Навагодняе шоу "Вялiкая рознiца" на Першым!
31 снежня Першы канал пакажа эксклюзіўнае навагодняе шоу "Вялiкая рознiца". Тэлегледачы ўбачаць пародыі на зорак беларускага шоу-бізнесу, якія былі на пагалосцы ў 2010 годзе.
"Вялiкая рознiца" - гэта аналаг расійскага шоу пародый "Большая разница". Галоўнае адрозненне - у нашым праекце ўсё беларускае: сюжэты з нашага жыцця, акцёры, аўтары. Нязменнымі засталіся толькі бліскучы гумар і вядучыя Іван Ургант і Аляксандр Цакала.
У навагоднюю ноч тэлегледачы Першага ўбачаць пародыі на Анатоля Ярмоленку, Алесю, ансамбль "Песняры", Аляксандра Саладуху, Аляксандра Ціхановіча і Ядвігу Паплаўскую, Анжаліку Агурбаш, Барыса Майсеева, Дзмітрыя Калдуна, Георгія Калдуна, саліста гурта "J:mors" Уладзіміра Пугача, гурт "Цягні-Штурхай", тэатр гумару "Хрыстафор", карэспандэнта АТН (Першы канал) Міхаіла Равуцкага, Святлану Бароўскую і іншых тэлевядучых і зорак беларускай эстрады. Кожны спарадзіраваны вобраз быў прапрацаваны да драбнюткіх дэталяў.
Нагадаем, як усё гэта пачыналася. У маі Першы канал аб'явіў кастынг акцёраў для "Вялiкай рознiцы". У ім прынялі ўдзел больш чым 100 чалавек. З іх былі адабраныя для далейшай работы ў праекце 10 акцёраў. Падрыхтоўка навагодняга шоу "Вялiкая рознiца" доўжылася сем месяцаў.
Што цікава, падчас кастынгу для "Вялiкай рознiцы" акцёры часцей за ўсё парадзіравалі карэспандэнта Міхаіла Равуцкага (АТН, Першы канал), а таксама... Леніна і Брэжнева.