А вось каму ляшча?

22.08.2014
"Звязда", 22 жніўня 2014 г.

 
З наступнага тыдня гледачоў "Беларусь 1" на рыбалку запрашае... дзяўчына.
Новы праект, падрыхтаваны дырэкцыяй інтэрнэт-навін АТН, мае назвы "Атрымай ляшча!" і выйдзе ў эфір з 25 жніўня. Яго стваральнікі абяцаюць тройчы на тыдзень (па панядзелках, серадах і пятніцах) не толькі расказваць пра рыбалку ў Беларусі, але і прайсціся па правераных "рыбных месцах" і даць карысныя парады пачаткоўцам.
Запрасіць здымачную групу ў госці можна праз суполкі праекта "Атрымай ляшча!" у сацыяльных сетках "ВКонтакте", "Facebook" і "Аднакласнікі". Што самае прыемнае, увесь улоў ад такой гасцявой рыбалкі будзе разыграны паміж удзельнікамі суполак - пераможцы атрымаюць свой прыз, ужо ў сушаным або вяленым стане, па пошце. У тых жа сацыяльных сетках мяркуецца праводзіць і рэгулярны розыгрыш прызоў ад партнёраў праекта, таму найбольш актыўныя падпісчыкі змогуць абнавіць свае рыбалоўныя снасці.
Але, бадай, галоўная "фішка" праекта - гэта яго вядучая, Юлія Дзявончык. Нягледзячы на ўсе стэрэатыпы і міфы вакол стасункаў жанчын з рыбалкай, дзяўчына пераканана сама і пераконвае іншых: навучыцца лавіць можа кожны! Юля ўжо збіраецца ў падарожжы як па самых папулярных, так і па самых "цяжкадаступных", платных і бясплатных, вадасховішчах і пастараецца не ўступіць вопытным рыбакам у майстэрстве лоўлі.
Паглядзець праграму "Атрымай ляшча!" кожны ахвотны зможа як у тэлевізійнай версіі (у межах "Добрай раніцы, Беларусь!"), так і ў інтэрнэце, на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.