Аксана Вечар: "Слухала б і слухала вясковых бабуль..."

28.02.2014
"Звязда", 28 лютага 2014 г.

 
Яна з тых жанчын, пра якіх кажуць "сціпласць упрыгожвае". Галоўнай навукай, спасцігнутай падчас працы на тэлебачанні, Аксана Вечар лічыць уменне быць разняволенай у любой сітуацыі, а ўсё астатняе - рамяство. Вядучую і аўтара праграм "Акалада", "Кліп-абойма", "5х5" і шэрагу іншых многія ведаюць сёння па праекце "Наперад у мінулае" на тэлеканале "Беларусь 3". Што думае Аксана пра беларускамоўную музыку, ці згодна пераехаць жыць у вёску і якія ўспаміны застаюцца пасля здымак? Даведаемся з першых вуснаў.

- Памятаеце, Аксана, сваё першае свядомае знаёмства з музыкай?
- Калі вяртацца да ўспамінаў майго дзяцінства, то, мабыць, гэта адбылося падчас прыходу ў музычную школу ў першым класе. Я пайшла вучыцца іграць на скрыпцы, можна сказаць, з сяброўкай за кампанію. Тады пачала пакрысе знаёміцца з класічнай музыкай. Улічваючы, што маё дзяцінства мінулага стагоддзя выпала на часы супрацьстаяння "металістаў" і "хвалі", плюс да ўсяго ў мяне быў старэйшы брат, то назіралася і цяга да цяжкай музыкі. Памятаю, хадзіла ў чорнай кашулі з надпісам "Accept". І на дыскатэках, дзе мае аднагодкі танцавалі пад "Modern Talkіng" і "Ласкавы май", мы былі суполкай металістаў... Калі скончыла школу і паўстала пытанне наконт паступлення, вырашыла пайсці ў педагагічны ўніверсітэт на скрыпічнае аддзяленне. Тое быў абсалютна неабдуманы крок. Прыехалі з бацькам на ўступныя экзамены, а аказалася, што туды не набіраюць. Але можна было пайсці на фартэпіяна. А туды ж усе падрыхтаваныя прыйшлі і я, якая ледзь-ледзь нешта ўмела. Дзякаваць Богу, не паступіла. І настаўнікам музычнай школы не стала. А вось старэйшая дачка потым таксама пайшла вучыцца іграць на скрыпцы. Відаць, гены ўсё ж "адгукнуліся".

- Аднак, калі меркаваць па многіх праектах на тэлебачанні, музычная тэма ўсё ж не адпусціла вас...
- Я не ведаю, што стала таму прычынай. Пачыналі мы не з музычных праектаў. Калі я пазнаёмілася з мужам, ён працаваў дыктарам на радыё, і першыя нашы праекты былі гумарыстычнай тэматыкі. Таксама і на тэлебачанні. А з музыкай атрымалася ўсё, відаць, само сабой, бо падчас маёй працы на радыё ў нашым акружэнні было шмат музыкантаў, і тады якраз быў рок на пад'ёме. У першай нашай праграме "Акалада" ставілі за мэту прадставіць беларускіх рокераў на экране. Здымалі ім нейкія кліпы. Нават цяпер яшчэ здараецца на канцэртах сустракаць людзей, ад якіх чую: "Мы выраслі на вашай праграме!" І я ўсміхаюся: маўляў, вось яна папулярнасць! Мы ж пачыналі з беларускіх рокераў, а заваёўвалі рэйтынгі праграме на "зорных" імёнах расійскіх і замежных выканаўцаў.

- Як змяніліся вашы адносіны з артыстамі, раскруткай якіх вы займаліся, з ростам іх папулярнасці?
- Час, калі ўсё распачыналі, быў па-юнацку вясёлы. Мы жылі тады ў інтэрнаце і маглі па некалькі дзён тусавацца вялікай кампаніяй. А потым людзі вырастаюць, у іх з'яўляюцца сем'і, і, як вынік, яны мяняюцца... З аднымі і сёння падтрымліваем добрыя адносіны, з іншымі - не так, як раней. Выпадкі, калі нам нехта з "былых герояў" адмаўляў у супрацоўніцтве, на маёй памяці адзінкавыя. І я з разуменнем стаўлюся да сітуацыі, калі чалавек адмаўляе нам, бо лічыць, што яго статус дазваляе выбіраць прапановы.

