"100 песень для Беларусі..."

12.12.2013
"Белорусская нива", 12 декабря 2013 г.

 
У ноч на Новы год аўтары праграмы "Наперад у мінулае" ("Беларусь 3") сумесна з Маладзёжным тэатрам эстрады прэзентуюць унікальны праект.
У святочным канцэрце прагучаць народныя песнi ў сучаснай апрацоўцы з усіх куткоў нашай краіны. Соты выпуск праграмы "Наперад у мінулае" стане юбілейным канцэртам... На працягу двух гадоў здымачная група шукала народныя песні па ўсёй рэспубліцы і надавала ім новае гучанне. У праграме беларускія зоркі і маладыя артысты эстрады выконвалі народныя песні ў сучаснай аранжыроўцы. Падчас вялікага канцэрта "100 песень для Беларусі. Наперад у мінулае", які мы ўбачым у святочным эфіры 31 снежня, выкананы лепшыя музычныя кампазіцыі. Мы пабачым беларускія абрады, звязаныя са святкаваннем Ражства і Новага года... Да "гаспадароў", песенных калектываў з глыбінкі, завітаюць "госці": Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская, Іна Афанасьева і Ірына Дарафеева, Гюнеш і Аляксей Хлястоў, Саша Нема і Вольга Плотнікава, група "Дразды" і многія іншыя. "Зоркі" выканаюць старыя песні на новы лад і атрымаюць сімвалічныя падарункі. Акрамя таго, прагучаць дуэтныя кампазіцыі ў выкананні фальклорных калектываў і прафесійных спевакоў. Вядучыя канцэрта - Аксана Вечар і Юрый Вашчук. 

- Навагодняя ноч будзе складацца з дзвюх частак. У першай, скажам так, выступяць маладзейшыя артысты, у другой - больш "мэтраватыя". Не магу сказаць, што прагучаць лепшыя песні з праекта "Наперад у мінулае", проста яны больш адпавядаюць дадзенай пары года. Прагучыць якраз тая самая сотая песня, якую мы доўга шукалі. І мне здаецца, што гэтая песня вельмі ўдалая. І Юра Вашчук зрабіў добрую аранжыроўку, - распавёў падчас здымак Анатоль Вечар, рэжысёр праекта "Наперад у мінулае". - У першы раз мы паехалі ў экспедыцыю ў вёску Маршалкі Валожынскага раёна. Цудоўная вёска, цудоўныя жанчынкі. Усім было проста цікава працаваць над праектам. І мы не ведалі, ці будзе эфір. А ў выніку праграма "Наперад у мінулае" аказалася той "фішкай", якой няма ні на адным канале. 

- Прыемна, што на "Беларусь 3" выходзіць гэтая праграма, якая аб'ядноўвае дзве плыні: мінулае і сучаснае. Для мяне, як для аднаго з кіраўнікоў канала і чалавека, з фальклорнай спецыялізацыяй, вельмі прыемна, што песні, якія назапашваліся стагоддзямі, не прападаюць дарэмна... У канцы 2013 года праграма "Наперад у мінулае" падарыла Беларусі 100 песень мінулага, якія спеты па-сучаснаму... Лічу, што гэта падзея для краіны, таму што праект даў беларускай эстрадзе, нашым артыстам 100 аранжыровак. Такія праграмы, безумоўна, трэба падтрымліваць. І падтрымліваць тых, хто іх стварае, - лічыць намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 3" Сяргей Макарэй.

- Смела магу сказаць, што праект "Наперад у мінулае" болей чым удалы. Калі мне аднойчы патэлефанаваў Анатоль Вечар і сцісла расказаў пра ідэю праекта, я не казаў яму, што дам адказ праз пяць хвілін ці праз гадзіну, ці, маўляў, падумаю. А адразу адказаў: "Так! Згодны". Мне было цікава паспрабаваць... Усё чакаў першых здымак, каб паглядзець, у што гэта выльецца. І першыя праграмы мы паехалі здымаць на грамадскіх пачатках... Як правіла, спачатку зоркі, якіх запрашаюць у праграму, адносяцца да яе скептычна. Але потым кажуць: "Дык гэта ж хіт!" - дзеліцца Юрый Вашчук.

- Наша перадача набывае статус складанак і зборніка песень. У камандзіроўках бабулі нам гавораць: мы слухаем песні ў эфіры і на слых хуценька іх запісваем. Развучваем. Яны, можа, слова не так дачуюць, то самі прыдумаюць. І вось ствараецца нейкая новая песня, - падхоплівае Аксана Вечар.

Між іншым, адкрыем сакрэт і скажам, што ў навагоднім канцэрце прымуць удзел два любанскіх калектыва - "Глыбокія крыніцы" з вёскі Закальное і "Журавушка" з вёскі Ямінск - і "Гуляначка" з вёскі Путчына Дзяржынскага раёна, якія падрыхтавалі свае сюрпрызы. 

