"Славянскі базар - 2016"

"Славянскі базар у Віцебску - 2016" у эфіры тэле- і радыёканалаў Белтэлерадыёкампаніі

"Славянскі базар у Віцебску - 2016"Адной з самых яркіх і відовішчных падзей у эфіры тэле- і радыёканалаў галоўнага медыяхолдынга краіны гэтым летам стане юбілейны XXV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які пройдзе з 14 па 18 ліпеня.
 
На працягу шматлікіх гадоў Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь, выступаючы галоўным вяшчальнікам і адным з арганізатараў фестывалю, займаецца ўсебаковай падтрымкай буйнога сацыякультурнага праекта, а таксама стварэннем якаснага тэлевізійнага кантэнту, запатрабаванага як у эфіры беларускіх каналаў, так і на іншых тэлевізійных пляцоўках.

Традыцыйна Белтэлерадыёкампанія пакажа асноўныя мерапрыемствы "Славянскага базару", правядзе запіс лепшых канцэртных праграм для далейшага выкарыстання ў тэле- і радыёэфіры сваіх каналаў, а таксама для абмену відэа- і аўдыяматэрыяламі з замежнымі партнёрамі і калегамі. Для гэтага ў Віцебску пад кіраўніцтвам Генеральнага прадзюсарскага цэнтра медыяхолдынга будзе працаваць каманда першакласных спецыялістаў, найноўшае відэаабсталяванне і самая сучасная тэлевізійная тэхніка. 

14 ліпеня ў 22:00 у эфіры "Беларусь 1" і "Беларусь 24" гледачы ўбачаць цырымонію ўрачыстага адкрыцця "Славянскага базару ў Віцебску - 2016". У вялікім маляўнічым канцэрце прымуць удзел такія вядомыя выканаўцы і калектывы як Ала Пугачова, Валерый Лявонцьеў, Ларыса Доліна, Максім Галкін, Крысціна Арбакайтэ, Сяргей Лазараў Надзея Бабкіна і тэатр "Руская песня", балет Сяргея Мандрыка STREET-JAZZ (Расія), Анатоль Ярмоленка, Алёна Ланская, Пётр Ялфімаў, Руслан Аляхно, ансамбль "Беларускія песняры" (Беларусь), Палад Бюль-Бюль аглы (Азербайджан), Карынэ Асіран (Арменія), Мікалай Манолаў (Балгарыя), Томас Андэрс (Германія), Дымаш Кудайберген (Казахстан), Саманта Ціна (Латвія), Радрыга дэ ла Кадэна (Мексіка), Майкл Болтан (ЗША) і многія іншыя. Вядучыя - Алена Спірыдовіч, Вольга Рыжыкава (Беларусь), Уладзімір Бярэзін, Дзмітрый Губерніеў, Ірына Мядзведзева (Расія), Аксана Антанюк і Цімур Мірашнічэнка (Украіна).

15 ліпеня ў 22:00 тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24" пакажуць у прамой трансляцыі канцэртную праграму Акадэмічнага ансамбля песні і танца Расійскай арміі імя А.В. Аляксандрава "Саюзная дзяржава запрашае…". На сцэну Летняга амфітэатра выйдуць Ларыса Доліна, Надзея Бабкіна, Ксенія Дзяжнёва, Вітольд Пятроўскі, Анатоль Ярмоленка і ансамбль "Сябры", Мікалай Скорыкаў і многія іншыя. Вядучыя - Алена Спірыдовіч і Арцём Камінскі. 

15 ліпеня ў 23:30 тэлеканал "Беларусь 2" пакажа паўфінал XXV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2016" "Нацыянальны хіт".

16 ліпеня ў 22:00 "Беларусь 1" і "Беларусь 24" у прамым эфіры пакажуць XXV Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2016". Фінал. Дзень першы: "Славянскі хіт". Удзельнікі конкурсу выступяць у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. У другім аддзяленні канцэрта гледачоў чакае сустрэча з зоркамі, сярод якіх Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч (Беларусь), Наталля Магілёўская (Украіна), Дамір Кеджа (Харватыя) і іншыя. Вядучымі вечара стануць Кацярына Раецкая і вядучы самай ранішняй праграмы галоўнага тэлеканала краіны - "Добрай раніцы, Беларусь!" - Дзяніс Дудзінскі.

