Алені, супермены і цыганачка з выхадам, або Як выбіралі кандыдатаў на "Еўрабачанне"

09.12.2014
"Звязда", 9 снежня 2014 г.

 
Вечарам мінулай пятніцы, 5 снежня, прафесійнае журы вызначылася з фіналістамі нацыянальнага адбору песеннага конкурсу "Еўрабачанне". Іх імёны былі агучаны ў прамым эфіры праграмы "Панарама". Праўда, нягледзячы на заўвагу старшыні адборачнага журы Аляксандра Ціхановіча наконт таго, што сёлета было прадстаўлена шмат цікавай моладзі і адкрылася нямала новых імёнаў, у фінал прайшлі ў асноўным артысты з імем і багатым сцэнічным вопытам. Ужо ў нядзелю лёсаванне вызначыла парадак іх выступлення ў фінальным канцэрце, які адбудзецца 26 снежня і будзе паказаны ў прамым эфіры "Беларусь 1" і "Беларусь 24".
Лёсаванне склалася наступным чынам: адкрые шоу гурт Napolі, пад нумарам 2 выступіць Lіs (Дзяніс Ліс, які сёлета ўжо ўдзельнічаў у "Еўрабачанні" ў якасці бэк-вакаліста Тэа), нумар 3 дастаўся Дарыі, 4 - Гюнеш, 5 - Яне Буцкевіч і гурту Muzzart з Брэста, 6 - пераможцы мінулага сезона "Акадэміі талентаў" Валерыі Садоўскай, 7 - гурту Rostany (спадчыннік зніклага гурта "Dalі", заснаваны вакалістам Віктарам Рудэнкам), 8 - Жанет, 9 - салісту прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Аляксею Гросу, 10 - нашумеламу дзявочаму праекту Аляксандра Рыбака MІLKІ, 11 - дуэту спевака Юзары і спявачкі Маймуны, 12 - магілёўскаму гурту "Беатрыс", 13 - баяністу і спеваку Віталю Варанко, 14 - Настассі Малашкевіч (падапечная Паўла Клышэўскага), а закрые канцэрт Наталля Адзінцова (ураджэнка Магілёва стала шырока вядомай пасля выканання галоўнай жаночай ролі ў мюзікле "Прарок"), якая выступае пад сцэнічным псеўданімам Tasha ODІ.
Дарэчы, сёлета практычна кожны ахвотны мог далучыцца да праслухоўвання і праверыць, ці супадае яго ўласны музычны густ з меркаваннем журы: упершыню Белтэлерадыёкампанія зладзіла на сваім сайце анлайн-трансляцыю з абодвух дзён папярэдняга адбору. Гэтай магчымасцю скарысталіся, дарэчы, не толькі беларусы - трансляцыю глядзелі прадстаўнікі больш чым 70 краін свету, у тым ліку з Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы, Нідэрландаў, Грэцыі, Ізраіля, ЗША, Канады. Але, безумоўна, выдаткаваць столькі часу на "музычную дэгустацыю" мог дазволіць сабе далёка не кожны, таму пэўная частка прэтэндэнтаў засталася па-за ўвагай шырокай публікі. "Звязда" склала своеасаблівы хіт-парад тых удзельнікаў, хто па розных прычынах не прайшоў у фінал адбору, але пакінуў пра сябе незабыўнае ўражанне.

Зомбі-бэнд "Sweet Braіns"
Загадзя шырока разрэкламаваўшы сябе, загадкавыя персанажы ў выглядзе бадзёрых зомбі з'явіліся на кастынгу практычна поўнай копіяй папулярнай камп'ютарнай гульні "Plants VS Zombіes" - і вобразы і, што больш важна, прадстаўленая песня нібыта сышлі з камп'ютарных манітораў. Магчыма, таму, каб пазбегчы абвінавачанняў у плагіяце, суддзі "жывых мярцвякоў" далей папярэдняга адбору і не прапусцілі.

Гурт "Аўра"
Сямейны і творчы дуэт прадставіў на суд журы беларускамоўную песню "Закаханая", упрыгожаную шчымлівай аранжыроўкай у балканскім стылі. "Гэта наша прынцыповая пазіцыя, - падкрэсліў пасля выступлення кампазітар Яўген Алейнік, - што на "Еўрабачанні" ад Беларусі мусіць гучаць беларуская песня. Нацыянальная адметнасць заўжды ў пашане. Інакш чым мы плануем здзівіць Еўропу - поп-музыкай у стылі славутых шведскіх калектываў? Быццам еўрапейская публіка гэтага яшчэ не чула...". Не атрымаўшы пуцёўкі ў фінал, артысты, здаецца, не засмуціліся і запэўнілі, што працягнуць музычную прапаганду "спявай і слухай сваё".


На сёлетнім адборы, дарэчы, хапала цікавых беларускамоўных кампазіцый, прычым як ад традыцыйных "народнікаў", так і ад прадстаўнікоў альтэрнатыўнага кірунку - дуэта Navі, гуртоў Rokash і Hurma, дзявочага ансамбля "Квартэт" з Гродна, сталічнага гурта Tesaurus ды іншых. Але ніводная з гэтых песень, на жаль, не ўразіла суддзяў настолькі, каб трапіць у фінал...

Людміла Рудая
Пенсіянерка з Косава выйшла на сцэну ў вобразе бабулі-рокера - і песню, уласна, назвала гэтаксама. Але яркага вобразу і пачуцця гумару, якія прыйшліся да месца ў адборы тэлепраекта "Я магу!" і спадабаліся на ўкраінскім шоу "Рассмяшы коміка", не хапіла для сапраўды сур'ёзнай заяўкі на еўрапейскі песенны конкурс.

Руслан Кустурыца
У маі гэтага года цыганскае шоу пад кіраўніцтвам Руслана сустракала прадстаўніка нашай краіны з "Еўрабачання" ў аэрапорце, а ўжо ў снежні самі ўдзельнікі ансамбля прэтэндавалі на тое, каб прадстаўляць Беларусь на конкурсе. Уразілі, зрэшты, не столькі яркімі сцэнічнымі касцюмамі і страснымі танцамі, колькі дзіўнай песняй з рэфрэнам "Толькі б не было вайны...". Пасля выступлення ў вачах усіх прысутных на праслухоўванні вялікімі літарамі чыталася пытанне: што гэта было і пры чым тут цыгане?!

Дубравін і Красоўскі
Інтэрнацыянальны беларуска-ўкраінскі дуэт парадаваў выдатным вакалам і выступленнем у стылі Сан-Рэма. "Нават не верыцца, што яны спяваюць на англійскай, а не на італьянскай мове", - перашэптваліся за спінамі журы шматлікія назіральнікі. Сарваўшы апладысменты прысутных, галасістыя ўдзельнікі, тым не менш, засталіся за межамі фіналу.

Гурт "Артэфакт"
Выйшлі на сцэну чамусьці ў касцюмах супергероеў з папулярных коміксаў, хоць уразілі зусім іншым - выдатным вакалам і драйвам, укладзеным у тры хвіліны песні "Супермен". Праўда, як высветлілася, правілы нацыянальнага адбору хлопцы чыталі няўважліва і рыхтаваліся да "жывога" выступлення, таму ледзь паспелі падрыхтаваць мінусавую фанаграму. Ці згуляў у мінус менавіта гэты факт, невядома, але ў фінале мы "Артэфакт" не пачуем - прынамсі сёлета.

Цімур Прахін
Леташняя няўдалая спроба скарыць "Еўрабачанне" немудрагелістай мелодыяй і вострасацыяльнымі тэкстамі не адбіла ў фрык-артыста з Мінска ахвоты працягваць эксперыменты. На сёлетні адбор, відаць, рыхтуючыся ўжо да "ёлак", Цімур з кампаніяй прыйшоў у касцюмах Санта-Клауса і яго спадарожнікаў-аленяў, прычым гэтыя ўборы свяціліся і пераліваліся светладыёдамі ў цемры пад жвавы прыпеў "Нашай веры яркае святло". У стане, набліжаным да культурнага шоку, суддзі нават дазволілі выканаўцу выступіць двойчы, каб прадэманстраваць усе спецэфекты - але ў фінал не пусцілі.

...У 15 артыстаў і калектываў, якія атрымалі шчаслівыя білецікі і на крок наблізіліся да еўрапейскага конкурсу, застаецца крыху больш за два тыдні, каб адшліфаваць свае выступленні і дабіцца пуцёўкі на "Еўрабачанне" ад публікі і журы ў фінале (нагадаем, дарэчы, паводле правілаў адбору, у фінале працуе іншае журы, склад якога стане вядомы непасрэдна перад канцэртам). Хто заваюе найбольшыя сімпатыі - дзявочае хараство і падкрэслены акцэнт гурта "MІLKІ" або напоўненае энергетыкай сімфа-рок-выступленне Юзары і скрыпачкі Маймуны; харызма і сцэнічны вопыт Гюнеш або вясёлыя танцы кабарэ брастаўчан з Muzzart - даведаемся ўжо зусім хутка.
А на ваш погляд, якім мусіць быць беларускі адказ леташняму(яй) пераможцу(ы) "Еўрабачання" Канчыце Вурст?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.