Ад "Бяседы" атрымай "Беларускі каравай"

08.10.2005
"Культура", 8 кастрычніка 2005 г.


Якое свята ды без ансамбля "Бяседа" Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі? А тым больш такое, як "Дажынкі'"! Да кожнага чарговага свята ўраджаю музыканты рыхтуюць свой "творчы ўраджай" - чарговую прэм'еру песні, прымяркоўваючы яе менавіта да Рэспубліканскага фестывалю працаўнікоў сяла. Вось і сёлета - у вераснёўскім эфіры з'явіўся "Беларускі каравай". А напісаў гэту песню кіраўнік ансамбля, народны артыст краіны, кампазітар Леанід Захлеўны:
- Яшчэ на пачатку вясны Канстанцін Цыбульскі, даўні сябра нашага калектыву, прынёс песенны тэкст. Вершы спадабаліся, і пачалася праца.
- Але ці ж не вялікі для вас тэрмін - "з вясны да восені"? Вы звычайна кажаце, што песню трэба ствараць "да абеду": маўляў, калі мелодыя не ўзнікла адразу, быццам бы незалежна ад цябе самога, далейшыя высілкі ні да чаго не прывядуць, бо песня будзе саматужнай, "нацягнутай", ненатуральнай.
- Так яно і ёсць! Мелодыя ўзнікла адразу, з-за гэтага нават давялося цалкам змяняць тэкст прыпеву: мы пайшлі за музыкай, што лагічна выцякала з запеву, таму прыпеў, у рэшце рэшт, ствараўся, як кажуць, "на рыбу" - на ўжо гатовую мелодыю. Усё было падрыхгавана яшчэ ў канцы мінулага сезона, але ўласна запіс мы зрабілі, сабраўшыся "з новымі сіламі - акурат пасля летняга адпачынку. Дарэчы, на ранішнім канцэрце 8 кастрычніка, калі будуць узнагароджвацца пераможцы спаборніцтва, прагучыць крыху іншы варыянт песні, чым усе маглі чуць па радыё: у канцэртным выкананні ў фінале песні з'явіцца дэкламацыя.
- Але ж не зменіцца сама стылістыка пеені, яе некатары "рэтра"-ўхіл?
- Мы свядома намагаліся выявіць радасць працы хлебаробаў, здаровы сэнс жыцця, гэткі мажорны пасыл, урачысты тон, аптымізм, добрую энергетыку. Усё гэта было ў творах тых жа 50-х гадоў, дык чаму б не працягнуць лепшыя традыцыі? Хацелася б, каб гэта песня ўзняла настрой, каб стала "сваёй" для людзей розных пакаленняў.
Настрой, энергетыка, прамяністая радасць - усё гэта так і ззяе ў кожным выступленні "Бяседы". Таму і сустракаюць гэты калектыў, куды б ён ні прыехаў, хлебам-соллю - караваем. Цяпер жа сама "Бяседа" частуе працаўнікоў сяла і ўсіх нас "Беларускім караваем". Ды такім, якога хопіць на ўсіх! Адным словам, "прыбяседвайцеся".

Надзея БУНЦЭВІЧ.