- У праекце "Наперад у мінулае" вы знаходзіце народныя песні і прапаноўваеце артыстам іх выканаць у сучасным варыянце. Ахвотна згаджаюцца?
- Спачатку схема была наогул такой, што мы вазілі артыстаў з сабой на здымкі. Прапаноўвалі ім слухаць бабулек і выбіраць нейкую песню. Потым практыкавалі схему, калі адбіралі некалькі твораў і высылалі ім на разгляд. І сутыкнуліся з тым, што нашы выканаўцы не зусім разумеюць, які ж матэрыял выбраць, бо імкнуцца знайсці хіт, а тут усё ж хочацца захаваць самабытнасць песень. Не заўсёды наш выбар супадае з выбарам артыстаў, але яны згаджаюцца на ўдзел у праграме. Усё ж гэта пэўныя крокі для захавання нашых традыцый. Такім чынам, на нашу прапанову пераважна станоўчая рэакцыя.

- Наогул можна неяк патлумачыць той факт, што нашы артысты не спяваюць па-беларуску?
- Гэта праблема з разраду тых, якія можна абмяркоўваць асобна. Але першапачатковае тут пытанне: чаму ў нас народ не размаўляе па-беларуску? Праблема з мовай сама па сабе мае глабальны маштаб, і справа тут не ў артыстах, а ў прынцыпах, пазіцыях і гістарычным кантэксце сітуацыі. Тыя, з кім мы працуем у праекце "Наперад у мінулае", з задавальненнем згаджаюцца спяваць на беларускай мове. Калі рабілі канцэрт да Новага года "100 песень для Беларусі", ён складаўся выключна з народных песень у сучаснай апрацоўцы, створаных у межах праграмы, натуральна. 100 песень для Беларусі - 100% беларускамоўныя - чым ганарымся. Хацелася б, каб гэты ўнікальны праект атрымаў нейкі працяг: тыя песні можна, напрыклад, выпусціць і на нейкіх носьбітах...

- А ў чым прычына нежадання размаўляць па-беларуску?
- У мяне маці пэўны час працавала ў бібліятэцы. Калі там нейкія кніжкі спісвалі, то часам яны траплялі да мяне. І вось сярод іх быў такі карычневы тоўсты слоўнік, дзе адлюстроўваўся працэс набліжэння беларускай мовы да рускай. Бо тады ўсё ішло да таго, як зазначаў аўтар, што "хутка мы станем адзіным савецкім народам". Атрымліваецца, ужо на ўзроўні акадэмікаў фарміравалася такая пазіцыя. У часы майго дзяцінства ў горадзе беларуская мова ўспрымалася як "калгас". У свядомасці людзей усё было пераблытана, адсутнічаў нацыянальны гонар за сваю мову, сваю культуру, гісторыю... Іншую сітуацыю назіраеш, калі прыязджаеш у вёску. Я з дзяцінства люблю слухаць, як размаўляюць там людзі. Стараюся запомніць нейкія словы, выслоўі, каб потым выкарыстоўваць у сваёй гаворцы. Калі, бывала, летам прыязджала да бабулі, то яна заўсёды размаўляла па-беларуску. Я слухала яе, не асабліва ўнікаючы, на якой мове вядзецца размова: для мяне чуць яе было натуральна - як піць, дыхаць. І з часам любоў да мовы і ў ва мне праявілася на нейкім глыбінным узроўні.

- Вяртаючыся да праекта "Наперад у мінулае"... Скажыце, якія ўражанні застаюцца пасля здымак?
- Зразумела, што кожная з паездак запамінаецца нечым сваім. І для сябе часта нешта фіксую. Па-першае, люблю трапляць у такія месцы, дзе адчуваецца амаль поўная адасобленасць ад навакольнага свету. У такія моманты разумееш, што вось гэта і ёсць сапраўдная сувязь з космасам: бо існуеш ты і прырода навокал. Мне падабаецца паглыбляцца ў такую атмасферу. А па-другое, мне выпадае магчымасць сустракацца і размаўляць з бабулямі. Я слухала б і слухала гэтых мудрых жанчын, у якіх адсутнічаюць усякі пафас, пазёрства. Яны пражылі жыццё, і ў кожнай свой нялёгкі лёс. Ведаеце, цывілізацыя няправільна расстаўляе прыярытэты і мы зусім інакш ставімся да нейкіх рэчаў. Там, напрыклад, нават жыццё і смерць успрымаюць больш спакойна...

