"Лістапад 2016"

Лістапад 2016

XXIII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" пройдзе з 4 па 11 лістапада 2016 года пад слоганам "Насустрач натхненню".

У фестывалі прымуць удзел 159 карцін з 45 краін.

Праграма фестывалю ўключае:

- асноўны конкурс ігравога кіно;

- конкурс "Маладосць на маршы";

- конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лiстападзiк";

- асноўны конкурс дакументальнага кіно;

- конкурс нацыянальных кінашкол;

- нацыянальны конкурс.

У шырокай пазаконкурснай праграме ўдзельнічаюць лепшыя дакументальныя і ігравыя карціны фестывальнага сезона 2016 г.

У рамках "Індустрыяльнай платформы" прафесіяналы сустрэнуцца для абмеркавання актуальных задач фарміравання нацыянальнай кінаіндустрыі. Упершыню ў рамках "Індустрыі" пройдзе адукацыйны пітчынг і сцэнарнае сватаўство.

Дадатковая праграма фестывалю ўключае тры выставы:

- "Фільмы Анджэя Вайды ў сусветным кінаплакаце" (2-11 лістапада, Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага);

- юбілейная выстава і рэтраспектыўныя паказы "Яніс Стрэйч: фільмы, людзі, эпоха" (3-11 лістапада, Музей беларускага кіно);

- выстава пра нямое кіно ў Беларусі "Час нямых зорак. Ад чорна-белага да чырвонага" (5.11 - 15.01, Нацыянальны гістарычны музей).

Пляцоўкі фестывалю - кінатэатр "Цэнтральны", "Мір", "Піянер", "Перамога", Музей гісторыі беларускага кіно.

Дырэкцыя XXIII ММКФ "Лістапад" - Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Арганізатары - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускага саюза кінематаграфістаў.