Паводле папярэдніх звестак, Нурсултан Назарбаеў набраў 97,7% выбаршчыкаў

27 апреля 2015

Сваім апанентам дзеючы кіраўнік дзяржавы  пакінуў крыху  больш за  2% на дваіх. Першыя афіцыйныя лічбы і заявы назіральнікаў - у рэпартажы Кацярыны Бірэцкай з Астаны.

Мінулай ноччу ў Казахстане не спалі  не толькі выбаркамы, якія падлічвалі галасы выбаршчыкаў, але і, па сутнасці, уся краіна. Для таго, каб выйсці на вуліцы і святкаваць перамогу Нурсултана Назарбаева,  дастаткова  было ўжо звестак эксіт-полу, якія з'явіліся бліжэй да паўночы і канстатавалі безумоўную перамогу дзеючага кіраўнікі дзяржавы з вынікам  97,5%.

А ўжо сёння раніцай, падчас абвяшчэння кіраўніком Цэнтрвыбаркама краіны першых вынікаў падліку галасоў,  высветлілася  - звесткі эксіт-полу ад афіцыйных адрозніваюцца толькі на 0,2%. На пазачарговых выбарах прэзідэнта Казахстана ў Назарбаева - пераможныя 97,7.

Перамога прыгожая і - цалкам сабе чаканая - менавіта гэтая фраза часцей за   іншых сёння гучала з вуснаў міжнародных назіральнікаў.

Увогуле   за пазачарговымі выбарамі прэзідэнта Казахстана сачылі гэтым разам больш  за тысячу замежных назіральнікаў, уключаючы прадстаўнікоў СМІ. Толькі ў складзе місіі СНД - звыш 400 экспертаў. Большасць з іх  сёння ўжо агучылі вынікі сваіх назіранняў, адзначыўшы ў якасці станоўчых  момантаў  добрую падрыхтоўку і арганізацыю выбараў, каласальную актыўнасць выбаршчыкаў і - адсутнасць якіх-небудзь сур'ёзных парушэнняў. Выніковыя справаздачы місій, вядома, з'явяцца значна пазней. Што ж да вынікаў, то тут таксама  кропку ставіць рана, лічбы пакуль папярэднія, але, у той жа  час, паводле  заканадаўства, канчатковыя вынікі выбараў ЦВК Казахстана абавязаны аб’явіць  не пазней чым  3 мая.

А вось звесткі  па яўцы выбаршчыкаў сёння ўжо атрымалі статус "выніковых". Лічба, у параўнанні  з учарашняй,  крыху  павялічылася. Канчатковы вынік - 95,22%. Такога, гавораць у ЦВК, у гісторыі Казахстана яшчэ не было. З крыху  больш  як дзевяці з паловай мільёнаў казахстанцаў, якія мелі права голасу, свой выбар напярэдадні зрабілі больш чым мільён  чалавек.