70-годдзе Перамогі

Тэлеканал "Беларусь 1" і Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне прапануюць маштабныя праекты і ўнікальныя інтэрв'ю відавочцаў самай страшнай вайны дваццатага стагоддзя.

Наша Перамога і нашы ветэраны. Шэсць рэальных гісторый, героі якіх ваявалі за Радзіму і разам распісаліся на Рэйхстагу. З 3-га красавіка кожную пятніцу ў спецыяльным праекце "Нашы" - толькі ветэраны і кожны з іх распавядзе пра сваю вайну.

З 6 красавіка на "Беларусь 1" у рамках праграмы "Панарама" пачне выходзіць штодзённая рубрыка "Лісты Вайны". Што думалі, пра што марылі і як жылі салдаты 70 гадоў назад. Нявыдуманыя гісторыі, напісаныя ў акопах пад гуд кананады савецкіх гармат. Журналісты АТН знайшлі лісты ў архівах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гледачы "Беларусь 1" стануць першымі, хто даведаецца пра іх змест.

З 12 мая ў эфіры галоўнага тэлеканала краіны 4-серыйны дакументальны цыкл "За секунду да подзвігу". Фільмы распавядуць аб подзвігах, якія здзейснілі беларускія танкісты і лётчыкі на тэрыторыі нашай краіны. У кожнай серыі будуць апісаны гісторыі двух подзвігаў - усяго восем.

Аўтар і вядучы дакументальнага цыкла "За секунду да подзвігу", спецыяльны карэспандэнт АТН Руслан Туркоў: "Выхаду праекта папярэднічаў працяглы падрыхтоўчы перыяд. На працягу трох месяцаў я збіраў матэрыялы, наведваў музеі, у тым ліку Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, сустракаўся з гісторыкамі, вывучаў тэматычную літаратуру, таксама выкарыстаў вопыт стварэння ранейшых праграм, у прыватнасці, дакументальнага цыкла "Сімвал Перамогі". Каб выбраць дакладна восем тэм, прыйшлося шмат папрацаваць. Жадалася пра ваенныя падзеі распавесці шырэй, і, па магчымасці, з відавочцамі".

Здымкі праекта праходзілі ў Германіі, Расіі і Беларусі. Журналісты пабывалі ў Берлін-Гатаве - месцы, дзе знаходзіцца музей ваенна-паветраных сіл Германіі Люфтвафе, у нацысцкім канцэнтрацыйным лагеры пад назвай "Заксенхаўзен", а таксама ў нямецка-расійскім музеі "Берлін-Карлсхарст" і іншых месцах.

У фільмах будзе выкарыстана камп'ютарная графіка. З яе дапамогай вядучы апынецца ў цэнтры падзей, будзе каменціраваць акалічнасці бою. Акрамя таго, у праекце прапісаны і чалавечыя лёсы. Гледачы даведаюцца пра сапраўдных герояў, якія здзейснілі тыя самыя подзвігі, якія прывялі народы і краіны да Вялікай Перамогі. На думку стваральнікаў праекта, ён не мае геаграфічных меж і арыентаваны на рускамоўную аўдыторыю, якая думае, па ўсім свеце.