26 красавіка прыгадаюць 30-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС

22.04.2016

"Звязда"

26 красавіка свет ушануе памяць загінулых, успомніць пра пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, якая адбылася роўна 30 гадоў таму. У эфіры тэлеканалаў "Беларусь 1", "Беларусь 3", "Беларусь 24", а таксама Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё запланаваны шэраг тэматычных праграм, дакументальных і мастацкіх фільмаў, прысвечаных гэтай журботнай даце.

З 25 па 28 красавіка ў эфіры "Беларусь 1" гледачы ўбачаць цыкл дакументальных фільмаў вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі "Зямля страчаная, зямля здабытая". Новы эксклюзіўны праект, дзе праз гісторыі канкрэтных людзей паказана не толькі трагедыя трыццацігадовай даўнасці, але і ліквідацыя наступстваў, якая працягваецца 30 гадоў (таксама выйдзе ў эфіры тэлеканала "Беларусь 24").

- Галоўная задача праекта - інфармацыйная, паколькі няведанне спараджае міфы і спекуляцыі на тэму наступстваў аварыі на ЧАЭС. Мы накіраваліся на ўкраінскую і беларускую тэрыторыі, каб пераканацца: вырашыць праблему цалкам немагчыма, але можна навучыцца з ёй жыць. У нашай краіне займаюцца даследаваннем, а галоўнае - ліквідацыяй наступстваў аварыі, - расказала аўтар цыкла "Зямля страчаная. Зямля здабытая" Ксенія Луцкіна.

26 красавіка ў эфіры "Беларусь 3" выйдзе спецыяльны выпуск праграмы "Кіно і час". На гэты раз кінахроніка будзе прысвечана Чарнобылю, а гісторыкі і кіназнаўцы ў студыі дапамогуць разабрацца, ці праўдзіва адлюстраваны падзеі на архіўных кадрах.

Алена ДРАПКО.