Адной нагой у Стамбуле

07.04.2004
“Звязда”, 7 красавіка 2004 г.


"Еўрабачанне-2004"

Месяц застаўся да выезду беларускiх удзельнiкаў на конкурс песнi “Еўрабачанне” ў Стамбуле. Можна сказаць, што на святлафоры мiжнароднага эстраднага руху для нас запалiлася жоўтае святло. На тры чвэрцi падрыхтоўка артыстаў да выступлення на турэцкай сцэне выканана. Белтэлерадыёкампанiя расказвае пра кожны з этапаў максiмальна падрабязна - здаецца, што часцейшымi былi хiба толькi справаздачы пра здароўе першых касманаўтаў...
Зараз, напрыклад, вядома, што ў паўфiнале конкурсу 12 мая барысаўскi дуэт будзе выступаць пад другiм нумарам - так выпала на жараб’ёўцы. З вопыту краiн, якiя ўжо не першы год бяруць удзел у “Еўрабачаннi”, 2-3-4-ы парадкавыя нумары выступленняў, дарэчы, лiчацца надзвычай удалымi. Тлумачыцца гэта проста: выканаўцам лягчэй выходзiць на сцэну, чым першаму ўдзельнiку, але яны яшчэ добра ўспрымаюцца свежым, не “замыленым” вокам i вухам аўдыторыi; а перад галасаваннем фрагменты выступленняў пракручваюцца ў адваротным парадку i спрацоўвае “прынцып разведчыка”, калi апошнiя выканаўцы запамiнаюцца лепш за ўсiх. Другому “стартаваму” нумару парадавалiся i самi Аляксандра i Канстанцiн: на нацыянальным адборачным этапе яны таксама былi другiмi, а ў вынiку - перамаглi!

Турэцкiя ўмовы

- На жараб’ёўцы ў Стамбуле мы, дэбютанты, адчулi з боку “канкурэнтаў” надзвычай цёплае стаўленне i да краiны, i да музыкантаў, - расказвае намеснiк генеральнага прадзюсара Першага нацыянальнага тэлеканала Аляксандр Капёнкiн. - Гэта дзiўна, але факт. Дэлегацыя Мальты, ад якой таксама будзе выступаць дуэт, нават прапанавала... “зляпiць” iнтэрнацыянальны квартэт. (На гэта прадстаўнiкi БТРК аптымiстычна заявiлi: маўляў, спачатку мы пераможам, а там i наконт квартэта падумаем. - Аўт). Франка-нямецкi тэлеканал папрасiў дазволу па некалькi гадзiн у дзень суправаджаць нашых артыстаў з камерай, каб стварыць пра iх дакументальны фiльм. Першы дыск з сiнглам “Мой Галiлей” мы падарылi прадстаўнiцы ПАР, дзе ў кастрычнiку будзе праходзiць “Афрабачанне”. Так што зараз, можна сцвярджаць, беларускiя выканаўцы атрымаюць “раскрутку” ў многiх краiнах свету.
Першая 40-хвiлiнная рэпетыцыя паўфiналiстаў пройдзе ўжо 5 мая, пасля - 7 мая, а далей адбудуцца тры так званыя генеральныя прагоны ў прысутнасцi гледачоў (на гэта шоу турэцкi бок нават прадае бiлеты, г.зн. фанаты змогуць паглядзець “Еўрабачанне” жыўцом ажно тройчы!). Беларуская дэлегацыя накiруецца ў шлях-дарогу 3 мая ў складзе 13 чалавек. Дарэчы, за дэлегацыяй кожнай краiны будуць замацаваныя мiкрааўтобус з вадзiцелем, гiд, палiцэйскi ў форме i эскорт аховы ў цывiльным - для таго, як заявiў намеснiк шэфа палiцыi Стамбула, каб мерапрыемства прайшло на самым высокiм узроўнi бяспекi. На самой жа сцэне паводле ўмоў “Еўрабачання” могуць прысутнiчаць адначасова 6 чалавек: у нашым выпадку гэта будуць Аляксандра Кiрсанава, Канстанцiн Драпеза, 2 бэк-вакалiсты (удзельнiкi Дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Вячаслаў Шарапаў i Пётр Ялфiмаў), гукарэжысёр БТ Эдуард Альтшулер i музыкант, якi раней ужо выступаў разам з дуэтам, граючы на акарыне - Андрэй Палаўчэня. З гэтага тыдня з дуэтам i бэк-вакалiстамi пачала займацца вядомы харэограф Наталля Чарнюк (так што ў нашых артыстаў будзе не толькi падпеўка, але i падтанцоўка?).

