У Балгарыі перамагае партыя "Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі"

27 марта 2017

На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Балгарыі перамагае партыя "Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі" (ГЕРБ) на чале з былым прэм'ер-міністрам Бойка Барысавым. Паводле звестак экзітполаў, за яе прагаласавала амаль 32% выбаршчыкаў. На другім месцы галоўны канкурэнт пераможцаў - Балгарская сацыялістычная партыя, якая набрала 28,5%. Трэцяй сілай у новым парламенце стане кааліцыя "Аб'яднаных патрыётаў" з 9% галасоў.

Бойка Барысаў, лідар партыі "Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі":

"Найперш я хачу выказаць павагу ўсім тым, хто галасаваў за іншыя партыі. Вынікі, якія мы зараз бачым, ужо бясспрэчныя. Некалькі месяцаў таму я падаў у адстаўку, таму што прытрымліваюся дэмакратычных прынцыпаў. Сёння мы пачулі волю народа. Жыхары Балгарыі зрабілі свой выбар. ГЕРБ павінен быць вядучай партыяй у кіраванні краінай".

Акрамя таго, Барысаў засведчыў, што пры фарміраванні ўрада будзе ўлічваць усе памылкі і неразумныя кампрамісы, якія былі дапушчаныя раней. Партыя "Грамадзяне за еўрапейскае развіццё Балгарыі" (ГЕРБ) абяцае паскорыць працэс далучэння краіны да еўразоны, павялічыць мінімальную зарплату, больш актыўна змагацца са злачыннасцю і карупцыяй.