Адборныя таленты

21.03.2007
"Звязда", 21 сакавіка 2007 г.


Пачаўся прыём заявак на ўдзел у рэспублiканскiм дзiцячым конкурсе "Песня для Еўрабачання"
Аб гэтым паведамiла Белтэлерадыёкампанiя, якая нароўнi з Мiнiстэрствам культуры РБ выступае арганiзатарам конкурсу. "Песня для Еўрабачання" па традыцыi з’яўляецца адборам на мiжнародны дзiцячы конкурс "Еўрабачанне-2007". На першым этапе - да 31 мая гэтага года - адбываецца збор заявак ад юных выканаўцаў, якiя хочуць паўдзельнiчаць у песенным спаборнiцтве. Вынiкi адбору прафесiйнае журы падвядзе з 1 па 7 чэрвеня, выбраўшы для фiналу не больш як 10 песень. Фiнальны канцэрт запланаваны ў вераснi 2007 года на Першым канале.
Сёлета, дарэчы, правiлы конкурсу крыху змянiлiся. Так, узрост удзельнiкаў дзiцячага конкурсу на момант падвядзення вынiкаў павiнен быць не менш як 10 i не больш як 15 гадоў. Аўтарам слоў i музыкi неабходна ўдзельнiчаць у выкананнi песнi на сцэне — у якасцi музыканта цi спевака. Усяго ж на сцэне можа быць максiмум 8 юных артыстаў. Больш падрабязна з правiламi конкурсу i спiсам дакументаў, якiя неабходна прыкласцi да заяўкi, можна пазнаёмiцца на сайце Белтэлерадыёкампанii www.tvr.bу. Заяўкi таксама адпраўляюцца на адрас БТРК: 220087, Мiнск, Макаёнка, 9, з паметкай "На конкурс "Песня для Еўрабачання".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.