Дамашнія нарыхтоўкі

Няма больш сакрэтаў i ў тым, хто зоймецца тым, каб на беларускiх выканаўцах як след “касцюмчык сядзеў”: пачэсная справа даручана маладому, але ўжо вельмi знакамiтаму ў Беларусi i за яе межамi мадэльеру Iвану Айплатаву. Праўда, пакуль нельга нават сказаць дакладна, якi колер майстар абярэ для касцюмаў - творчы пошук не завершаны. Адзiнае, што можна сказаць дакладна: калi беларускiя выканаўцы трапяць у фiнал, яны будуць выступаць або ў тых жа касцюмах, што i ў паўфiнале, або ва ўборах той жа колеравай гамы. Такое пажаданне выказалi арганiзатары “Еўрабачання”.
“Аляксандра i Канстанцiн” штодзённа па будных днях рэпецiруюць у студыi гуказапiсу - да 14 красавiка яшчэ можна перапiсаць гукавое афармленне конкурснай песнi. Этап сустрэч з урачом пасля нашумелай аўтааварыi, дзякаваць Богу, завяршыўся, зараз удзельнiкi дуэта займаюцца толькi з псiхолагам: як жартуюць супрацоўнiкi БТРК, “каб маральна падрыхтавацца да перамогi”. 9-10 красавiка артысты накiруюцца з вiзiтамi ў Лiтву, Латвiю, Украiну - так сказаць, папярэднi гастрольны агiтацыйны тур (канешне, i тамтэйшыя канкурсанты зробяць ход у адказ, былыя суседзi па СССР працягваюць падтрымлiваць адзiн аднаго, нягледзячы на палiтычныя i эканамiчныя рознагалоссi). Ад Украiны, дарэчы, паступiла запрашэнне паўдзельнiчаць у традыцыйным фестывалi мастацтва “Таўрыйскiя гульнi”, але гэта мерапрыемства выпадае на 1-2 мая, так што беларускi бок, хутчэй за ўсё, адмовiцца ад прапановы.
На прэс-канферэнцыi, якая праходзiла нядаўна ў Белтэлерадыёкампанii, канчаткова высветлiлася пытанне наконт Наталлi Падольскай. Нагадаю, ад спявачкi на адрас БТРК прыйшоў лiст з просьбай скасаваць дагавор аб супрацоўнiцтве. Дык вось, дамоўленасць скасаваная. Абедзве дамоўленасцi, калi быць дакладным: i дагавор аб супрацоўнiцтве, i дагавор аб перадачы БТРК маёмасных правоў на конкурсную песню Наталлi.
...Самiх Аляксандры i Канстанцiна на сустрэчы з журналiстамi не было: па-першае, каб абаранiць артыстаў ад дадатковага (i часта абсалютна неэтычнага) умяшання прэсы ў прыватнае жыццё, па-другое, каб падрыхтаваць выканаўцам сюрпрыз. У скрыначку-“сэрца” (тую самую, якая па жэрабю вызначыла парадкавы нумар выступлення беларусаў) прысутныя ўклалi... не, не сваё сэрца, а папяровае ружовае сардэчка з пажаданнямi, словамi падтрымкi, а мо i з прызнаннямi... Перад самым выступленнем артысты адкрыюць скрынку i, спадзяюся, запiскi суайчыннiкаў iм дапамогуць.

