А цяпер - "Еўрабачанне"

18.02.2012
"Культура", 18 февраля 2012 г.


14 лютага пераможцай "ЕўраФэсту" была названа лаўрэат міжнародных конкурсаў Алена Ланская. Але астатнія чацвёра фіналістаў таксама не засталіся ўбаку ад грамадскай увагі. І гэта, пэўна, - самае галоўнае.
Канцэрт у Палацы спорту, што ў прамым эфіры дэманстраваўся па тэлебачанні і ў Інтэрнэце, быў зроблены па ўзоры і падабенстве "Еўрабачання". Вядучыя, якія размаўлялі яшчэ і па-англійску, "зялёны пакой" для канкурсантаў, разлік на відовішчныя эфекты, паўтор у фінале песні-пераможцы... Тэлебачанне і ўсе ўдзельнікі быццам рэпеціравалі, "прымервалі на сябе" "Еўрабачанне". У спевакоў з'явілася цудоўная магчымасць выступіць, што называецца, "на стадыёне", напоўніцу адчуўшы рэакцыю вялізнай залы. Для публікі ж (і ў зале, і ля тэлевізараў) самым, бадай, цікавым было сачыць за тым, як і ў які бок змяніліся фіналісты "ЕўраФэсту" (а таксама пераможцы і ўдзельнікі "Еўрабачання" мінулых гадоў) у параўнанні з іх ранейшымі выступленнямі.
Абсалютна ўсе прэтэндэнты на паездку ў Баку дадалі да спеваў (ці змянілі) відэарад. На песню Алены Ланской з'явіўся цыркавы нумар: гэткі "хлопчык на паўмесяцы", асацыіравана звязаны з эмблемай адной з замежных кінакампаній. Сама ж яна стала падобнай на ўлюбёную дзецьмі і іх бацькамі Рапунцэль з аднайменнага мульціка. Гюнэш змяніла нават саму песню. Такая мабільнасць спявачкі, яе незвычайная працаздольнасць не маглі не ўразіць. Гурт Litesound набыў яшчэ больш прыхільнікаў, што было адчувальна ўжо па неверагодным шквале апладысментаў: яны, у адпаведнасці з песняй "Мы - героі", папраўдзе сталі героямі дзявочых мар. Свой новы імідж - поўнай непрадказальнасці - зноў прадэманстравала Вікторыя Алешка: у такім вобразе мы яшчэ яе не бачылі. Ды ўсё ж найбольшы крок наперад зрабіў, напэўна, Uzari. І справа не толькі ў добра пастаўленым нумары, дзякуючы якому песня, напісаная самім спеваком, стала яшчэ больш паходзіць на фрагмент з мюзікла. З кожным разам, нават параўноўваючы ягоныя выступленні перад "Новай хваляй", непасрэдна на "...Хвалі", потым - на паўфінале "ЕўраФэсту" і, нарэшце, у фінале, становіцца ўсё больш заўважным яго прафесійны рост. Талент гэтага спевака праявіць сябе яшчэ неаднойчы.
З гэтага пункта гледжання фінал "ЕўраФэсту" быў карысным для ўсіх. Трэба толькі і сапраўды напоўніцу выкарыстаць усё тое, што ён даў усім нам і кожнаму. 

Надзея БУНЦЭВІЧ.