Абудзіць, праінфармаваць, павесяліць

20.07.2002
"Культура", 20 - 26 ліпеня 2002 г.


Тэлепраграму "Добрай раніцы, Беларусь!" ведаюць і любяць шматлікія гледачы. Кожны новы дзень на працягу вось ужо каля пяці гадоў беларусы сустракаюць ранак з гэтай займальнай і аптымістычнай перадачай. "Добрая раніца" выходзіць штодня апроч суботы і нядзелі ў эфіры Першага Нацыянальнага тэлеканала з 6.10 і цягнецца да 9.00 гадзін. Над праграмай працуюць тры выпускаючыя групы і дзесяць журналістаў, якія з'яўляюцца аўтарамі рубрык. Па панядзелках раніцу сустракаюць разам з беларусамі Ларыса Грыбалёва і Алесь Круглякоў, па аўторках і чацвяргах - Святлана Бароўская і Сяргей Кухто, па серадах і пятніцах - Надзея Герасімчык і Аляксандр Капёнкін. Пра ўсялякія рознасці тэлегледачоў інфармуюць асобныя рубрыкі: "Размінка", "Мультфільм", "Каляндар", "Салон прыгажосці", "Кававыя гісторыі", "Мода". Рубрыка "Вось так я жыву" распавядае пра незвычайных людзей, парады спецыялістаў дае "Карапуз", псіхалагічны лікбез праводзяць "Нататкі на манжэтах". Пасля 8.00 у студыі з'яўляюцца цікавыя госці: зоркі тэатра і кіно, шоу-бізнесу, прадстаўнікі незвычайных прафесій. Да іх могуць звярнуцца па тэлефонах прамога эфіру гледачы і задаць свае пытанні.

Шмат лістоў прыходзіць на адрас перадачы, у якіх "Добрую раніцу" і ўхваляюць, і крытыкуюць. Як да ўсяго гэтага ставяцца яе стваральнікі? Дырэктар дырэкцыі інфармацыйна-музычнага вяшчання і кіраўнік праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" Аляксандр КАПЁНКІН сцвярджае: усе заўвагі і парады карысныя, яны не застаюцца па-за ўвагай тых, хто працуе над перадачай.

- Штомесяц мы атрымліваем вынікі сацыялагічных даследаванняў, - распавядае Аляксандр Капёнкін, - вельмі ўважліва вывучаем рэйтынг праграмы. Чаму, скажам, у аднаго выпускаючага ён трохі большы, у другога трохі ніжэйшы. Аналізуем, пра што казалі вядучыя, якія сюжэты дэманстраваліся ў той ці іншы дзень, што больш за ўсё спадабалася гледачам. Мы, напэўна, нават болей удзячныя заўвагам крытычнага кшталту. І таму што гэта - позірк з боку, ён у большасці сваёй здаровы і аб'ектыўны. Гэта позірк чалавека, для якога ствараецца перадача. Гэта ацэнка нашай працы. Потым на нашых пасяджэннях мы абмяркоўваем парады гледачоў. І па пэўных пазіцыях мы змяняем свае погляды.
Увогуле, да канца дадзенага тэлесезона засталося ўжо няшмат часу. І змяненняў у праграме не прадбачыцца. Напэўна, 26 ліпеня мы правядзём апошні выпуск і пойдзем усім творчым калектывам у адпачынак. А вось увосень мы рыхтуем сапраўдны сюрпрыз для гледачоў.

- Цікава, а што чакае тэлегледачоў у новым тэлесезоне?

- Я не хацеў бы зараз выдаваць нашы, так бы мовіць, сакрэты. Няхай гэта будзе інтрыгай. Магу толькі сказаць, што першы вераснёўскі эфір станецца не зусім звычайным.
Мы ўлічылі ўсе нашыя вартасці і хібы. Апроч таго, мы ўважліва прааналізавалі працу суседзяў у Расіі, Украіне, Польшчы, Санкт-Пецярбургу, нават у Заходняй Сібіры і зрабілі выснову: праграмы пры ўсім пры тым дастаткова падобныя адна да адной. У кожнай ёсць свае плюсы і мінусы. Мы выпрацавалі новую схему, і нам падаецца, што яна аб'яднае ўсё лепшае. І, напэўна, самае галоўнае, - у ёй дадасца больш дынамікі. Яна будзе сапраўды бадзёрай. Што яшчэ цікавага? Мы адновім штодзённую рубрыку, дзе будзе весціся агляд прэсы да з'яўлення газет і часопісаў у кіёсках і расказвацца пра галоўныя навіны і артыкулы друкаваных СМІ. Гэта будзе апраўдана і карысна. Потым героі публікацый могуць стаць праз пэўны час і героямі тэлевізійнага эфіру.
Трэба адзначыць таксама, што ў версіі "Добрай раніцы" гэтага сезона, пачынаючы з 19 ліпеня, будзе шмат цікавага. Па 26 ліпеня мы станем выходзіць у эфір з віцебскай студыі тэлебачання. Праграма цалкам будзе прысвечана "Славянскаму базару ў Віцебску".

- Якая з ранішніх праграм суседзяў вам падабаецца болей за ўсё? На каго вы хацелі б паходзіць?

