17 мая ў праграме "Калыханка" з'явіцца новы лялечны персанаж

13.05.2016

"Звязда"

Праграма "Калыханка" для самых маленькіх гледачоў падрыхтавала сюрпрыз. 17 мая ў чарговым выпуску на канале "Беларусь 3" з'явіцца новы лялечны персанаж - яноцік Цёма.

Хутка да любімых усімі мядзведзіка Топы, лісічкі Яны і Бусліка далучыцца герой, імя якому творчая група праекта выбірала з прапаноў хлопчыкаў і дзяўчынак на сайце тэлеканала. Спыніліся на варыянце Цёма, хоць былі і іншыя варыянты - Мілошык, Ярош, Сцёпа... У Цёмы будзе свая сакрэтная лабараторыя, дзе ён зможа праводзіць даследаванні і прыдумляць нешта новае і цікавае.

- Цёма - вялікі выдумшчык і вынаходнік! Ён ні дня не можа пражыць без займальных прыгод і эксперыментаў. Вельмі любіць прыхапіць чыюсьці рэч і папаласкаць яе ў вадзе. А што? Нічога ж страшнага, калі ён трохі выкупае Топаў тэлефон ці Янчын чаравік, - характарызуе новага героя выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 3" Ларыса Есарція.

Жарты новага героя ўрэшце даходзяць да таго, што ён палохае ўсіх навіной, нібыта сонца крыху "пахудзела" - ад яго адваліўся вялізны кавалак і ляціць на Зямлю... Калыханачныя героі ўпарта не жадаюць мірыцца з жартамі маленькага свавольніка, але з яноцікам не так лёгка справіцца. Што з гэтага выйдзе, можна будзе ўбачыць ужо 17 мая ў 20.40 на канале"Беларусь 3".

Алена ДРАПКО.