Адкрытая кухня

04.04.2014
"Звязда", 4 красавіка 2014 г.

 
5 і 6 красавіка ў ранішнім эфіры тэлеканал "Беларусь 2" рыхтуе гастранамічныя сюрпрызы: адбудзецца прэм'ера адразу дзвюх кулінарных праграм: шоу "Два з паловай кухары" і майстар-класа "Два з паловай кухары. Адкрытая кухня".
"Два з паловай кухары" - праграма пра ежу, знятая на ўзроўні лепшых кулінарных шоу свету. Яе вядучыя пакажуць, як без асаблівых выдаткаў прыгатаваць у хатніх умовах стравы, што маглі б прэтэндаваць на месца ў меню рэстарана.
Кожная страва, якую гатуюць на праграме, не патрабуе вялікіх затрат часу і простая па складзе інгрэдыентаў, але здольная здзівіць нават самага дасведчанага кулінара. Падрабязныя інструкцыі крок за крокам дапамогуць пачаць гатаваць нават тым, хто ніколі не трымаў у руках апалонік.
"Два з паловай кухары" - свежы погляд на знаёмыя стравы, хуткасць і неверагодная лёгкасць іх прыгатавання дазволіць любому тэлегледачу стаць шэф-кухарам за 30 хвілін на ўласнай кухні. Дапамагаць ім і кіраваць працэсам будуць вядучыя Крысціна і Альбіна. Для гэтых дзяўчат прыгатаванне ежы з'яўляецца галоўным захапленнем. Раней яны працавалі ў офісе і займаліся піярам, але аднойчы вырашылі рызыкнуць: адкрылі кулінарную школу і пачалі рабіць тое, да чаго па-сапраўднаму ляжыць душа. Галоўны сакрэт - гатаваць трэба з задавальненнем.
Першы выпуск кулінарнай шоу-праграмы "Два з паловай кухары" гледачы тэлеканала "Беларусь 2" убачаць 5 красавіка ў 10.20, а кулінарны майстар-клас "Два з паловай кухары. Адкрытая кухня" - 6 красавіка ў 10.15. Дарэчы, пра назву: сакрэтная "палавінка" кухараў у эфіры - гэта маленькая дачка Альбіны Рона.

Алена ДРАПКО.