31 снежня Першы пакажа iнтэрнацыянальную Песню года

24.12.2009
"Звязда", 24 декабря 2009 г.


А яшчэ дасць "парады па прывядзеннi ў прытомнасць" пасля застолля
Святочныя выхадныя на Першым нацыянальным тэлеканале абяцаюць быць насычанымi. Найперш гледачы трапяць у... кабарэ. Менавiта яго атмасфера будзе панаваць у студыi, дзе тры месяцы вiравалi страсцi праекта "Зорныя танцы. Жаночы сезон". Імёны пераможцаў будуць названыя якраз у святочным выпуску. У iм жа прыхiльнiкi праекта змогуць як успомнiць мiнулае - убачыць лепшыя нумары ўдзельнiкаў першага сезона, так i зазiрнуць у будучыню - пазнаёмiцца з прэтэндэнтамi на ўдзел у трэцiм, мужчынскiм сезоне "Зорных танцаў".
Але галоўнай падзеяй навагодняй ночы на Першым стане святочны канцэрт - "Песня года-2009". Сёлета кампанiя АРС i Белтэлерадыёкампанiя стварылi сумесную расiйска-беларускую версiю шоу: перад 20-тысячнай аўдыторыяй у "Алiмпiйскiм" нароўнi з расiйскiмi зоркамi выступiлi Ядзвiга Паплаўская i Аляксандр Цiхановiч, "Беларускiя песняры", Iна Афанасьева, Аляксей Хлястоў, Руслан Аляхно, Наталля Падольская, Б'янка. Са звычнага дуэта вядучых таксама атрымаўся iнтэрнацыянальны квартэт - да Сяргея Лазарава i Леры Кудраўцавай далучылiся Анжэлiка Агурбаш i Дзянiс Дудзiнскi. А пакуль на сцэне гучалi як навiнкi, так i любiмыя хiты кшталту знакамiтай "Малiнаўкi", усюдыiсныя людзi з камерамi вывучалi закулiснае жыццё - уласна, рэпартаж аб iм абяцаюць паказаць разам з канцэртам.
1 студзеня 2010 года праграма "Добрай ранiцы, Беларусь" упершыню будзе складзена выключна па заяўках тэлегледачоў. Адна з чатырох пар вядучых, абраная лепшымi Дзедам Марозам i Снягуркай, 2 студзеня выйдзе ў эфiр лiтаральна з-пад ёлкi - з навагодняга ранiшнiка, якi адбудзецца ў самай вялiкай студыi на Макаёнка. Таксама 1 студзеня прапаноўваецца пагдядзець мюзiкл "Вельмi навагодняе кiно, альбо Ноч у музеi". Спецыяльна для тых, у каго не атрымалася адзначыць свята ў коле сям'i, бо выпала працаваць у навагоднюю ноч, увечары 2 студзеня выйдзе ў эфiр музычна-вiншавальны праект "За тых, хто на пасту".
Перад пачаткам першага працоўнага тыдня новага года, 3 студзеня, адбудзецца прэм'ера праграмы "Добрага здароўечка, краiна!". У першым выпуску беларускiя артысты падзеляцца досведам - як лепш за ўсё прыйсцi ў форму пасля працяглага святочнага застолля.

"ЛАД" вывучыць фiрмовыя рэцэпты Дзеда Мароза
А таксама падпяе песням з кiнафiльмаў i "жывому гуку" беларускiх выканаўцаў


Рыхтавацца да Новага года "ЛАД" прапаноўвае сваiм гледачам пад музыку: гатаваць (асаблiва стравы з народнай кухнi) - пад канцэрт ансамбля народнай музыкi "Бяседа", накрываць на стол i прамаўляць першыя тосты - пад хiты 60-х-90-х гадоў мiнулага стагоддзя, якiя прагучаць у праекце "Жывы гук" у выкананнi беларускiх i расiйскiх артыстаў. А можна крыху пачакаць, каб нагнаць апетыту, i сумясцiць гастранамiчнае задавальненне з музычным - ад трансляцыi канцэрта канадскай зоркi Браяна Адамса ў аўстралiйскiм замку Слейн. Альбо - калi душа просiць не iншых слухаць, а самому спяваць - яшчэ крыху пачакаць i прыбавiць гуку ў кiнакараоке "Любiмыя песнi ў любiмае свята".
Малых у навагоднiя святы чакае тры днi прыгодаў ад "Калыханкi": героям праграмы трэба будзе лiтаральна ратаваць Новы год ад падкопаў злосных персанажаў - але скончыцца ўсё добра, як i належыць казцы. Тых жа, хто не прапусцiць 2 студзеня праграму "Свая кампанiя", чакае сюрпрыз ад беларускага прапрадзеда Дзеда Мароза - Зюзi Паазёрскага: музычнае вiншаванне, фiрмовы рэцэпт зiмняй гарбаты i экскурсiя на галоўную ёлку краiны.
Па традыцыi, навагоднi эфiр будзе поўны кiнафiльмаў - гледачы ўбачаць усе прыгоды Д'артаньяна i трох мушкецёраў, усе часткi "Астэрыкса i Абелiкса", а таксама расiйскiя стужкi "Сiрата казанская", "Трое i сняжынка", савецкiя фiльм-казку "Снежная каралева" i "Вечары на хутары блiзу Дзiканькi", работу знакамiтага рэжысёра Эмiля Кустурыцы "Жыццё як цуд" i г.д.