не звязана з папулярнасцю (смяецца).

- А так званая "зорная хвароба" вас абмінула?
- Я думаю, пытанне больш да тых, хто знаходзіцца побач. Хачу спадзявацца, што на "зорнасць" я не хварэла і не захварэю. Магчыма, калі вынікі "падаюць з неба", то ўспрымаюцца па-іншаму. А калі ты робіш крокі для дасягнення сваёй мэты, то вынік успрымаеш як заканамернасць, натуральна. І ў мяне на гэтым фоне не ўзнікае думкі, што я магу пазіраць на іншых звысоку.

- Фармат праграмы навін дазваляе вам эксперыментаваць з вобразам вядучай?
- Яшчэ як! Вы правільна заўважылі: фармат навін мае пэўныя рамкі. Сёння ў навінах стыль, як і раней, дзелавы, але "налёт рамантызму", на мой погляд, больш ярка прысутнічае, чым было гэта гадоў дзесяць таму. Тады немагчыма было ўявіць вядучую праграмы навін зрасплеценымі валасамі ў кадры, ды яшчэ і з завітымі локанамі. А зараз мы ўспрымаем такі падыход нармальна. Тое ж самае можна сказаць і пра адзенне. Нават рукаў "тры чвэрці" быў не заўсёды дапушчальным, цяпер жа блузы з рукавамі-"ліхтарыкамі" - ужо не забарона. Тэлебачанне становіцца больш набліжанным да жыцця. І гэта ў роўнай ступені датычыцца не толькі кантэнту праграмы, але і таго, што мы называем "карцінкай". Калі тэмпература па краіне плюс трыццаць, а з экрана на вас пазірае строгі твар у дзелавым касцюме, то будзе адзін узровень успрымання. І зусім іншы прыклад, калі вядучая - яна ж не з іншай планеты - паведамляе апошнія навіны, але апранутая ў рамках "фармату" і "па надвор'і" - узмацняецца эфект прысутнасці і прыналежнасці. А эксперыментаваць я люблю!

- Як ставіцеся да пераўтварэнняў, калі трапляеце ў рукі стылістаў?
- З вядучымі Агенцтва тэлевізійных навін працуюць высакакласныя майстры. Самае каштоўнае - яны не навязваюць сваё бачанне, а толькі далікатна падкрэсліваюць і раскрываюць індывідуальнасць, працуючы над вобразам. Атрымліваецца своеасаблівы творчы тандэм стыліста і вядучага. У выніку мы маем не сюрпрыз, а тое, што з'яўляецца ў працэсе прадуманай сумеснай працы. Я кажу пра свой вопыт, таму, працуючы з новымі стылістамі і візажыстамі, галоўнае - дакладна паставіць задачу і разам яе паспяхова рэалізоўваць!

- На экране вы строгая лэдзі, а ў жыцці...
- Якая я ў жыцці, думаю, лепш было б спытаць у маіх блізкіх і тых, хто мяне добра ведае... Мабыць, бываю рознай. Перфекцыяністка - гэта дакладна. Праўда, я вучуся быць ёю не заўсёды, вучуся ўзнагароджваць сябе нават за невялікія перамогі і дасягненні...

- Дачка любіць пераймаць вашы паводзіны?
- Менавіта так, пераймаючы нешта ад дарослых, дзеці і спасцігаюць многае ў жыцці. У нас недзе нават ёсць яе фотаздымак, дзе яна ў маіх упрыгажэннях, у туфлях на абцасах і з папкай у руках. Такое здараецца перыядычна. І Наташа, і Жэня часам нават збіраюцца-адзявацца са словамі "ну, я паеду на працу!"

- Кажуць, у дзяцей можна шмат чаму навучыцца, вы згодны з гэтым?
- Безумоўна. Мне здаецца, што яны больш дарослыя, чым былі мы ў дзяцінстве. Наташа нарадзілася мудрай. Часам яна гаворыць, разважае так, быццам чалавек, які мае багаты жыццёвы вопыт за плячыма, зусім не па-дзіцячы. Жэня, хоць і малодшы за яе, але несаступае сястры ў гэтым. Памятаю, яму было гады два з паловай, калі ў адной нялёгкай сітуацыі ён сказаў: "Трэба галавой думаць!"

- Што важна ў выхаванні дзяцей?
- На жаль, быць бацькамі не вучаць ні ў школе, ні ва ўніверсітэце... А выхаванне - цэлая навука, і не адна! Я думаю, для таго, каб закласці ў дзіця нешта, трэба, як мінімум, каб адносіны базаваліся на даверы. Бо калі бацькі штучна ўзносяць сябе на п'едэстал і адтуль спрабуюць нешта сваім дзецям данесці, то, магчыма, тыя да нечага і прыслухаюцца, і нават вырастуць выхаванымі людзьмі, але з вялікай колькасцю пабочных эфектаў у выглядзе комплексаў. Таму я супраць аўтарытарных метадаў выхавання. І разам з тым, чым раней дзіця зразумее, што ў грамадстве існуюць пэўныя рамкі паводзін, што ў кантакце з іншымі людзьмі трэба паважаць іх межы, як і свае асабістыя, і г.д., тым лягчэй ім будзе арыентавацца ў жыццёвай прасторы.

Алена ДРАПКО.