- Паколькі наша праграма прадстаўляе Першы Нацыянальны тэлеканал, то будзе няправільным, мне здаецца, імкнуцца быць падобным да кагосьці.

- Тыя, хто глядзяць польскія ранішнія перадачы, кажуць, што беларуская ім, на жаль, саступае...

- У нас ёсць пакуль тэхнічныя праблемы. Мы вельмі спадзяёмся, што іх вырашым. Праблем творчых у нас няма. У нас - таленавіты, малады, цікавы калектыў. Усе нашы супрацоўнікі - вельмі актыўныя і мэтанакіраваныя. Я мяркую, што гэты калектыў яшчэ моцна здзівіць гледачоў у добрым сэнсе гэтага слова. І ў мяне, як кіраўніка, у гэтым ёсць поўная ўпэўненасць.

- Як вы ставіцеся да зваротаў да вас тэлегледачоў, якія жадаюць трапіць на вашу праграму і распавесці пра штосьці цікавае?

- Нам вельмі часта тэлефануюць тэлегледачы, асабліва пасля эфіру, дасылаюць лісты. Мы заўсёды рады гэтым званкам, рады атрымаць лісты, у якіх людзі распавядаюць пра свае нейкія унікальныя здольнасці, аб сваёй цікавай жыццёвай гісторыі або суседскай. Трэба сказаць, такім чынам знаходзіліся проста незвычайныя людзі. Мы, напрыклад, знялі сюжэт пра ляўшу з Магілёўскай вобласці, які рабіў маленькія медныя падкоўкі на шкарлупінні ад яйка. Зараз часцей прыходзяць лісты па электроннай пошце на наш электронны адрас: utro@tvr.by. Мы на ўсе з іх адказваем. Калі даведаемся пра штосьці цікавае, дык прыязджаем у госці, здымаем сюжэты.

- Увогуле, ваша праграма апроч інфармацыйнага пласта мае і культурніцкі характар. Яна, так бы мовіць, вядзе рэй, фармуе лад сучаснага жыцця сучаснага беларуса, яго цывілізаваны еўрапейскі імідж, уводзіць у курс культурнага і мастацкага жыцця краіны, далучае да родных мовы, гісторыі, традыцый, узнімае іх аўтарытэт...

- Мы даём інфармацыю на дзвюх мовах - беларускай і рускай. Асобныя спецыяльныя выпускі выходзяць на беларускай мове, як, напрыклад, праграмы, прысвечаныя 120-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Праграма "Добрый дзень, Беларусь!" - своеасаблівая тэлевізійная гасцёўня, куды мы запрашаем акцёраў, сцэнарістаў, рэжысёраў, паэтаў.
Аднак, шчыра вам прызнаюся, покуль што нашы гледачы не зусім прызвычаіліся да таго, што можна ўдзельнічаць у эфіры нароўні з тэлевізіёншчыкамі ў стварэнні праграмы. Такая практыка прысутнічае ўжо паўсюль у свеце. З'яўляецца яна і ў Расіі. Ёсць гледачы - сааўтары праграмы. Яны могуць патэлефанаваць на праграму, выказаць сваю думку, павярнуць гаворку ў іншы бок. Такі глядач можа зрабіцца героем праграмы абсалютна свабодна. Беларускі ж глядач, напэўна, не цалкам яшчэ выкарыстоўвае такую магчымасць. Ці тое адбываецца з прычыны нашага менталітэту, калі нам падабаецца назіраць з боку і асабліва не ўплываць на працэс. Ці гэта адбываецца таму, што ТБ падаецца не вельмі дасягальным. Ці ад таго, што раніцай людзі лянуюцца нешта рабіць актыўнае.

- Адкрыйце, калі ласка, сакрэт, як вам удаецца ўтрымліваць раніцай добрую форму? Бо гэта ж так няпроста. Стваральнікам перадачы трэба рана прачынацца, ехаць у студыю з розных куткоў сталіцы...

- У кожнага вядучага ёсць свае сакрэты. Калі яны пойдуць на пенсію, дык напэўна напішуць мемуары з гэтай нагоды. Гэта асобная гісторыя, як я вучыўся не спаць пасля эфіру на працягу ўсяго дня. Па-першае, ні ў якім выпадку нельга перад выхадам у эфір шчыльна снедаць, скажам, у раёне чатырох гадзін раніцы, таму што пасля снедання захочацца паспаць, па-другое, трэба выпіць моцнай гарбаты - лепей зялёнай з мёдам, і тады тонус удаецца вытрымаць.

- Калі вы прачынаецеся з чатырох гадзін раніцы, дык калі вы кладзецеся спаць?..

- Пасля працоўнага дня. Тут бывае розны час. Часам даводзіцца адразу з ночы выходзіць раніцай на працу. Толькі маладыя могуць вытрымаць такі рытм. Ні на адным ранішнім тэлеканале не працуюць людзі, якім болей за сорак гадоў.
Мы шмат працуем над сабой, сочым за чысцінёй беларускай і рускай моў. Бо вельмі важна, каб з экрана гучала пісьменная мова. Паколькі нашы вядучыя - маладыя спецыялісты, яны шмат чаму па ходзе працы вучацца. Ранішняя праграма на працягу яе існавання была і з'яўляецца кузняй кадраў для тэлебачання.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА.