А на Пастаўшчыне - два канцэрты

02.10.2015

По сообщению postawy.by

У жніўні-кастрычніку тэлеканал “Беларусь 3” Белтэлерадыёкампаніі сумесна з Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” пры падтрымцы выдавецкага дома “Звязда” праводзяць рэспубліканскую акцыю “Любіць Беларусь!”. У ёй удзельнічаюць заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Бяседа” і творчая група праграмы “Размаўляем па-беларуску”. У суботу, 26 верасня, удзельнікі акцыі пабывалі на Пастаўшчыне.

У Доме культуры гледачоў сустракалі добраахвотныя памочнікі тэлевізіёншчыкаў і раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”. Яны ўручалі пастаўчанам флажкі з лагатыпам тэлеканала і рознакаляровыя шары. У прысутных была магчымасць пазнаёміцца з асноўнымі палажэннямі праграм кандыдатаў па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, бо ў РДК размяшчаецца ўчастак для галасавання №9.

Перад пачаткам канцэрта сустрэліся з намеснікам галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 3” Сяргеем Макарэем, які расказаў, што акцыя пройдзе ў 18-ці гарадах Беларусі. У адрозненне ад іншых рэгіёнаў краіны на Пастаўшчыне адбудуцца дзве творчыя сустрэчы - у райцэнтры і аграгарадку Юнькі. Вельмі радуе актыўнасць гараджан. Многія з іх трапяць у тэлеаб’­ектыў, бо на ўсіх канцэртах вядуцца здымкі. Найбольш цікавыя моманты будуць паказаны ў спецыяльнай праграме “Вандроўка з “Бяседай”, якая кожную суботу выходзіць на тэлеканале “Беларусь 3”.

З першых хвілін гледачы вельмі цёпла, сардэчна віталі сталічных артыстаў. Ды інакш і не магло быць, бо адметнымі рысамі гэтага калектыву з’яўляюцца высокае выканаль­ніцкае майстэрства, віртуознасць, зладжанасць, разнастайнасць рэпертуару. Дзякуючы “Бяседзе”, песні “За маладых”, “Маруся”, “Запрагай-ка, бацька, лошадзь”, “Звіняць званочкі”, “Вечарынка”, “Чарка на пасашок” і многія іншыя сталі неад’емнай часткай духоўнага жыцця беларускага народа. Па-сапраўднаму ўзрушылі яны гледачоў і на гэты раз.

Пастаўчане мелі магчымасць не толькі паслухаць песні і музыку, але і пазнаёміцца з вакалістамі, інструментальнай групай ансамбля. Многія не без задавальнення даведаліся, што большую частку рэпертуару складаюць творы мастацкага кіраўніка ансамбля, народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага і вядучага музыканта калектыву, кампазітара Мікалая Алешкі. Увогуле, усе ўдзельнікі ансамбля - гэта вельмі творчыя, таленавітыя людзі, якія шчыра любяць беларускія песні, музыку, з’яўляюцца выдатнымі выканаўцамі.

Фінальнае выступленне “Бяседы” гледачы (а зал на 500 месцаў быў перапоўнены) сустракалі стоячы, працяглымі апладысментамі. Іх шчырыя пачуцці і ўдзячнасць, захапленне ад пачутага і ўбачанага артыстам і кіраўніку ансамбля Леаніду Захлеўнаму перадаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў. Ён адзначыў, што такія сустрэчы пакідаюць незабыўны след у сэрцы кожнага чалавека, максімальна набліжаюць песню да простых людзей.

- Акцыя “Любіць Беларусь!” - гэта, перш за ўсё, магчымасць сустрэцца з патрабавальнымі і такімі любімымі слухачамі, шчырымі прыхільнікамі беларускай народнай музыкі, - сказаў мастацкі кіраўнік ансамбля народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны. - Менавіта такімі з’яўляюцца пастаўчане. Перакананы, што пасля сустрэчы ў нас з’явіцца яшчэ больш сяброў у вашым горадзе.

Сапраўдны аншлаг быў і ў Юнькаўскім сельскім Доме культуры, дзе ў гэты дзень “Бяседа” выступала вечарам.

Тэлевізійную версію акцыі “Любіць Беларусь!”, якая праходзі­ла ў Віцебскай вобласці, у тым ліку і на Пастаўшчыне, можна пагля­дзець сёння, 3 кастрычніка, у 20.20 на тэлеканале “Беларусь 3”.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.