Адгукніцеся, таленты!

30.10.2015 "Звязда

Заяві пра сябе на радыёконкурсе.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё працягвае прыём заявак на ўдзел у V рэспубліканскім творчым радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі", які праводзіцца дзеля выяўлення і падтрымкі маладых адораных выканаўцаў у розных жанрах музычнага мастацтва. Дэдлайн адпраўкі заявак - 1 лістапада ўключна.

Гэтым разам творчае спаборніцтва прымеркавана да Года моладзі і 90-годдзя Беларускага радыё. Конкурс праводзіцца з верасня па снежань па трох намінацыях: "Эстрадны вакал", "Інструментальная музыка, салісты" і "Спадчына" (творчы пошук у галіне фальклору і этнічнай музыкі).

- Мы ўжо атрымалі шмат заявак на ўдзел у конкурсе "Маладыя таленты Беларусі". Прыярытэт па колькасці - у намінацыі "Эстрадны вакал", таму асабліва чакаем таленавітых дзяцей, якія праявяць сябе таксама ў намінацыях "Інструментальная музыка, салісты" і "Спадчына". Як паказвае практыка, не ўсе паспяваюць своечасова адправіць заяўку, таму звяртаем увагу на тое, што часу застаецца зусім мала, - падкрэсліла аўтарка і кіраўнік праекта Таццяна Якушава.

У творчым спаборніцтве могуць прыняць удзел маладыя людзі ва ўзросце ад 10 да 21 года, навучэнцы дзіцячых музычных школ, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, удзельнікі музычных і эстрадных студый, а таксама студэнты вышэйшых навучальных устаноў.

Заяўкі і запісы прымаюцца на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Чырвоная, 4. Альбо на электронны адрас talentbelarus@gmaіl.com. Тэлефон для даведак: 8 (017) 284-32-05. Падрабязная інфармацыя - на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё www.radіo1.by. Плануецца, што першае праслухоўванне юных талентаў адбудзецца ў сярэдзіне лістапада.

Алена ДРАПКО.