Абмен прыязнасцю і праграмамі

30.09.2003
"Звязда", 30 верасня 2003 г.


Бывае так, што людзі сябруюць сем'ямі. Бывае - хатамі. А Беларусь і Літва вырашылі сябраваць (і ў першую чаргу супрацоўнічаць)... тэлекампаніямі.
Днямі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў сустракаўся з дырэктарам Тэлебачання грамадскага прадпрыемства "Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлебачанне" Шарунасам Пранасам Калінаўскасам. На сённяшні дзень, прыйшлі да высновы абодва бакі, беларуская і літоўская тэлекампаніі знаходзяцца прыкладна на аднолькавым узроўні развіцця, і таму нашым краінам вельмі важна аб'яднаць тэхнічныя і творчыя магчымасці, каб годна канкурыраваць на тэлевізійным рынку Еўропы. 3 гэтай мэтай і быў падпісаны Дагавор аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве.
Што значыць гэта сустрэча для простых тэлегледачоў? У хуткім часе можна чакаць правядзення тэледзён (ці нават тэлетыдняў) Літвы на беларускіх каналах, і наадварот, літоўскае тэлебачанне прадставіць на сваіх частотах беларускія праграмы. Запланавана таксама правесці рэтраспектыву фільмаў Літоўскай кінастудыі - у Беларусі і стужак вытворчасці студыі "Беларусьфільм" - у Літве.
Акрамя таго, кіраўнікі тэлекампаній дамовіліся наконт аказання ўзаемнай дапамогі пры рабоце журналістаў і здымачных груп на сваёй тэрыторыі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.