Алег Лукашэвіч правядзе беларусаў па чырвонай дарожцы Канаў

28.05.2010
"Звязда", 28 мая 2010 г.


Чарговы кінафестываль у Канах ужо ўвайшоў у гісторыю, але шмат чаго цікавага засталося за кадрам - прынамсі для беларусаў. Пазнаёміць суайчыннікаў з самымі цікавымі момантамі і зоркамі сусветнага кіно абяцае вядучы Першага канала Алег Лукашэвіч у сваім аўтарскім хранікальна-дакументальным цыкле "Эпоха".
- 29 мая мы пакажам эксклюзіўнае інтэрв'ю з уладальнікам галоўнага прыза, "Залатой пальмавай галіны", Апічатпонгам Вірасетакулам, - анансуе аўтар найбліжэйшы выпуск "Эпохі". - Таксама раскажам больш падрабязна пра новы фільм Сяргея Лазніцы "Шчасце маё", прадстаўлены ў галоўным конкурсе Канскага фестывалю. Нам удалося сустрэцца з самім рэжысёрам, дарэчы, ураджэнцам Беларусі, і беларускім акцёрам Віктарам Немцам, абмеркаваць праблемы сусветнага кінематографа з членам адборачнага камітэта фестывалю па краінах Усходняй Еўропы Жаэлем Шапронам... Карацей, паглядзець і паслухаць будзе што".
Але гэта толькі частка сабранага матэрыялу - на кінафэсце журналістам Першага канала ўдалося сустрэцца і пагутарыць з многімі зоркамі і класікамі сучаснага кіно - Вудзі Аленам, Мікітам Міхалковым, Майкам Лі, Такешы Кітана, Жульет Бінош, Алехандра Іньярыту ды іншымі, зрабіць эксклюзіўныя здымкі з канскіх прэм'ер. Спецыяльныя выпускі, прысвечаныя зоркам "Канаў 2010", выйдуць у эфір у чэрвені.