Алена Трацэнка: памыляцца не сорамна: і ў мове, і ў жыцці

19.02.2016

"Звязда"

Так лічыць Алена Трацэнка, вядучая праграм "Размаўляем па-беларуску" і "Дыяблог пра мову" на канале "Беларусь 3".

Між іншым, пра тэлебачанне яна ў дзяцінстве не марыла. Проста гуляла са скакалкай, трымаючы яе, як мікрафон, і спявала. Ці вершы чытала... Сёння ж у Алены хапае сіл і часу не толькі на два рэспубліканскія праекты, але і на тое, каб вышываць крыжыкам і вырошчваць кветкі на дачы. Яшчэ яна расказала мне пра сакрэты маладосці і любоў да беларускай спадчыны.

- Думак, што я некалі буду працаваць на тэлебачанні, у мяне не было. Я ведала, што буду ці выхавальніцай у садку, ці настаўніцай у школе. У нашай сям'і рана памёр бацька, і я адразу зразумела, што трэба хутка атрымаць прафесію. Нягледзячы на тое, што гомельскую школу №26 скончыла з сярэбраным медалём, пайшла ў педагагічнае вучылішча, каб праз год і 10 месяцаў пачаць зарабляць грошы - дапамагаць маці. Мой першы аклад быў 92 рублі. У той жа час, калі глядзела тэлевізар і бачыла Кацярыну Андрэеву, якая абвяшчала праграму тэлеперадач, здавалася: і я так змагла б. І калі адвучылася ва ўніверсітэце, нарадзіла сына, папрацавала ў дзіцячым садку, - пачула па радыё аб'яву аб наборы дыктараў у Гомельскае абласное тэлерадыёаб'яднанне. Тады рашыла, што трэба паспрабаваць.

- Але ж, ведаю, вы не адразу прайшлі па конкурсе?

- Сапраўды, не з першага раза атрымалася. Мне здалося, што я спадабалася, але ўзялі Наташу Маславу. А потым яна пайшла ў дэкрэтны водпуск, і зноў спатрэбіўся дыктар. Тады, у 1995 годзе, успомнілі пра мяне. Дыкцыя ў мяне была нядрэннай заўсёды, бо з першага класа з вялікай сцэны чытала вершы і спявала. Калі патрапіла на гомельскае тэлебачанне, вельмі дапамагаў слушнымі парадамі дыктар Рыгор Капаткоў. Ён дзяліўся сваім вопытам, даваў чытаць неабходныя кнігі. Дарэчы, нас з Вольгай Карчэўскай, якая была дыктарам на рыдыё, хутка накіравалі на курсы ў Мінск. З намі працавалі Тамара Лонская і Уладзімір Баклеічаў. Яны многаму нас змаглі навучыць. Я і цяпер час ад часу раблю спецыяльную размінку для голасу і добра ведаю, калі свой голас трэба паберагчы.

- Неспадзяванкі падчас працы былі?

- А як без іх? Напярэдадні Новага года мяне пасадзілі чытаць аб'яву. Маімі вуснамі кіраўніцтва водаканала звярталася да грамадзян. Я так хвалявалася, што прачытала: "Паважаныя грамадзяне, не адкладайце ўсе справы на вечар 32 снежня, бо могуць здарыцца перабоі з гарачай і халоднай вадой". Так у мяне, як у Мюнхгаўзэна, з'явіўся свой лішні дзень у календары.

- Алена, беларуская мова прыйшла ў ваша жыццё не ўчора...

- Так, я завочна закончыла беларускае аддзяленне філфака Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дарэчы, яго выбрала свядома - мне гэта грэла душу. Калі памятаеце, у канцы 80-х у грамадстве быў усплёск цікавасці да ўсяго беларускага. Між тым, я тады ў першую чаргу слухала сябе і не думала, што мова калісьці будзе запатрабавана... На тэлебачанні па-беларуску пачала весці навіны. Паколькі я строга стаўлюся да якасці тэксту, заўсёды папраўляла, калі мне нешта не падабалася. Бо разумела, што тыя ж выкладчыкі ўніверсітэта спытаюць менавіта з мяне. Я працавала дыктарам, але ж заўсёды разумела, што знешнасць не вечная, і трэба вучыцца далей. У адзін момант са штатнага раскладу ўвогуле знялі пасаду дыктара. Усіх дыктараў тады аўтаматычна перавялі ў рэдактары і паставілі перад фактам: хочаш працаваць - вучыся рабіць нешта яшчэ. Аказалася, што гэта вельмі цікава - пісаць тэксты. Спачатку - для праграмы "Віншую", потым я дапамагала Святлане Яўрасавай у рабоце над рэспубліканскім праектам "Дача+" - здымала асобныя сюжэты. Ну а далей была праграма "Вечарынка па пятніцах", для якой я разам з калегамі пісала сцэнарыі.

