Ад кожнага па здольнасці

20.03.2014
"Звязда", 20 cакавіка 2014 г.

 
На канале "Культура" Беларускага радыё стартаваў новы праект "Усе дзеці таленавітыя". Яго арганізавалі сумесна рэдакцыя праграмы "Мэры Попінс" і грамадская арганізацыя "Беларускі фонд SOS - Дзіцячая вёска".
- Мы адразу падтрымалі ідэю праекта,?- гаворыць вядучы спецыяліст фонду па пытаннях апекі дзяцей Ганна Горская.?- Такім чынам дзеці змогуць сацыялізавацца праз творчасць. А гэта вельмі важна для малых, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Нашы бацькі-выхавальнікі таксама былі ўсцешаны магчымасцю раскрыць і прадэманстраваць таленты сваіх падапечных.
Кожны аўторак у праграме "Мэры Попінс" можна будзе даведацца пра творчыя дасягненні дзяцей з няпростым лёсам, якія малююць, спяваюць, займаюцца музыкай, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, наведваюць тэатральныя студыі і спартыўныя секцыі. Пра ўсё гэта распавядуць прыёмныя маці і дзеці ў эфіры. У фінале праекта адбудзецца выстава малюнкаў і вырабаў, а таксама зладжаны SOS-сем'ямі канцэрт. Ён пройдзе 15 мая, у Міжнародны дзень сям'і, у студыі Дома радыё. У эфір жа канцэрт выйдзе 30 мая, напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей.
Заяўкі на ўдзел у праекце падалі ўжо дванаццаць сямей з SOS-вёсак у Бараўлянах, Мар'інай Горцы і Магілёве. Таксама ўдзел прымуць і сем'і, якія выхоўваюць сваіх родных дзяцей, але перанеслі жыццёвыя цяжкасці і мелі патрэбу ў дапамозе спецыялістаў фонду.