Конкурсныя рэаліі

З гэтага года “Еўрабачанне” мяняе лагатып: адна з лiтар у слове Eurovision аформлена ў выглядзе сардэчка, у якое ўстаўлены фрагмент нацыянальнага сцяга краiны, што сёлета праводзiць конкурс. (Ужо распрацаваны разнастайныя варыянты лагатыпа наступнага года, у тым лiку i для Беларусi - прыгожа, зазначым, выглядае!).
...У спартыўным комплексе Abdi Ipeksi Arena, якi пабудаваны напрыканцы 80-х гадоў, але нядаўна мадэрнiзаваны i ўмяшчае зараз да 7500 гледачоў, пакуль што няма нiякага намёку на падрыхтоўку да “Еўрабачання”. На поўную моц трэнiруюцца мясцовыя баскетбалiсты. Прадстаўнiкi аргкамiтэта конкурсу захоўваюць алiмпiйскi спакой i толькi малююць крэйдай на падлозе: тут будуць грымёркi, тут - сцэна. У сярэдзiне красавiка, праўда, на дапамогу туркам прыбудзе брыгада еўрапейскiх прафесiяналаў, якая апошнi дзесятак гадоў займалася абсталяваннем пляцовак для “Еўрабачання”, так што - мяркуюць усё паспець i ўсiх задаволiць.
Лiтаральна тыдзень таму стала вядома пра чарговае (i, спадзяюся, апошняе) змяненне ў правiлах галасавання. У паўфiнале яно будзе закрытым: на працягу 10 хвiлiн пасля трансляцыi выступленняў удзельнiкаў кожная краіна, якая трансліруе паўфінал, будзе галасаваць. З гэтага спiса выключаюцца Польшча, Расiя i Францыя - па нейкiх сваiх меркаваннях гэтыя краiны тэлетрансляцыю паўфiналу не право-дзяць. А што iм хвалявацца: iх прадстаўнiкi ўжо гарантавана ў фiнале; а вось для нас не вельмi добра пазбавiцца галасоў Польшчы i Расii.
Асноўнае галасаванне будзе тэлефонным, хаця на ўсякi выпадак у кожнай краiне ў рэзерве будзе працаваць прафесiянальнае журы. Зборам вынiкаў галасавання зоймецца нямецкая кампанiя, якая сама выбiрае сабе тэлефонных партнёраў у кожнай краiне (у Беларусi гэта будзе “ТэлеКол-Iнфо”, кампанiя, якая абслугоўвала i нацыянальны адбор). Даныя галасавання агучваюцца пасля фіналу: па-першае, з-за элементарнай эканомii часу (уяўляеце, дыктар кожнай з 22 краiн-паўфiналiстак па паўтары-дзве хвiлiны зачытвае вынiкi), па-другое, каб не рабiць нiкому авансаў. У фiнале ж галасаванне iдзе як звычайна, але права голасу маюць толькі 24 краiны-фiналiсткi! Расiя, дарэчы, упершыню за гiсторыю свайго ўдзелу ў конкурсе выкарыстае тэлефоннае галасаванне, прычым для залiку вынiкаў Еўрапейскаму вяшчальнаму саюзу дастаткова, каб прагаласавалi жыхары толькi еўрапейскай часткi краiны, дзе жыве 70 працэнтаў насельнiцтва.
Званок для галасавання, паведамiм, будзе платным, аднак яго кошт канчаткова яшчэ не ўстаноўлены (папярэдняя лiчба - 500 рублёў). Гэтаксама невядома, колькi званкоў можна будзе зрабiць з аднаго нумара. Сам конкурс будуць каментаваць Алесь Круглякоў i Дзянiс Дудзiнскi (“Радыус-FM”), а вось хто агучыць для “Еўрабачання” вынiкi галасавання Беларусi - калi, канешне, мы ўсё ж трапiм у фiнал - невядома, тэлевiзiйнiкi шукаюць сярод сваiх вядучых i сярод студэнтаў-лiнгвiстаў маладых, сiмпатычных i з добрай англiйскай мовай.
У эфiры БТ гледачы ўжо могуць бачыць кароткiя вiдэааповяды пра гiсторыю i развiццё “Еўрабачання”, конкурсныя клiпы розных выканаўцаў. Больш за ўсё, натуральна, рэкамендую паглядзець i ацанiць вiдэа беларусаў - рамантычную казку, знятую ў музеi народнай архiтэктуры i дойлiдства ў Строчыцах пры дапамозе рыцарскага Ордэна Паўночнага Храма i беларускiх каскадзёраў.

Эпілог

Паўфiнал 49-га мiжнароднага музычнага конкурсу “Еўрабачанне” адбудзецца ў сераду, 12 мая, а 9 гадзiне вечара, а фiнал - у суботу, 15 мая, а 9 гадзiне вечара па сярэднееўрапейскiм часе. Штогод гэта самае буйное ў свеце шоу прыцягвае ўвагу каля 100 мiльёнаў тэлегледачоў. Праектны бюджэт раз за разам павялiчваецца i сёлета складае 11 000 000 швейцарскiх франкаў. I ўсё было б добра, але... Год за годам з боку канкурсантаў выказваюцца слушныя перасцярогi, што “Еўрабачанне” з конкурсу песнi паступова ператвараецца ў конкурс гуказапiсвальных кампанiй - як “Формула-1” са спаборнiцтваў гоншчыкаў ператвараецца ў спаборнiцтва вытворцаў шын i маторных масел. I пра гэту тэндэнцыю нельга забывацца, абураючыся неаб’ектыўным галасаваннем. Беларускiя выканаўцы - пры любым раскладзе - не самыя слабыя дэбютанты i патэнцыяльныя пераможцы, а ўдзел у “Еўрабачаннi” - неблагi штуршок для нараджэння (нарэшце!) шоу-бiзнэсу. Будзем спадзявацца, што песню “Мой Галiлей” не напаткае лёс самога Галiлея...

P.S. 27 красавiка ў Палацы Рэспублiкi мае адбыцца вялiкi канцэрт у падтрымку дуэта “Аляксандра i Канстанцiн”, якi носiць рабочую назву “Хварэем за нашых!”.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.