- На ваша станаўленне - як прафесіянала і чалавека - паўплываў удзел у сацыяльным праекце "Я шукаю маці"?

- Мы год рыхтаваліся да ўвасаблення гэтага тэлепраекта. Я ездзіла ў дзіцячыя дамы, размаўляла з іх кіраўнікамі, дамаўлялася, каб яны дазволілі нам рабіць такую праграму, якая б садзейнічала ўладкаванню дзяцей у сем'і. Дырэктары мне растлумачвалі, наколькі складанае гэта пытанне. Мэтавай аўдыторыяй той праграмы былі людзі, якія маглі б узяць дзіця на выхаванне або яго ўсынавіць. Мяне кіраўнікі дзіцячых дамоў пастаянна папярэджвалі: эмоцыі не павінны пераважваць! Браць дзіця ў парыве эмоцый нельга. Трэба разумець: не дзіця для сям'і, а сям'я для дзіцяці. Калі вы хочаце зрабіць некага шчаслівым і пры гэтым гатовыя непазбежна сутыкнуцца з вялікімі цяжкасцямі, тады бярыце дзіця і адказвайце за яго лёс. І нам, стваральнікам праграмы, нельга было заігрываць з гледачом. Мы імкнуліся падкрэсліць: узважце свае сілы, магчымасці і цярпенне. Такія праграмы, акрамя слёз замілавання і жалю, павінны выклікаць жаданне вывучыць гэтае пытанне грунтоўна, з халоднай галавой. Урэшце, па выніках праграмы, больш за 20 дзяцей забралі ў сем'і.

- За той абласны праект, які пачаў выходзіць у эфір раней, чым аналагічны расійскі, ваша каманда атрымала "Тэлевяршыню"...

- Я не была гатовая да таго, што мы возьмем "Тэлевяршыню". Тады ў намінацыі ўвогуле былі моцныя праекты, і я зусім не была ўпэўнена ў перамозе. Але ж, калі гэта адбылося, вельмі ўзрадавалася. У першую чаргу не за сябе і нават не за сваю каманду. А за тое, што перамагла сацыяльна важная тэма.

- Сёння вы робіце два вялікія рэспубліканскія праекты для канала "Беларусь 3": "Дыяблог пра мову" і віктарыну "Размаўляем па-беларуску". Дарэчы, абодва на беларускай мове і накіраваныя на яе папулярызацыю ў грамадстве.

- Яшчэ ў 2010 годзе гэты праект "Размаўляем па-беларуску" для абласнога эфіру прапанаваў наш тагачасны кіраўнік Віктар Котаў. Ён, рускі па нацыянальнасці, вельмі хацеў бачыць беларускамоўную праграму на тэлебачанні. Гэта была пяціхвілінная праграма, якую спачатку вёў Святаслаў Крупенька - педагог, пісьменнік, паэт, мовазнаўца. Мы рабілі невялічкія замалёўкі на нейкую вызначаную тэму - напрыклад, прывітанне ці развітанне па-беларуску. Потым праграма атрымала развіццё ў іншым фармаце. Мы шукалі розныя магчымасці, каб прыцягнуць увагу гледача да моўных праблем. Напрыклад, тлумачылі лексічныя і граматычныя асаблівасці беларускай мовы, фразеалагізмы, гаварылі пра гаспадарчыя прадметы, якімі карысталіся беларусы, іх адзенне і гэтак далей. Ну а потым ідэя спадабалася кіраўніцтву трэцяга беларускага тэлеканала. Канешне, канцэпцыю мы змянілі прынцыпова - урэшце, пакінулі толькі назву. Цяпер гэта тэлевіктарына для тых, хто вывучаў мову ў школе, але не часта карыстаецца ёю ў жыцці. Гульцы звычайна ведаюць абмежаваную колькасць беларускіх слоў, але ж яны хочуць узбагаціць слоўнікавы запас і зацікавіць астатніх. І таму ў нашай студыі не сорамна памыляцца.

