Свет смуткуе па ахвярах тэракта ў Манчэстэры

24 мая 2017

Людзі нясуць кветкі і свечкі да будынкаў пасольства Злучанага Каралеўства. Галоўныя славутасці планеты мінулай ноччу або адключылі падсветку, або афарбавалі яе ў колеры брытанскага флага ў знак салідарнасці.

У Вялікабрытаніі на акцыі памяці прыйшлі тысячы чалавек. Тым часам узровень тэрарыстычнай пагрозы ў краіне павышаны да максімальнага - крытычнага. Пра гэта паведаміла прэм'ер-міністр Тэрэза Мэй, падкрэсліўшы, што зараз атакі не толькі магчымыя, але і непазбежныя. Бяспеку на вуліцах гарадоў будуць гарантаваць вайскоўцы. Паведамляецца, што выканавец тэракта - 22-гадовы Салман Абедзі - нядаўна здзейсніў паездку ў Лівію. Паліцыя і разведслужбы спрабуюць устанавіць, ці мог ён праходзіць падрыхтоўку ў лагеры баевікоў. Следства не выключае, што за атакай можа стаяць група асоб. Адказнасць за выбух узяла на сябе групоўка "Ісламская дзяржава". Паводле апошніх звестак, загінуўшых 22 чалавекі, яшчэ 59 параненыя. Паміж тым, як паведаміў сёння Скотланд-Ярд, з лонданскага рэйса ў Турцыю знялі падазронага ў тэрарызме. Падкрэсліваецца, што гэтае затрыманне ніяк не звязанае з нападам у Манчэстэры. Мужчына, на думку вартавых парадку, планаваў з Турцыі накіравацца ў Сірыю.