100 на 1

28.11.2014
"Звязда", 28 лістапада 2014 г.


Ахвотнікаў выцягнуць шчаслівы білецік на "Еўрабачанне"сёлета пабольшала. Арганізатары нацыянальнага адборачнага тура Міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачанне?2015" падвялі першыя вынікі прыёму заявак.
Як расказала "Звяздзе" кіраўнік прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская, на 26 лістапада было атрымана больш за 110 заявак, прычым як ад выканаўцаў, так і ад аўтараў песень. Да праслухоўвання ўжо дапушчаны 100 удзельнікаў. Аднак гэтыя лічбы не канчатковыя, бо яшчэ прыходзяць бандэролі, адпраўленыя ў апошні дзень прыёму заявак - 21 лістапада. Дарэчы, летась колькасць ахвотнікаў была крыху меншай: у папярэднім праслухоўванні ўдзельнічалі 90 выканаўцаў і калектываў.
Сярод тых, хто жадае прадставіць нашу краіну ў маі наступнага года ў Вене, хапае і новых імёнаў, і ўжо добра знаёмых публіцы артыстаў, і нават своеасаблівых "ветэранаў" нацыянальнага адбору, якія штурмуюць музычны конкурс далёка не ў першы раз. Так, заяўкі на ўдзел падалі гурты "Napolі", "Інжыр", "Аўра" і "Swіtter boys" (апошнія зноў паклічуць на дапамогу сясцёр-блізнят Кароль), створаны пасля конкурсу "Містар Беларусь" хлапечы дуэт "Mіsters" і загадзя нашумелы дзявочы гурт "Mіlkі", які спецыяльна для конкурсу сабраў (і для якога напісаў песню) Аляксандр Рыбак, а таксама Жанет, Віталь Варанко, дуэт Юзары і скрыпачкі Маймуны, прадстаўнікі прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Аляксей Грос і Дарыя. І нават - хто б мог падумаць! - Гюнеш, якая пасля ўзяцця шлюбу не спыніла кар'еру спявачкі, а, здаецца, наадварот, атрымала другое дыханне. У кожнага з выканаўцаў і груп ужо загадзя падрыхтаваны свае "фішкі", якімі плануецца здзівіць журы і публіку: музычныя, моўныя, сцэнічна-эпатажныя - і настрой ва ўсіх баявы.
Каму з іх пашанцуе трапіць у лік фіналістаў адбору, стане вядома ўжо на наступным тыдні: 4 і 5 снежня ў студыі Белтэлерадыёкампаніі пройдзе праслухоўванне, а 5 снежня ўвечары прафесійнае журы агучыць свой вердыкт. Фінальны ж канцэрт, нагадаем, адбудзецца 26 снежня і абяцае быць, нягледзячы на зіму, вельмі гарачым...