1 мая на "Беларусь 1" стартуе праграма "Народная раніца"

29.04.2016

"Звязда"

Свята працы - 1 мая - у эфіры "Беларусь 1" пачнецца з прэм'еры праграмы "Народная раніца". Гэта сумесны праект Белтэлерадыёкампаніі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Рыхтуе яго творчая каманда журналістаў тэлерадыёкампаніі "Віцебск".

Стваральнікі праекта выбралі цікавы фармат - камандзіроўка па пісьмах. Кожны ахвотны можа накіраваць ліст на адрас: штаб-кватэра ФПБ, пр. Пераможцаў, 21, 220126, Мінск з расповедам пра чалавека, патлумачыўшы пры гэтым, чаму менавіта ён павінен стаць героем праграмы.

Далей вядучы са здымачнай групай прыязджае ў госці да выбранага героя. У кожны выпуск "Народнага раніцы" будуць уключаны спецыяльныя рубрыкі-сюжэты.

- Удзельнікам праграмы можа стаць і кожны жыхар таго раёна, адкуль і галоўны герой выпуску, - распавяла куратар праекта ад Белтэлерадыёкампаніі, загадчыца аддзела вытворчасці тэлевізійных праграм ТРК "Віцебск" Ксенія Асмалоўская. - Напярэдадні прыезду "народнага аўтобуса", які лёгка пазнаць па лагатыпу нашай праграмы, у мясцовых СМІ і працоўных калектывах будзе абвешчана пра дату і час сустрэчы з экіпажам "Народнай раніцы". У яго складзе - прафсаюзныя лідары, артысты, юрысты, лекары і іншыя спецыялісты, гатовыя даць кансультацыю.

Алена ДРАПКО.