- У вас пасля не ўзнікае думкі змяніць "мітусню" на "мернасць"?
- Гэта было б цудоўна, і часткова я рэалізую такія імкненні летам на дачы. Але, разам з тым, разумею, што я - вельмі цяплічны чалавек... Нават уяўляючы, што вось зараз прападзе электрычнасць, думаю: "Мы ж усе загінем!" У такія моманты ўспамінаю свайго брата, які ў свой час прайшоў і тайгу, і тундру, і іншыя месцы, бо вучыўся на геолагаразведчыка. Іх часта закідвалі некуды, а потым з?за надвор'я не маглі забраць, і яны ўмелі выжыць. Таму, нават калі ўсё рухне, ён зможа выжыць, у адрозненне ад мяне. Аднак быць на прыродзе люблю і заўсёды карыстаюся магчымасцю паназіраць за ёй.

- Як дзеці ставяцца да вашай прафесійнай занятасці?
- Ім не прывыкаць да такога стылю майго жыцця. Цяпер яны ўжо дарослыя: Паліне 18 гадоў, Алісе - 11. Мне часта даводзілася іх пакідаць на бабуль, таму мае дзяўчаты самастойныя.

- У іх не заўважаеце жадання трапіць "на тэлебачанне"?
- Аліса пра гэта нават не заікаецца. У яе зараз праяўляецца інтарэс да камп'ютарных праграм, дзе яна нешта мадэлюе, малюе. А Паліна - тая даўно заявіла, што на тэлебачанне і нагой не ступіць. Зараз вучыцца ва Універсітэце культуры.

- Вы плячо ў плячо з мужам на працы і дома, мабыць, адкрылі сакрэт, як будаваць гарманічныя адносіны?
- Гарманічна суіснаваць немагчыма, калі столькі гадоў знаходзіцеся побач 24 гадзіны ў суткі. Пачуцці і адносіны трансфармуюцца. Але самае галоўнае, каб было цярпенне і цярпімасць адно да аднаго. Не варта завышаць патрабаванні да іншага. Для мяне дзейнічае толькі адзін прынцып: уяві, што чалавека няма побач з табой, тады адразу стане ясна, ці патрэбны ён у тваім жыцці.

- У вас праца і сям'я заўсёды на адной пазіцыі сярод прыярытэтаў?
- Такога, каб нешта пераважвала, у мяне не было. Неяк само сабою ўдаецца сумяшчаць гарманічна працу і сям'ю. На нейкім этапе свайго жыцця я пачала фіксаваць пэўныя сітуацыі: напрыклад, пасля нараджэння першай дачкі я была больш эмацыянальнай, прысутнічалі нейкія страхі, а з нараджэннем другога дзіцяці - пачала атрымліваць задавальненне ад кожнай дробязі. Магчыма, для жанчыны майго ўзросту гэта дзіўна прагучыць, але я люблю проста назіраць за аблокамі ў небе, любавацца кроплямі вільгаці на галінках дрэў. І разумею, што менавіта з такіх момантаў і адчуванняў складваецца сапраўднае жыццё. Усё астатняе - мітусня.
- Вы мудрая жанчына...

- Мудрасць - паняцце вельмі шматбаковае. Калі параўноўваць мяне з маёй маці, то яна прыклад такой жанчыны, бо мудрасць, мабыць, патрабуе размеранасці і дакладнага разумення, што і колькі каштуе ў жыцці. А мне, хоць і стараюся правільна расстаўляць прыярытэты, усё ж уласцівы хаос. Магу іранізаваць з сябе. Абсалютна нармальна стаўлюся да свайго ўзросту. Можа, такое ўспрыманне рэчаў таксама з'яўляецца адной са стадый мудрасці...

Алена ДРАПКО.