17 ліпеня ў 22:00 у прамой трансляцыі на "Беларусь 1" і "Беларусь 24" - дзень другі фіналу XXV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2016": "Фестывальны хіт". Удзельнікі выступяць у суправаджэнні фанаграмы "-1". Сярод запрошаных гасцей вечара - Джэмал Сепіяшвілі (Грузія), Нагіма Ескаліева (Казахстан), Канстанцін Масковіч (Малдова) і іншыя. Вядучыя: Кацярына Раецкая і Дзяніс Дудзінскі.

Урачыстае закрыццё фестывалю "Славянскі базар у Віцебску - 2016", якое адбудзецца 18 ліпеня ў 22:00, таксама пакажуць тэлеканалы "Беларусь 1" і "Беларусь 24". У грандыёзным канцэрце прымуць удзел Валерый Лявонцьеў, Алена Ваенга, Аляксандр Разенбаум, Міхаіл Шуфуцінскі, Любоў Успенская, Аляксандр Буйноў, Дзіяна Арбеніна і група "Начныя снайперы", арт-групы "Хор Турэцкага" і "Сапрана Турэцкага", Марына Дзявятава, Методые Бужор, Глеб Мацвяйчук, Аліна Артц, Ягор Крыд, Аляксей Гоман, Міхаіл Нікіцін, Юліяна Каравулава, Джыган, Мот, групы "Банд'эрас", Mband, "Баян MIX" (Расія), Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, ансамбль "Песняры" (Беларусь), Iyeoka (ЗША), Anna Naklab (Румынія), Loboda (Украіна), Аляксандр Рыбак (Нарвегія), Imany, Willy William (Францыя) і іншыя. Вядучыя вечара: Дзяніс Дудзінскі Кацярына Раецкая (Беларусь), Аліна Артц, Іван Чуйкоў і Эдгар Запашны (Расія).

Апроч гэтага, Генеральны прадзюсарскі цэнтр Белтэлерадыёкампаніі правядзе запіс святочных юбілейных канцэртаў "Віцебск збірае сяброў" і "25 імгненняў лета". Гала-канцэрт зорак беларускай і расійскай эстрады "Віцебск збірае сяброў" выйдзе ў эфір тэлеканала "Беларусь 2" 16 ліпеня ў 15:00. Канцэртная праграма "25 імгненняў лета" збярэ на адной сцэне ўладальнікаў Гран-пры і лаўрэатаў Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" розных гадоў, выступленні якіх гледачы "Беларусь 2" убачаць 17 ліпеня ў 14:20. 

Шырока асвятляць віцебскі форум будзе Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі: сачыць за падзеямі міжнароднага форуму можна будзе ў выпусках "Навін", праграме "Панарама" і праекце "Галоўны эфір" на "Беларусь 1". Апроч гэтага, запланаваны прамыя ўключэнні журналістаў АТН са святочнай цырымоніі адкрыцця і ўрачыстага закрыцця фестывалю.

Матэрыялы пра культурны форум і эксклюзіўныя інтэрв'ю таксама будуць прапанаваны ў праграме "Добрай раніцы, Беларусь!".
У прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 2" будзе выходзіць праект "ПІН_КОД", здымачная група якога адправіцца ў Віцебск. Анонс кожнага выхаду праграмы можна будзе ўбачыць у праекце "Тэлераніца".

Штодзённы фестывальны дайджэст будзе падрыхтаваны праграмай "Калейдаскоп" на канале "Беларусь 3". 

Традыцыйна актыўна будзе ўдзельнічаць у асвятленні падзей фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" і Беларускае радыё, у эфіры каналаў і станцый якога запланавана вялікая колькасць тэматычных інфармацыйных і музычных праграм. Так, на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 14 ліпеня ў 20:30 у прамой трансляцыі можна будзе пачуць урачыстае адкрыццё "Славянскага базару ў Віцебску - 2016". Штодня ў праграме "Нясумны перапынак" Першы нацыянальны канал прапануе слухачам "Дзённік фестывалю". Таксама канал арганізуе запіс сольных і зборных канцэртаў для далейшага выкарыстання ў радыёэфіры. 
 
Дзякуючы трансляцыям у эфіры міжнароднага спадарожнікавага тэлеканала "Беларусь 24" канцэрты "Славянскага базару" змогуць убачыць жыхары розных куткоў планеты. Сачыць за канцэртнымі праграмамі фестывалю можна будзе і з дапамогай анлайн-трансляцый на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by.

Глядзіце і слухайце "Славянскі базар у Віцебску - 2016" на тэлеканалах і радыёстанцыях Белтэлерадыёкампаніі!