- Для праграмы "Дыяблог пра мову" вы знаходзіце вельмі цікавых суразмоўцаў, якія часта не з'яўляюцца медыйнымі асобамі. Іх, напэўна, не лёгка выцягнуць у студыю?

- Я шчаслівы чалавек: у мяне ёсць магчымасць кантактаваць з людзьмі, якія маюць вялізны досвед у галіне мовазнаўства. Яны расказваюць гледачам шмат цікавага - такое ў інтэрнэце не знойдзеш. Я вельмі паважаю людзей, якія звязалі жыццё з вывучэннем роднай мовы. І так прыемна, калі яны, пабываўшы ў эфіры, атрымліваюць станоўчыя водгукі ад удзячных гледачоў. Раптам аказваецца, што не толькі зоркі эстрады ці спартсмены могуць быць цікавымі для тэлевізійнай публікі людзьмі, але і навукоўцы, якія валодаюць глыбокімі дасканалымі ведамі.

- Алена, ведаю, што многія далёкія ад тэлебачання людзі здзіўляюцца, што вядучая праграмы сама выбірае тэмы, піша сцэнарый, дамаўляецца з гасцямі, растлумачвае ім умовы існавання ў кадры...

- Падрыхтоўка праграмы займае ў 10 разоў больш часу, чым сама праграма ў эфіры. Канешне, з кожным госцем я імкнуся асабіста дамовіцца аб сустрэчы, расказаць, як апрануцца, у які момант гаварыць... Я не спрабую іграць у кадры. У "Дыяблогу пра мову" я магу сказаць госцю: дапамажыце мне. Я лёгка прызнаю, што магу чагосьці не ведаць. Гледачу важна асэнсоўваць, што чалавек "з тэлевізара" такі ж, як ён сам. Для гэтага патрэбна імправізацыя ў кадры, за якой стаіць дасканалая падрыхтоўка і бездакорная работа ўсіх, хто працуе разам з табой над праграмай. Бо ў эфіры ты не павінен думаць пра тое, як у цябе ўкладзены валасы.

- Вас хапае на што-небудзь, акрамя работы?

- Я люблю вышываць крыжыкам. Мне падабаецца манахромная вышыўка. Я прыйшла да гэтага гады тры таму і прасіла маму, каб яна мяне навучыла. Тут ёсць нешта падобнае на стварэнне перадачы. Ты доўга і ўпарта робіш усё, каб нешта атрымалася, але да самага канца не ведаеш, які будзе вынік. А потым раз - і здзіўляешся. Мяне не хапае на вялізныя палотны, а вось мініяцюры я вышываю з задавальненнем. Яшчэ люблю ўсё, што звязана з вадой. Памыць посуд для мяне — шчасце. Вельмі люблю плаваць у басейне. Дачай займаецца мая маці, але ж я ёй таксама дапамагаю і атрымліваю задавальненне ад праполкі ці палівання раслін...

- Самае важнае пытанне для ўсіх жанчын: што вы робіце, каб захаваць такую форму?

- Я аптыміст па жыцці і імкнуся радавацца малому. Магчыма, таму жыццё дае мне нешта большае. Ёсць такі закон прыроды: трэба аддаваць тое, што маеш. І тады будзеш атрымліваць тое, што табе трэба. Я ніколі не баюся, што ў мяне ўзнікнуць маршчынкі. І таму заўсёды шчыра ўсміхаюся.

- На вуліцы людзі часта пазнаюць?

- Вітаюцца, так. І вельмі часта - па-беларуску. Летась з ансамблем "Бяседа" ездзіла па райцэнтрах Беларусі. Перад іх канцэртам праводзіла на сцэне міні-віктарыну накшталт тэлегульні "Размаўляем па-беларуску". Часта на сцэну выходзіла не шэсць чалавек, а дванаццаць. Такім чынам у мяне з'явілася многа сяброў па ўсёй краіне, і цяпер многія з іх прыязджаюць да нас на гульню.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.