- Як трапілі ў праект? Па-першае, Любаншчына - гэта некрануты край фальклору. Здавалася, адзін раён, але песенная манера адрозніваецца на Любаншчыне. Вёска Ямінск - адна манера выканання, больш прыбліжаная да Палесся, Обчын - другая, Закальное - трэцяя. На Любаншчыне настолькі багаты рэпертуар! У вёсках выконваюць і каляндарна-абрадавыя, і аўтарскія, і іншыя песні...
У "Наперад у мінулае" запісалі дванаццаць нашых творчых калектываў. А чатырнаццаць нашых песень перапрацавалі на сучасны лад. І адна з іх - тая самая сотая. Гэта - "Талака", якую выконвае сямейны калектыў "Карані" з вёскі Атраднае. Песня глыбінна народная, адлюстроўвае характар беларусаў. І гэты прынцып талакі для беларусаў вельмі адметны, і нават сімвалічны, паколькі і перадача "Наперад у мінулае" робіцца талакой, - кажа начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец. - Між іншым, у нас тры калектывы маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці... "Наперад у мінулае" - цудоўны праект. Бо ў нас вельмі мала перадач пра традыцыйную культуру.
Калі на Любаншчыну кожны раз прыязджае здымачная брыгада - гэта падзея для мясцовых людзей. Асабліва для бабулек. Яны нават душой маладзеюць. Увогуле на Любаншчыну любяць ездзіць розныя тэлеканалы. Каля 20 перадач у год запісваем...
 
Алена Хадароўская - кіраўнік аўтэнтычнага фальклорнага гурту "Журавушка" з Любанскага раёна прыехала разам са сваімі артысткамі на здымкі навагодняга канцэрта. Яна - самая маладзейшая ў калектыве. У іх рэпертуары песні розныя, але самы вялікі пласт - гасцявыя.
- У святочным эфіры "Журавушка" будзе спяваць "Зайшло сонца за ваконца" і "Каваля" разам з Вікторыяй Алешка. Візітка нашага калектыву - "Пайшла Ганна жыта жаць...", - дзеліцца Алена Хадароўская. - Праект "Наперад у мінулае" вельмі падабаецца. Спадабалася нашым вясковым артысткам, што іх песню "Каваль" у праграме ніхто не сапсаваў. Добра яе выканалі...
Узрост удзельніц "Журавушкі" розны. Самай старэйшай Зінаідзе Раманчук - 76 гадоў. Зінаіда Іванаўна ўсміхаецца: "Ужо няма канца і краю, колькі мы спяваем. Як была маладая, дзе ішла, там і спявала. Так любіла і хацела на артыстку паступіць. А брат мой сказаў: "Не трэба ісці на артыстку". І я паслухала. Пайшла ў калгас на працу. Дык вось усё роўна спяваю з людзьмі. А жыву ў канцы сяла, і калі тэлевізіёншчыкі прыязджаюць, у мяне праводзяць рэпетыцыі".
Калектыў "Глыбокія крыніцы" вёскі Закальное Любанскага раёна, якім кіруе Надзея Мірэйчык, таксама не ўпершыню трапіў у аб'ектывы тэлекамер: "Мы і ў Літве пабывалі, там лаўрэатамі сталі... І на іншых конкурсах. Здымаемся не першы раз. Пятнаццаць з паловай гадоў назад нас здымалі ў праекце "Запрашаем на вячоркі". А нашы бабулькі спяваюць з самага маленства. Гурту больш за 75 гадоў! Проста раней калектыў па-другому называўся - хор калгаса "Будаўнік". І першы яго кіраўнік - Анастасія Кульбіцкая...
"Наперад у мінулае" - праект вельмі добры. Справа ў тым, што моладзь сёння цяжка зацягнуць у клуб, каб яна спявала, пераймала спевы ад бабулек. А так нехта па тэлебачанні нас убачыць, глядзіш, ужо ахвота з'явіцца прыйсці ў клуб... Перадачу глядзім, праект вельмі цікавы сам па сабе. Трэба, каб "Наперад у мінулае" і далей ішоў і ішоў па тэлебачанні. Таму што ў нас шмат яшчэ калектываў, якія ніхто не чуў, не бачыў. Яны вядомыя толькі ў сваім асяроддзі. Іх трэба паказваць".
Дарэчы, "Гуляначка" з Дзяржынскага раёна, якім кіруе Таццяна Карсакова, на святочным канцэрце на Новы год выканае прыпеўкі, якія напісалі менавіта для праекта, для яго калектыву і кіраўніцтва. Разам з Аляксеем Хлястовым зацягне "Пастой, дзеўка, куды йдзеш". "Аляксей Хлястоў прыязджаў да нас разам з групай "Наперад у мінулае". Цікава было з ім: пагаварылі, пачаставалі. Казаў, што яшчэ прыедзе, - завяршае размову Таццяна Карсакова. - А праграме "Наперад у мінулае" жадаем: "Соты выпуск той праграмы ўжо выйшаў на экраны. Ну а мы жадаем вам яшчэ тысячу праграм!"

Вера ГНІЛАЗУБ, "БН".